«Уцекачы дзеляцца на першы і другі класы — па колеры скуры, у залежнасці ад таго, адкуль ён — з развітой або слабаразвітай краіны. Мы расісты, і гэта дрэнна», — сказаў Папа Францішак.

Гэтым ён тлумачыць тое, што многія краіны прынялі бежанцаў з разбуранай вайной Украіны лепш, чым уцекачоў з іншых частак свету. Адначасова ён заявіў, што прызнае права краін абараняцца, але, па ягоных словах, агульная адмова ад вінаў свету з'яўляецца вялікай праблемай.

«Мы жывём ідэяй, што мы забіваем адзін аднаго з-за неабходнасці ўлады, бяспекі, у многіх рэчах. Я разумею ўрады, якія купляюць зброю. Я іх разумею, але не ўхваляю», — заявіў Папа Рымскі.

Перад гэтым задуманыя Ватыканам планы сімвалічнага прымірэння Украіны і Расіі выклікалі пратэсты ўкраінскай абшчыны Італіі і амбасадара Украіны пры Найсвяцейшым троне Андрэя Юраша.

Паводле ватыканскага сцэнарыя, падчас сёлетняй Крыжовай дарогі на XIII стацыі крыж мусілі несці ўкраінка і расіянка: Ірына і Альбіна, якія пераехалі ў Італію два дзесяцігоддзі таму і разам працуюць у хоспісе. Такі крок у Ватыкане тлумачылі спробай шукаць прымірэння, але ўкраінскі бок не лічыць такую акцыю дарэчнай у цяперашніх умовах, паколькі яна размывае розніцу паміж агрэсарам і ахвярай.

Ірына і Альбіна

Ірына і Альбіна

Тым не менш, ад папярэдняга сцэнарыя ў Ватыкане адступілі толькі часткова.

Ірына і Альбіна ўсё ж такі пранеслі разам крыж да Калізея. У той жа час першапачатковы тэкст прынагоднай малітвы быў значна скарочаны і з яго быў выключаны ўрывак, дзе гаварылася пра «брацкія народы».

Клас
5
Панылы сорам
23
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
2