Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з міністрам аховы здароўя Дзмітрыем Піневічам, кіраўніком КДБ Іванам Церцелем і генеральным пракурорам Андрэем Шведам. 18 красавіка 2022 года. Фота: president.gov.by

— Сумна, што туды патрапіпіў і, груба кажучы, доктар, які лечыць прэзідэнта (я яго ў двукоссях так называю), які не аднойчы прэзідэнта абследаваў. Я вельмі засмучаны гэтым фактам, але закон ёсць закон. Ён адзіны для ўсіх, — Лукашэнка развёў рукамі.

Імя спецыяліста ён не згадаў. Хто з затрыманых мог абследаваць Лукашэнку?

Былы лекар-артапед з РНПЦ артапедыі і траўматалогіі Рустам Айзатулін, якога звольнілі за грамадзянскую пазіцыю, называе імёны чатырох лекараў, якія маглі абследаваць Лукашэнку.

— Цяпер у спісе затрыманых практычна ўсе высакакласныя спецыялісты. Але калі прагартаць спіс імёнаў, які нам вядомы, то гэта мог быць Павел Рыгоравіч Скакун, — тлумачыць Айзатулін. — Таму што ён знікаў з нашай клінікі ў тыя моманты, калі сам Аляксандр Лукашэнка знікаў са сваімі праблемамі. 

Альбо гэта мог быць Аляксандр Бянько (урач Мінскай абласной бальніцы). Справа ў тым, што Бянько сам па сабе вельмі добры спецыяліст і ведае паталогію каленнага і тазасцёгнавага сустава. Плюс ён кансультаваў і аперыраваў у Рэспубліканскім клінічным медцэнтры Упраўлення справамі прэзідэнта. Там ставіў замежныя пратэзы, як тазасцёгнавыя, так і каленныя.

Айзатулін таксама не выключае, што нейкія заключэнні маглі даваць і намеснік дырэктара РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Мурзіч, і загадчык артапедычнага аддзялення №1 таго ж РНПЦ Іван Мінакоўскі.

— Усе гэтыя лекары суперпрафесіяналы, але Мурзіч, да прыкладу, больш спецыялізуецца па тазасцёгнавых суставах і паталогіі таза. Як і Мінакоўскі, — тлумачыць былы калега затрыманых. — Так, сваё слова яны маглі сказаць, але ўсё ж такі профіль у іх крыху іншы.

Што вядома пра гэтых лекараў?

Павел Скакун. Загадчык артапедычнага аддзялення № 2 РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Яму 58 гадоў. З іх 30 гадоў працуе ў артапедыі.

Павел Скакун. Фота: ortoped.by

«Максімальны ў Рэспубліцы Беларусь досвед першаснага і рэвізійнага эндапратэзавання каленных суставаў з выкарыстаннем розных імплантаў», — піша пра яго сайт аб медтурызме ў Беларусі.

На працягу больш чым 20 гадоў праходзіў стажыроўкі ў артапедычных клініках Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, ЗША, Польшчы і Расіі. Скакун кандыдат медыцынскіх навук, выкладаў на кафедры спартыўнай медыцыны БелМАПА, таксама ён аўтар 7 патэнтаў. У 2013 годзе яго ўзнагародзілі ордэнам Айчыны III ступені.

Аляксандр Бянько. Дацэнт кафедры траўматалогіі і артапедыі БелМАПА. Яму 46 гадоў, ён кандыдат медыцынскіх навук, аўтар двух патэнтаў.

Аляксандр Бянько. Фота: старонка Аляксандра ў Ok.ru

У 2009 годзе за распрацоўку і ўкараненне новых тэхналогій лячэння траўматычных дэфектаў мяккіх тканак канечнасцяў атрымаў стыпендыю прэзідэнта для таленавітых маладых навукоўцаў. Бянько праходзіў стажыроўкі ў найбуйнейшых артапедычных цэнтрах Еўропы. З'яўляецца членам Сусветнай арганізацыі траўматолагаў і артапедаў.

Аляксандр Мурзіч. Са студзеня гэтага года стаў намеснікам дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ траўматалогіі і артапедыі.

Аляксандр Мурзіч. Фота: doktora.by

Яму 45 гадоў. Ён кандыдат медыцынскіх навук. У 2015 годзе атрымаў грамату ад Міністэрства аховы здароўя, а ў 2017-м — званне «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь». У тым жа годзе стаў пераможцам конкурсу «Урач года Рэспублікі Беларусь» у намінацыі «урач-хірург». Мае чатыры патэнты, больш за дваццаць яго тэхналогій укаранёныя ў практыку. Ён член Міжнароднага таварыства траўматолагаў AO Trauma.

Іван Мінакоўскі. Загадчык артапедычнага аддзялення № 1 РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Яму 57 гадоў, стаж працы 34 гады. Выдатнік аховы здароўя, мае тры патэнты на спосабы лячэння і медыцынскія вырабы.

Іван Мінакоўскі. Фота: РНПЦ траўматалогіі і артапедыі 

Чытайце таксама: 

Кіраўнік Мінздароўя назваў тры ўмовы для вызвалення затрыманых дактароў

«Па 300—650 тысяч еўра выявілі», трапіўся нават доктар Лукашэнкі. Афіцыйна — пра затрыманні траўматолагаў

Што цяпер з чэргамі на эндапратэзаванне? Вось што адказалі ў Мінздароўя

«Справа траўматолагаў»: людзей не выпускаюць праз 10 сутак, сталі вядомыя дэталі абвінавачвання

Клас
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
Сумна
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру