Скрыншот з пакаяннага відэа

Нікалаева 10 лютага з выкарыстаннем мабільнага тэлефона, ноўтбука і флэшкарты спампавала ўлёткі з сайта xx2022.org, раздрукавала 16 штук, і тыя былі выяўленыя і вынятыя 10 лютага па месцы працы Нікалаевай у дзіцячым садку. Акрамя гэтага, абвінавачаная 9 лютага адправіла знаёмаму П. Пакацілаву ў Тэлеграме публікацыю «Сумленных людзей» ад 27 снежня, у якой ўтрымліваўся заклік да распаўсюджвання гэтых улётак і прапаноўвалася рабіць бюлетэні несапраўднымі.

Жанчына на працэсе распавяла, што ў снежні ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя пра парадак удзелу ў рэспубліканскім рэферэндуме. Паколькі жанчына лепш успрымае інфармацыю ў друкаваным выглядзе, то вырашыла раздрукаваць звесткі для асабістага азнаямлення. Яна спампавала улётку на флэшку і раздрукавала на працоўным прынтары восем лістоў — па дзве ўлёткі на кожным. Па словах Ларысы, яна хацела раздрукаваць толькі адзін экзэмпляр улёткі, але нехта з яе калег раней устанавіў на прынтары значэнне восем экзэмляраў, таму яна раздрукавала менавіта такую колькасць.

Пасля гэтага яна разрэзала улёткі і паклала іх у шуфлядку працоўнага стала. 10 лютага яна ўспомніла пра ўлёткі і збіралася іх аднесці дадому, каб выкарыстоўваць іх для насення раслін, паклала іх у пакет. Аднак у хуткім часе яна была затрыманая супрацоўнікамі міліцыі, якія забралі ў яе ўлёткі.

Што казалі на судзе сведкі?

Што характэрна, Павел Пакацілаў быў прызнаны пацярпелым па справе. Ён на судзе пацвердзіў, што Нікалаева дасылала яму паведамленне ад «Сумленных людзей», але, па яго словах, ён не адкрываў спасылку і не глядзеў паведамленне, паколькі яго гэтая тэма не цікавіла. Па словах мужчыны, абвінавачаная і раней дасылала яму паведамленні «апазіцыйнага характару», але ён іх выдаляў. Пацярпелы на судзе распавёў, што часам з Нікалаевай абмяркоўвалі сітуацыю ў краіне. Ларыса казала яму, што «як адбываецца ў нас у краіне, не павінна быць, жыць у такім напружанні немагчыма, трэба нешта вырашаць». На судзе мужчына сказаў, што стараўся не камунікаваць з абвінавачанай на гэтыя тэмы, каб не псаваць адносіны.

На судзе таксама дапыталі супрацоўніц дзіцячага садка, у якім працавала Нікалаева. Так, напрыклад, Ляўковіч распавяла на судзе, што «ёй вядома, што Нікалаева прытрымлівалася пазіцыі, што трэба нешта мяняць у краіне, аднак гэта ніколі не абмяркоўвалася».

Ларыса Нікалаева ўтрымлівалася пад вартай з 23 студзеня. Сваё 60-годдзе жачына сустрэла за кратамі. Суддзя Скуратовіч прызнала яе вінаватай па ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса і прызначыла тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняй хіміі»). Жанчыну вызвалілі ў зале суда.

Суд пастанавіў знішчыць 16 улётак. Акрамя гэтага, у Ларысы канфіскавалі тэлефон, ноўтбук і нават флэшку, як «сродкі здзяйснення злачынства».

Клас
1
Панылы сорам
10
Ха-ха
1
Ого
Сумна
1
Абуральна
31

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру