Па запісе можна выказаць здагадку, што апублікаваны фрагмент з'яўляецца часткай больш працяглага дыялогу.

Мужчынам аказаўся Раман Быкоўскі, былы баец тэрміновай службы Расгвардыі, а затым — вайсковец 108-га гвардзейскага дэсантна-штурмавога палка, які ўдзельнічаў у анэксіі Крыма. Менавіта сюды ён не так даўно перавёз сваю сям'ю з Расіі.

«Мне нічога не кажы!»

— Так, ты давай там, украінскіх баб гвалтуй, так? І мне нічога не кажы. Зразумела? (смяяцца).

— Гвалтаваць і табе нічога не казаць?

— Так, каб я нічога не ведала. А што? (смяяцца).

— Можна, так?

— Так, дазваляю. Толькі засцерагайся!

— Добра.

Ва Украіне з пачатку вайны зафіксавана мноства сведчанняў сэксуальнага гвалту з боку расійскіх вайскоўцаў у дачыненні да ўкраінскіх грамадзян.

8 красавіка Людміла Дзянісава, упаўнаважаная па правах чалавека ва Украіне, звярнулася ў ААН з просьбай расследаваць такія выпадкі — згвалтавання 14-гадовай дзяўчынкі, 11-гадовага хлопчыка і 20-гадовай жанчыны ў Бучы і Ірпені Кіеўскай вобласці.

12 красавіка жыхарка вёскі Малая Рогань у Харкаўскай вобласці распавяла тэлеканалу «Настоящее время», як расійскі салдат забраў яе дачку і згвалціў ў школе.

Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch яшчэ 4 сакавіка апублікавала даклад, у якім згадваюцца выпадкі згвалтаванняў у Марыупалі і Чарнігаўскай вобласці.

Журналісты агенцтва France Press пагаварылі з жанчынай з акупаванага Расіяй Херсона, якая расказала ім, што яе згвалтавалі расійскія жаўнеры. «Яны проста моўчкі павалілі мяне на ложак, моўчкі распранулі. А чацвёртай гадзіне раніцы яны проста сышлі. Яны паміж сабой не размаўлялі. Проста абзывалі хахлушкай, бандэраўкай. І потым сказалі: «Добра, усё, нам на пост заступаць. Мы пайшлі».

Дывізія імя Дзяржынскага

Вольга і Раман Быкоўскія

Вольга і Раман Быкоўскія

Менавіта ў Херсонскай вобласці ў красавіку 2022 года, як удалося даведацца «Схемам», знаходзіўся ў момант размовы па тэлефоне расіянін, якому ягоная жонка «дазволіла» гвалтаваць «украінскіх баб».

Ад крыніц у праваахоўных органах Украіны журналістам «Схемаў» сталі вядомыя тэлефонныя нумары абанентаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай гутарцы.

Як высветліла Радыё Свабода, гэтыя нумары выкарыстоўваліся пры рэгістрацыі двух акаўнтаў у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте»: на імя 27-гадовага Рамана Быкоўскага і Вольгі Быкоўскай, у дзявоцтве — Пінясавай. Муж і жонка выхоўваюць сына, яму 4 гады.

Раман і Вольга родам з Арла. Акаўнт Быкоўскага зачынены, але ён ёсць у сябрах у Аляксея Забрусава, і з іх сумесных фатаграфій відаць, што яны разам праходзілі ў 2016 годзе тэрміновую службу ў асобнай дывізіі аператыўнага прызначэння імя Дзяржынскага войскаў Нацыянальнай гвардыі Расіі.

У Забрусава таксама ёсць фатаграфіі, якія можна геалакаваць як знятыя ў Балашысе, на тэрыторыі штаба дывізіі.

Пераезд у Крым

«Дачакалася!» — піша Вольга Быкоўская пра Рамана, публікуючы іх сумесную фатаграфію, зробленую 26 кастрычніка 2016 года пасля яго дэмабілізацыі. Аб'явы на сайце «Авіта», якія Раман Быкоўскі размяшчаў у 2018 годзе, дазваляюць зрабіць выснову, што пасля заканчэння тэрміновай службы яны з жонкай і сынам перабраліся ў анексаваны Расіяй Крым.

