Як растлумачыў Аляксандр, у 2018 годзе памерла яго маці. «Ведаў пра наяўнасць ў яе аднаго нумара, ім карыстаўся, не пераафармляў і не закрываў», — расказвае мужчына. Паводле яго, у 2020-м ён прыйшоў у офіс А1, даў пасведчанне аб смерці і перааформіў нумар на сябе.

А ў студзені 2022-га прыйшоў ліст з інфармацыяй аб спагнанні доўгу на суму амаль 2500 рублёў з-за запазычанасці перад А1.

«Спачатку я падумаў, што гэта нейкая памылка. Неаднаразова тэлефанаваў у А1, мне там упарта паўтаралі, што пасля смерці ніякія абавязкі ад памерлых за паслугі сувязі не пераходзяць да іх сваякоў. Па нумары, які я аформіў, ніякай запазычанасці няма! Я называў прозвішча і пашпартныя даныя маці, што раней былі, і нічога, ніякіх даўгоў, прэтэнзій няма!» — распавёў Аляксандр.

Пазней мужчына даведаўся, што на яго маці быў аформлены яшчэ адзін нумар, якім карыстаўся яе сужыцель-іншаземец. Менавіта на гэты нумар ужо пасля смерці жанчыны, у маі — чэрвені 2020 года, аформілася больш за 200 рэкламных падпісак. Сужыцель, як мяркуе Аляксандр, спалохаўся вялізных лічбаў запазычанасці, выкінуў SIM-карту і неўзабаве з'ехаў у родную краіну.

Такім чынам, за падпіскі набегла больш за 1200 рублёў доўгу. Плюс пеня за амаль два гады і паслугі натарыуса — усяго 2429 рублёў і 62 капейкі. Цяпер гэтую суму трэба аплаціць Аляксандру, у якога назапасілася шмат пытанняў.

«Незразумела, чаму, калі я прыходзіў у офіс А1, мне ніхто не паведаміў, што ёсць яшчэ адзін нумар, які належаў маёй маці, на якой ёсць запазычанасць? Як мне ўвогуле даведацца, што аформлена на роднага чалавека пасля яго смерці?

Мне трэба абіваць парогі ўсіх аператараў сувязі, каб высветліць, ці не аформіў чалавек нейкі нумар? Абіваць парогі інтэрнэт-правайдараў — раптам і у іх нешта аформлена на памерлага чалавека? Выходзіць, калі маці памерла і я не ведаў, што на яе аформлены іншы нумар тэлефона, якім нехта карыстаецца, там утвараецца велізарная запазычанасць, а я нясу за гэта адказнасць?

Усё таму, што супрацоўнікі А1 не могуць па прозвішчы, імені, імені па бацьку праверыць інфармацыю: ці ёсць на памерлым іншыя нумары тэлефонаў», — абураецца Аляксандр.

Кампанія А1 адмовіла рэдакцыі ў каментарыі, бо, паводле яе, «у выпадку смерці абанента звесткі могуць быць дадзеныя толькі па запытах праваахоўных органаў і судоў».

«Падстаў для спісання запазычанасці няма»

Аляксандр і сам звярнуўся ў А1 з просьбай улічыць сітуацыю і перагледзець патрабаванні аб запазычанасці. Абанент даслаў у рэдакцыю копію адказу аператара. Калі сцісла, то гаворыцца ў ім наступнае:

  • Кліент нясе ўсю адказнасць у выпадку выкарыстання SIM-карты трэцімі асобамі.

  • У выпадку смерці абанента абавязацельствы па дагаворы спыняюцца пры прад'яўленні пасведчання аб смерці.

  • А1 настойвае, што кампанія не атрымлівала пасведчанне аб смерці жанчыны, таму працягвала аказваць паслугі па абаненцкім нумары.

  • Праверыць, што казалі Аляксандру кансультанты А1, немагчыма, бо прайшло занадта шмат часу і запісы размоваў не захаваліся.

  • У склад спадчыны ўваходзяць усе правы і абавязкі, таму Аляксандр як спадчыннік павінен пагасіць запазычанасць.

  • Падстаў для спісання запазычанасці няма.

Пры гэтым аператар пагадзіўся не спаганяць пеню ў выпадку, калі Аляксандр пагасіць асноўны доўг і аплаціць дзяржпошліну — усяго 1256 рублёў і 77 капеек.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру