«Я падпісаўся пад антываенным зваротам адвакатаў і юрыстаў. Адразу пачаліся праблемы ў адвакатуры — завялі дысцыплінарную вытворчасць, — расказвае Аляксандр Данілевіч. — Таксама некалькі тыдняў таму меў дзве размовы ў БДУ: з загадчыцай кафедры і адным з намеснікаў дэкана. Мне падалося, што ім самім было няёмка са мною гаварыць на гэты конт, тым больш, што той намеснік дэкана — мой былы студэнт. Але ж ён паказаў мне паперку, што нельга займацца палітычнай агітацыяй згодна з правіламі ўнутранага распарадку.

Я адказаў, што ніякай палітычнай агітацыяй і не займаўся, гэта іншае — я ж юрыст, разумею, што нічога не парушаю. Таксама я сказаў, што свой подпіс адклікаць не буду, бо маю сваю пазіцыю.

Дарэчы, тое ж самае, я казаў і ў адвакатуры — што ў мяне ёсць свая пазіцыя. Я супраць вайны, гэта мая чалавечая, грамадзянская і хрысціянская пазіцыя, не лічу, што зрабіў нешта «экстрэмісцічаскае».

У выніку, мяне з БДУ звальняюць праз сканчэнне кантракта. Летась яго працягнулі ўсяго на год, хоць звычайная практыка — калі працягваюць на тры гады альбо адразу на пяць. Прычым, мой асобнік кантракта мне не аддалі і па сёння, нават не далі сфатаграфаваць.

Цяпер мой кантракт сканчваецца ў канцы мая. Недзе з тыдзень таму мяне папярэдзілі пра звальненне: па тэлефоне запрасілі ў аддзел кадраў. Там далі паперку, што кантракт працягваць не будуць.

Я падпісаў, пайшоў сабе — і мяне перахапіў дэкан. Запрасіў да сябе, пачаў казаць: шкада, усё такое, але вось прарэктар па бяспецы настойваў на вашым звальненні, мы нічога не маглі зрабіць.

Пасля паклікала да сябе загадчыца кафедры. Тое ж самае: шкада, што сыходзіце…»

Акрамя таго Данілевіч атрымаў вымову як адвакат. Палічылі, што ён «парушыў прафесійную этыку адваката», падпісаўшы зварот. 

«Там усё прыцягнута за вушы, буду абскарджваць, — кажа Данілевіч. — Нібыта я, падпісаўшыся пад словамі «Мы, беларускія адвакаты і юрысты», выказаўся ад імя ўсёй беларускай адвакатуры. Глупства. Нармальнаму чалавеку зразумела, што гэта лухта».

 І як жыць далей?

«Працаваць, пакуль працуецца, — адказвае Аляксандр. — Ці не страшна мне? Страшна ва Украіне, у сённяшнім Марыупалі, а тут так, проста бздура нейкая, як я кажу. Вунь нават Максіму Знаку не страшна — а ён у турме сядзіць.

Я столькі год працаваў на тое, каб стаць спецыялістам, што мне ўжо не так страшна, нават калі адбяруць адвакацкую ліцэнзію. Я не той чалавек, які будзе шукаць працу, я той, хто робіць яе і стварае працу сам для сябе. Ды і бачу, што пакуль ніхто з адвакатаў, якіх выключылі з калегіі, не памёр з голаду. Таму, спадзяюся, што ўсё будзе добра.

Ды і той жа БДУ для мяне быў не столькі заробак, колькі хобі, мне было цікава выкладаць, мне падабалася працаваць са студэнтамі».

 Эміграваць пакуль не хочацца, кажа Данілевіч. 

«Тут мае сваякі, бацькі, я люблю Беларусь. Можа мне падабаецца не ўсё, што тут адбываецца сёння, але я люблю гэтую краіну. Не хачу з’язджаць.

Так, я адчуваю адказнасць за тое, што адбываецца. Але сваю пазіцыю я паказаў, падпісаўшы зварот, — адзначае Аляксандр Данілевіч. — 

Што яшчэ можа зрабіць шараговы беларус? Ведаеце, я не лідар, не той чалавек, які можа даваць парады. Я не Зяленскі.

Але я веру ў Бога. І мяркую, што трэба хаця б не парушаць запаведзі. Калі б мы не хлусілі хаця б — шмат чаго было б інакш. Каб не хлусілі сумна вядомыя чыноўнікі і тэлевядучыя… Бо хлусня пакрывае гвалт. Ніхто не хоча быць гвалтаўніком, там кажа: гэта не я! Такога не было! 

Таму проста трэба быць сумленным. Сумленне — паняцце, якое ўвасабляе ўсе Божыя запаведзі. 

Будзьце сумленнымі — і ўсё будзе добра. Я сам не святы чалавек, але такую параду магу даць. Бо мне проста прыкра, што гэта ўсё адбываецца. Мне сорамна, што мы ў гэта ўсё ўлезлі».

«СССР вярнуўся». Калі выйдзе фільм пра Купалу? Пагаварылі з яго рэжысёрам Уладзімірам Янкоўскім

Клас
58
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
6
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?