Якія тавары ў малапрыемнай для спажывецкага рынку Беларусі карціне ў першую чаргу аказваюцца ў групе рызыкі, даюць зразумець імпартазамяшчальныя пералікі, якія штогод складае Міністэрства антыманапольнага развіцця і гандлю. У звычайным жыцці — гэта рэкамендацыі айчынным вытворцам, якіх МАРГ такім чынам на працягу ўжо многіх гадоў спрабуе падштурхнуць да выпуску неабходных тавараў.

Але ў цяперашняй сітуацыі рэкамендацыі набываюць новы сэнс: фактычна гэта спісы патэнцыйнага дэфіцыту на паліцах айчынных гандлёвых устаноў, паведамляе Officelife media.

МАРГ абнавіў спісы на 2022 год: адзін пералік прысвечаны таму, што зусім не вырабляецца ў краіне; другі — што ёсць, але ў недастатковай колькасці і не той якасці.

Імпартазамяшчэнне — як у шаўках

У пералік тавараў, якія МАРГ рэкамендаваў выпускаць з мэтай імпартазамяшчэння ў 2022 годзе, увайшлі 219 пазіцый. З іх 209 — гэта нехарчовая група. У параўнанні з 2021-м, пералік амаль не змяніўся — у мінулым было 220 пазіцый. У нехарчовым сегменце ўдалося наладзіць выпуск і, адпаведна, выключыць са спісу на 2022 год хусткі, шалі з натуральнага і штучнага шоўку. У харчовым сегменце зніклі рыбныя кансервы для дзіцячага харчавання, але з-за спынення вытворчасці зноў з'явіліся фасаваныя ў бляшанкі сухія малочныя сумесі на аснове казінага малака.

Ад сумак-калясак да бульбы фры

З дэфіцытам якіх тавараў рызыкуе сутыкнуцца беларускі спажывец у найбліжэйшы час? Гэта можа здарыцца, калі, вядома, нашы транспартнікі і лагісты не разведаюць новыя транзітныя напрамкі з Кітая ці Турцыі і тавар адтуль па дарозе не расхапаюць у Расіі, дзе імкліва спусташаюцца прылаўкі.

219 пазіцый, па якіх, згодна з пералікам МАРГ краіна ў гэтым годзе цалкам залежная ад імпарту, разбітыя на 15 груп. Найбольшы асартымент — па гаспадарчых таварах і інструментах, а таксама па цацках і таварах для дзяцей (31 пазіцыя). У першую ўключаныя, напрыклад, бензапілы, бензінавыя газонакасілкі, шлангі да пральных машын, шчоткі і швабры, сумкі-каляскі. У другую — акрамя разнастайных цацак, радыё— і відэаняні, дзіцячыя аўтамабільныя крэслы і інш. Па замяшчэнні выпадаючых з-за заходніх санкцый тавараў уся надзея на кітайцаў, якія і без гэтага займаюць тут дамінуючае становішча.

Дзіцячы асартымент — адзін з галоўных праблемных напрамкаў у беларускім імпартазамяшчэнні. На працягу многіх гадоў МАРГ не губляе надзеі, што знойдуцца мясцовыя ўмельцы на 22 віды школьна-пісьмовых тавараў і канцылярскіх прылад (ад асадак да школьных глобусаў) і аксэсуары для нованароджаных (8 пазіцый). Прадукцыя для дзяцей прысутнічае і ў групе тавараў для фізічнай культуры, спорту і турызму (23). Беларусь імпартуе кардыётрэнажоры, канькі, шлемы, маскі для хакея, а таксама шматлікія прылады для гульні ў тэніс, для плавання і гімнастыкі, мячы.

На гэты год МАРГ таксама прапанаваў бізнэсу 26 пазіцый па электратаварах (сярод іх — посудамыйныя машыны, дробная кухонная тэхніка, электрапыласосы і электрапрасы, электрасамакаты), 20 — па тэле-, радыё-, фотатаварах і вылічальнай тэхніцы (смартфоны, лічбавыя фотаапараты і відэакамеры, планшэты і ноўтбукі) і 16 — па галантарэйным асартыменце (эпілятары, электрабрытвы, манікюрныя наборы, сонцаахоўныя акуляры). У групе тавараў бытавой хіміі ўсяго 4 пункты, і ў іх ліку — сінтэтычныя мыйныя сродкі ў выглядзе таблетак і канцэнтратаў.

Сярод дзясяткаў харчовых пазіцый па-ранейшаму фігуруюць карамель, булённыя кубікі, замяняльнікі цукру і замарожаная бульба фры з айчыннай сыравіны для грамадскага харчавання. Многія з гэтых тавараў вырабляліся сусветнымі брэндамі на фабрыках у Расіі. У сувязі з закрыццём гэтых вытворчасцей Беларусь, якая ўваходзіла ў зону кампетэнцыі расійскіх філіялаў, у бліжэйшы час адчуе праблемы з пастаўкамі.

Плюс медыцынскія маскі і грушы

Яшчэ адзін пералік МАРГ, у якім значацца вырабленыя, але ў недастатковым аб'ёме і не тых спажывецкіх уласцівасцяў тавары, звычайна невялікі. Але на бягучы год ён прыкметна вырас. У ім 158 пазіцый (145 з іх — нехарчовыя), тады як годам раней было 134 (128).

Прырост звязаны з вонкавымі абставінамі. Ведамства, адрэагаваўшы ў тым ліку на сітуацыю з пандэміяй, заклапацілася, каб у краіне па магчымасці была наладжаная вытворчасць медыцынскіх масак з фільтрамі і саміх фільтраў. Група вырабаў санітарна-гігіенічнага прызначэння, у якую ўваходзяць гэтыя тавары, у цэлым разраслася на 15 новых пазіцый. Сярод іх — насоўкі, жаночыя пракладкі, касметычныя дыскі і ватныя палачкі, пялюшкі для хатніх жывёл, а таксама баваўняная або баваўняна-льняная вата.

У краіне, мяркуючы па новых рэкамендацыях МАРГ, цяпер не хапае (або ёсць пытанні па арганалептычных і іншых уласцівасцях) айчынных сыроў некаторых відаў і гародніны. Па сырах — гэта цвёрдыя і звышцвёрдыя, мяккія з белай цвіллю, блакітныя і іншыя сыры, якія змяшчаюць прожылкі, цёртыя сыры або ў парашку. Сярод гародніны з гэтага года фігуруюць асобныя віды цыбулі (шалот, парэй), капуста (каляровая, брокалі, брусельская, чырвонакачанная, салаты (латук качанны і латук іншы), салодкі перац, спаржа, сельдарэй, кавуны, замарожаныя гародніна і яе сумесі, грушы розных сартоў.

З'яўленне гэтых тавараў у спісе стала адным са следстваў уведзеных беларускім урадам у 2021 годзе антысанкцыйных мер у дачыненні да шэрагу недружалюбных краін. Цяпер сыры і гародніна ўсталі ў адзін шэраг з тэлевізарамі «з тонкім і ўльтратонкім корпусам» і «канкурэнтаздольнымі, эканамічнымі, надзейнымі» легкавымі аўтамабілямі, якія МАРГ даўно хоча бачыць на канвеерах айчынных заводаў.

Клас
3
Панылы сорам
36
Ха-ха
8
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
1