Адсюль жа, з Феадосіі, неўзабаве пачынае публікаваць фатаграфіі ў сваіх «Аднакласніках» і маці Быкоўскага, Ірына. Так, некалькі здымкаў зробленыя ля мясцовай славутасці — «Фантана закаханых».

З каментароў Вольгі Быкоўскай у «ВКонтакте» можна зрабіць выснову, што сям'я жыве ў Феадосіі і цяпер: напрыклад, 19 студзеня 2022 года Вольга скардзілася, што не змагла трапіць на прыём да мясцовага касметолага, а 13 лютага адгукнулася на заклік дапамагчы грашыма на аперацыю сабаку, якога збіла машына ў цэнтры гэтага горада.

Адна з фатаграфій у «Аднакласніках» Ірыны Быкоўскай апублікаваная 10 лютага 2018 года і можа тлумачыць, як яе сын трапіў у 2022 годзе ў Херсонскую вобласць, дзе ягоную размову з жонкай пра «ўкраінскіх баб» перахапіла СБУ.

На гэтым здымку Раман Быкоўскі сядзіць у вайсковай форме ля шлагбаўма з аўтаматам Калашнікава. На рукаве добра бачны шаўрон — з дапамогай расследавальнай групы Conflict Intelligence Team нам удалося вызначыць, што Быкоўскі ў той час служыў у дыслакаваным у Наварасійску 108-м гвардзейскім дэсантна-штурмавым палку, які ўваходзіць у склад 7-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі. Ён заключыў кантракт з Міністэрствам абароны не пазней за люты 2018 года.

«Віншую свайго любімага сына са святам Днём Абаронцы Айчыны, жадаю ўдачы, здароўя, поспехаў ва ўсім!», — піша Ірына Быкоўская ў сваім акаўнце ў «ВКонтакте» праз год, 22 лютага 2019 года, выкладваючы ягоны фотаздымак у вайсковай форме на беразе мора.

Пра ўдзел дэсантнікаў 108-га дэсантна-штурмавога палка ў вайне з Украінай раней не паведамлялася, затое добра вядомая роля гэтага падраздзялення ў анексіі Крыма: вайскоўцы 108-га ДШП актыўна фатаграфаваліся на паўвостраве вясной 2014 года і выкладалі гэтыя здымкі ў сацсеткі. Удзельнічаў полк і ў сірыйскай кампаніі.

Ці служыць Быкоўскі там цяпер, невядома.

«Ён у Севастопалі ў шпіталі ляжыць»

Радыё Свабода патэлефанавала Раману Быкоўскаму. Ён пацвердзіў, што гэта ягонае імя і прозвішча, а на пытанне, ці застаецца ён у Херсонскай вобласці, адказаў адмоўна і сказаў, што знаходзіцца ў Севастопалі. Спытаўшы, хто яму тэлефануе, і даведаўшыся, што гэта журналіст, Быкоўскі сказаў, што голас на апублікаванай СБУ праслухоўцы яму не належыць.

Запіс размовы, зроблены Радыё Свабода, паказвае ідэнтычнасць яго голаса таму, які гучыць у гутарцы пра «ўкраінскіх баб».

Мы датэлефанаваліся і да Вольгі Быкоўскай. Голас жанчыны таксама цалкам супадае з голасам апублікаванага ўкраінскай спецслужбай аўдыёзапісу. Вольга Быкоўская пацвердзіла Радыё Свабода, што яе муж знаходзіцца ў Севастопалі, удакладніўшы, што ён лечыцца ў шпіталі пасля ранення. Па словах Вольгі, дзе менавіта быў паранены Раман Быкоўскі, яна не ведае.

Пасля гэтага адказу Вольга Быкоўская перапыніла размову і стала скідаць далейшыя званкі. На нашыя паведамленні ў сацыяльных сетках ні Раман Быкоўскі, ні яго жонка не адказалі.

Клас
2
Панылы сорам
21
Ха-ха
7
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
72