«Думаў пра заробкі, якія ў нас атрымліваюць медыкі. І гэта мяне ледзь не адвярнула ад прафесіі»

Аляксей жыве ў Мінску. У гэтым годзе ён плануе паступаць у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Хлопец хоча быць хірургам альбо псіхатэрапеўтам. 

«Вырашыў ісці ў медыцынскі, таму што мае бацькі — дактары. Гэты дух лунаў вакол мяне з самага дзяцінства. Мяне вадзілі па некаторых бальніцах. Канечне, не ўсе медыцынскія ўстановы прыемна наведваць, але ў іх ёсць нейкая атмасфера дапамогі, дабрыні.

Бацькі выхавалі ўва мне спагаду ў дачыненні да людзей, я хацеў бы з гэтым звязаць сваё жыццё.

Рыхтуюся да іспытаў з рэпетытарамі. Нейкія моманты вучу сам, але ў медыцынскі без добрай падрыхтоўкі паступіць складана.

Яшчэ першапачаткова, калі прымаў рашэнне ісці на ўрача, думаў пра заробкі, якія ў нас атрымліваюць медыкі. І гэта мяне ледзь не адвярнула ад прафесіі. Але заўсёды ёсць надзея на лепшае, што праз нейкі час нешта можа змяніцца», — разважае Аляксей. 

Ён неаднаразова думаў паехаць вучыцца за мяжу. Але для хлопца гэта вельмі дорага. 

«Быў варыянт з Польшчай, хацеў у Кракаўскі ўніверсітэт. Разглядаў ВНУ ў Расіі. Усведамляю, што ў Расіі я са сваім меркаваннем пра вайну буду чужым. Не вельмі прыемна будзе размаўляць там з людзьмі з-за іх пазіцыі.

Таксама я думаю, што сітуацыя ў Расіі з-за вайны будзе нават горшай, чым у Беларусі. Вядома, мне страшна ў будучыні працаваць у той сістэме, якая дзейнічае цяпер у Беларусі. Вучыцца мне шэсць год. І я спадзяюся, што за гэты час усё памяняецца.

Бацькі падтрымліваюць мяне, яны жадаюць, каб я працягнуў сямейную традыцыю. Лічаць, што за мяжой будзе лепей. Але ўсё ж сышліся пакуль на Беларусі», — кажа ён.

«Вельмі сумна, што мы жывём у дзяржаве, дзе за даследаванне мінулага цябе могуць пасадзіць»

Гамяльчанка Вольга ў гэтым годзе вырашала ісці вучыцца на гісторыка. Дзяўчына хоча трапіць на бюджэт. 

«Умовы, у якіх мы цяпер жывём у Беларусі, застаюцца ўмовамі. Не трэба на гэта арыентавацца. Я проста спадзяюся, што пры маім жыцці калі-небудзь можна будзе штосьці рабіць і не баяцца. Нават калі і не зменіцца, то трэба неяк змагацца. Калі будзеш сядзець на спецыяльнасці, якая цябе не цікавіць, атрымліваць капейкі, дык што з гэтага?» — задаецца пытаннем яна. 

Ісці ў настаўнікі пасля заканчэння вучобы Вользе не хочацца. Яе цікавіць краязнаўства.

«У Гомелі цэлы пласт гісторыі яшчэ не адкрыты. Тут ідзе больш упор на камунізм і бальшавізм. Я хачу расказаць пра БНР, партыі, нацыянальны рух. Можа, нават напісаць некалькі добрых прац.

Вельмі сумна, што мы жывём у дзяржаве, дзе за даследаванне гістарычнага мінулага цябе могуць пасадзіць. Нас, гомельскіх, дарэчы, лічаць нейкімі прарасійскімі. Мінчукі некаторыя кажуць, што тут нават і беларусаў няма. Вельмі адчуваецца, што рэгіён па-за нацыянальным кантэкстам. Нібыта прыйшлі бальшавікі і ўсё тут зрабілі. Так усё падаецца», — дзеліцца абітурыентка. 

Паступаць Вольга будзе на бюджэт. Плаціць за навучанне на гістарычным факультэце для яе непрымальна. 

«Усе сваякі пужаюць, што паеду вучыць дзяцей ў вёску. Але што рабіць? Вытрымаю як-небудзь. Пра вучобу за мяжой я падумала позна. Трэба вучыць мову. Таксама ў мяне з бацькамі цяжка. Яны чамусьці разглядаюць варыянты навучання ў Расіі. Яны не ўхваляюць мой выбар прафесіі, бо ў ёй шмат грошай не заробіш. Пыталіся ў мяне, як я буду хлусіць дзецям, калі мне скажуць гаварыць адно, а ў галаве будзе іншае. Я адказала, што падманваць не буду. Факты і толькі факты». 

«Я не ведаю, які свет будзе потым, але ў маіх марах ён такі, дзе ўсе СМІ расказваюць праўду»

Мінчанка Вераніка ў гэтым годзе збіралася паступаць на факультэт журналістыкі БДУ. Дзяўчына нават хадзіла на падрыхтоўчыя курсы. Але ў выніку вырашыла ісці на філфак. 

«Мяне вельмі прываблівала творчасць гэтай прафесіі. Я пачала хадзіць на журфаку ў Школу маладога журналіста. З часам сталі з’яўляцца знаёмыя, якія расказвалі пра навучанне там. Усё разам дало адчуванне, што гэта будзе вельмі дзяржаўны факультэт.

Напрыклад, у эсэ, якое нам трэба пісаць пры паступленні, мы павінны прыводзіць прозвішчы дзяржаўных журналістаў.

На Школу маладога журналіста да нас прыходзілі і студэнты, і журналісты дзяржаўных СМІ. На тых занятках, на якіх я была, не было адкрытай прапаганды.

Першапачаткова я вырашала ісці на журфак, таму што мне спадабаліся дысцыпліны, якія там былі. Таксама я падпісаная на блогераў, якія там вучацца. Яны па-рознаму расказваюць пра навучанне. Некаторыя кажуць, што ім падабаецца, а ёсць тыя, хто тлумачыць, што там класна толькі ў сэнсе выкладчыкаў і людзей», — кажа Вераніка. 

Пасля наведвання курсаў дзяўчына зразумела, што ёй будзе складана вучыцца на журфаку. На яе погляд, каб стаць журналістам, не абавязкова мець профільную вышэйшую адукацыю. 

«Вырашала ісці на філфак. Важным крытэрыем стала тое, што я люблю беларускую мову, шмат вывучаю літаратуры. І з самага пачатку я вагалася паміж філалагічным і журналісцкім факультэтам. Вырашыла, што, напэўна, на філфаку будзе зручней, цікавей. Пасля яго ў мяне таксама будзе магчымасць працаваць літаратурным рэдактарам у часопісах, — дзеліцца яна. —

Спадзяюся, што, калі я скончу ўніверсітэт, Беларусь ужо будзе іншай. Я не ведаю, які свет будзе потым, але ў маіх марах ён такі, дзе ўсе СМІ расказваюць праўду. Хоць гэта і ўтапічна гучыць. І я б хацела быць адной з тых, хто ў такіх медыя працуе». 

Вераніка спадзяецца трапіць на бюджэт. Яна ведае, што ёй пасля трэба будзе адпрацаваць два гады ў дзяржаўнай структуры. Але дзяўчына пакуль што прытрымліваецца думкі, што палітычная сітуацыя за чатыры гады яе навучання зменіцца. 

«Вучобу за мяжой разглядала. Але вырашыла, што буду ў Беларусі, таму што тут мая сям’я, сябры. Я б не змагла гэта кінуць. Мой знаёмы паехаў вучыцца ў Польшчу. Ён кажа, што не вярнецца, пакуль тут усё не зменіцца. А ў мяне такія думкі, што як яно можа змяніцца, калі ўсе з’едуць. Я хачу сама ўдзельнічаць у зменах», — кажа яна.

«Факультэт міжнародных адносін у Беларусі — цяпер гучыць як анекдот»

Алесь заканчвае адну са сталічных школ. Ён збіраецца ехаць вучыцца ў Польшчу. Хлопец паступае на факультэт міжнародных адносін.

«Куды ісці, думаў доўга. Сярод варыянтаў былі юрыст, палітолаг, журналст і дыпламат. Абраў апошняе, таму што ў мяне добра язык падвешаны.

З бацькамі адразу вырашылі, што буду вучыцца за мяжой. Факультэт міжнародных адносін у Беларусі — цяпер гучыць як анекдот. З кім сувязі наладжваць? А ездзіць толькі ў Расію і там сядзець — не пра мяне», — заўважае ён. 

Навучанне ва ўніверсітэце, куды паступае Алесь, нятаннае. Але хлопец збіраецца атрымаць зніжку, якую даюць за добрыя адзнакі. 

«Там ёсць пэўная сістэма. Мабыць, нават на палову менш атрымаецца плаціць. Не думаю, што ў найбліжэйшы час я вярнуся ў Беларусь. Але хочацца верыць, што калі-небудзь прывязу свой досвед назад, на радзіму», — кажа ён.

Чытайце таксама:

Вярнулася ў Беларусь з Літвы — цяпер пагражае 20 гадоў за тэрарызм. Расказваем пра Алесю Буневіч і падрабязнасці яе затрымання

Мастацкі музей выклаў відэаэкскурсію і 3D-тур па выставе да 100-годдзя музея Луцкевіча

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру