Баевікі ДНР у Марыупалі, 16 красавіка. Фота: Аляксей Аляксандраў /АР

Баевікі ДНР у Марыупалі, 16 красавіка. Фота: Аляксей Аляксандраў /АР

На думку Рачкоўскага, Масква ўсё яшчэ здольная выканаць сваю задачу-мінімум — захапіць Данецкую і Луганскую вобласці і прабіць сухапутны калідор да Крыма. І пасля таго, як Расія вывела свае войскі з поўначы Украіны, цэнтр баявых дзеянняў перамясціўся на яе паўднёвы ўсход.

Але ж тут усё не так проста. З ваеннага пункту гледжання выглядае, што ўзяцце Марыупаля расіянамі — пытанне часу, але гэта не азначае, што Расія выйграе ў барацьбе на гэтым фронце, тлумачыць Роберт Рачкоўскі для onet.pl.

Прыродныя ўмовы ў той частцы краіны вельмі спрыяюць самаабароне. У ваколіцах Херсона і Мікалаева шмат чарназёмаў, у іншых рэгіёнах краіны іх таксама хапае. Гэтая глеба цудоўна падыходзіць для сельскай гаспадаркі, але не надта добра — для ваенных дзеянняў. У студзені і лютым яна замярзае, але пасля падтае, ды яшчэ ў гэты час ва Украіне бывае дажджлівае надвор'е. Так украінскія чарназёмы ператвараюцца ў брудную калатушу, у якой і захрасла расійская цяжкая тэхніка. Калі б расіяне вырашылі наступаць не ў канцы лютага, а больш чым на месяц раней, у іх было б больш шансаў на перамогу. Але, мяркуе Рачкоўскі, Кітай спрыяў таму, каб баявыя дзеянні пачаліся не раней за канец Алімпіяды ў Пекіне.

Вопыт і баявы дух супраць найлепшых рэсурсаў

Рачкоўскі таксама ацаніў магчымасці абодвух бакоў у вялікай бітве на Данбасе, якая распачынаецца ў гэтыя дні. Эксперт лічыць, што шансы бакоў у бітве — 50 на 50.

Украінцам, напэўна, дапамогуць асаблівасці рэльефу краіны, высокі баявы дух салдат і іх ваенны вопыт. Згодна з данымі ўкраінскага бока, 90% украінскага вайсковага рэзерву — ветэраны баявых дзеянняў на Данбасе.

Больш за тое, з улікам таго, што вайна на Данбасе ідзе ўжо 8 гадоў, Украіна мае ў тым рэгіёне вельмі шмат умацаванняў. Ва ўкраінцаў ёсць эфектыўная заходняя супрацьтанкавая зброя і супрацьпаветраная зброя блізкага дзеяння, у іх добрая аператыўная інфармаванасць і правільная тактыка дзеянняў у адпаведных аператыўных умовах.

Але ж украінская армія мае свае праблемы, якія могуць павысіць шансы Расіі на поспех. Украінцам не хапае сістэм супрацьракетнай і супрацьпаветранай абароны сярэдняга дыяпазону, і ў выніку ім цяжка абараняцца ад расійскіх абстрэлаў з больш далёкай дыстанцыі — то-бок ад зброі накшталт «Точкі-У» і «Іскандэраў». Ва УСУ не ўсё добра з пастаўкамі паліва, боепрыпасаў і прадметаў медыцынскага прызначэння.

Украінская армія, па словах Рачкоўскага, таксама мае цяжкасці з бягучым рамонтам тэхнікі і з адаптацыяй да тых узбраенняў, якія ўкраінцы захопліваюць у расійскага бока. Цяпер вельмі важна, каб заходнія краіны працягнулі пастаўляць Украіне зброю ці нават павялічылі колькасць гэтых паставак, бо яны могуць мець вырашальнае значэнне ў вайне. Не менш важна захоўваць санкцыі супраць Расіі ці нават узмацніць іх.

Але ж і ў расійскай арміі не ўсё добра. Сярод яе праблем — нізкі баявы дух салдат і адсутнасць у іх баявога вопыту, праблемы з камунікацыяй і шыфраваннем інфармацыі, правал у сферы прапаганды. Сімпатыі свету не на баку расійскіх салдат, і гэта таксама ўплывае на іх настрой.

Чым усё скончыцца

Паводле Рачкоўскага, асноўныя эпізоды бітвы пройдуць каля горада Ізюм, і Генштаб УСУ ўжо фіксуе там спробы наступу супраціўніка. Рачкоўскі лічыць, што калі расіяне здолеюць прарваць украінскі супраціў каля Ізюма, яны пойдуць на Краматорск і далей на поўдзень краіны. Таксама Рачкоўскі прадказвае жорсткія баі ў раёне Севераданецка. Калі дадаць да ўсяго гэтага наступ рускіх з поўдня, з боку Папаснай, такая тактыка, меркавана, павінна мець на мэце план акружыць украінцаў і такім чынам выйграць бітву за Данецкую і Луганскую вобласці. Але пры гэтым магчыма, што і іншыя рэгіёны Украіны трапяць пад абстрэлы — хутчэй за ўсё, ракетныя.

Рачкоўскі бачыць два магчымыя вынікі вайны. Калі ў Расіі ўсё атрымаецца, яна возьме пад поўны кантроль Данецкую і Луганскую вобласці, ды, напэўна, пажадае таксама кантраляваць Херсонскую і Запарожскую вобласці. У цэлым, Масква жадае захапіць важныя для ўкраінскай эканомікі аб’екты, у тым ліку багаты на прыродныя рэсурсы Данбаскі рэгіён, і атрымаць доступ да Азоўскага мора, а таксама парты Бердзянска і Марыупаля — да вайны менавіта праз іх Украіна экспартавала сваю сельскагаспадарчую прадукцыю і сталь. У будучыні мэтай Расіі таксама могуць стаць Мікалаеўская і Адэская вобласці, што дазволіць Маскве аб’яднаць акупаваныя тэрыторыі з Прыднястроўем.

Але ж Украіна мае магчымасць перамагчы ў данбаскай бітве і пайсці ў контрнаступ. Нават існуе верагоднасць таго, што ўкраінцы здолеюць цалкам аднавіць кантроль над Данецкай і Луганскай абласцямі, але ж Рачкоўскі не бачыць у хуткім часе магчымасці вяртання Крыма ў склад Украіны. Расія не аддасць яго па прычынах стратэгічнай важнасці паўвострава, а Украіне пакуль што не хапае сіл і рэсурсаў, каб працягваць баі ў тым кірунку.

Але ж, калі Расію атрымаецца выціснуць з украінскага усходу, гэта ўжо будзе азначаць поўную паразу Пуціна і аслабленне Расіі. Такі ход падзей дасць магчымасць для далейшага палітычнага і эканамічнага ціску на Расію і для зніжэння яе ўплыву ў свеце.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

Зяленскі: Украіна не аддасць тэрыторыі на ўсходзе, каб скончыць вайну

«Краматорск — гэта горад, дзе яны хочуць замкнуць кола». Ваенны эксперт — пра тактыку наступлення расійскіх войскаў у найбліжэйшыя дні

Клас
66
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
1