Запісалі самае цікавае з дыскусіі, якую арганізавала платформа «Банк Ідэй».

«Пасля заканчэння вайны для Беларусі будзе свой план Маршала»

Андрэй Вардамацкі, доктар сацыялагічных навук:

— Увод расійскіх войскаў ухваляюць каля 10-11 адсоткаў беларусаў. Аднак пры гэтым абвалу ці паніжэння адсотка пазітыўнага стаўлення да Расіі не адбылося.

— Што будзе далей? Уявіце сабе мапу ваенных дзеянняў ва Украіне. Чым больш, даўжэй ды масіўней будуць стрэлкі контрнаступу ўкраінскага, тым інтэнсіўней стрэлкі беларускай геапалітычнай свядомасці пойдуць на Захад.

— Пасля заканчэння вайны для Беларусі будзе прадугледжаны свой план Маршала. І менавіта ён акрэсліць геапалітычныя арыентацыі і эліт, і простых людзей — асабліва тых, якія зараз «хістаюцца».

— Што будзе з каштоўнасцямі? Не веру ў магчымасці змены каштоўнасцяў праз СМІ ў кароткай і доўгай перспектыве. Будуць канкрэтныя рэчы, зробленыя Расіяй, ацэньвацца негатыўна. І калі яны акумулюцца, толькі тады пройдзе якасная змена.

«Становіцца больш беларускамоўнага кантэнту»

Генадзь Коршунаў, старшы даследчык Цэнтра новых ідэй, экс-кіраўнік Інстытута сацыялогіі НАН:

— У Беларусі ідзе працяг каштоўнаснага супрацьстаяння, якое завязалася яшчэ ў 2020-м. Па стаўленні з аднаго боку да «спецаперацыі», з другога боку — да паўнавартаснай вайны добра бачна размежаванне грамадства. Тое, што адбываецца ва Украіне, — раскол паміж Еўропай і Расіяй — мела месца і падчас беларускай рэвалюцыі 2020 года. Сенняшнія ж баявыя дзенні робяць больш канцэнтраваным каштоўнаснае, «светапогляднае» несупадзенне і ўнутры Беларусі. 

— Вайна для Беларусі — цалкам адмоўная рэч. Аднак тое, што адбываецца ва Украіне, правакуе большы спектр стаўленняў. Падтрымка Расіі ці не падтрымка Расіі? Мусіць Беларусь удзельнічаць ці не? І гэтак далей.

І тут можна праводзіць паралелі ды вызначаць дуалізм: праўладны лагер схіляецца да пазітыўнага стаўлення ў адносінах да «спецаперацыі», тады як праціўнікі ўлады выказваюць незадаволенасць і вайной, і ўладай.

— Беларусы ўцягнуты ў інфармацыйныя наратывы. Аднак гэтыя бурбалкі не шчыльныя. Дыскусіі ў грамадстве ёсць — нават на паўсядзённым узроўні. Больш за тое, калі ў Расіі не атрымаўся бліцкрыг, спрачацца з прыхільнікамі ўлады стала значна прасцей — тыя губляюць частку аргументаў ды пачынаюць задумвацца пра прыхільнасць да Расіі. І гэта пацвярджалі нашыя рэспандэнты. Тут жа адзначым, што адначасова вельмі эфектыўную палітыку праводзіць Украіна. Частку апалітычнай моладзі, напрыклад, накрывала інфармацыйная плынь падчас перагляду Ютубу — «прэролы» з кадрамі вайны ды паведамленнямі пра яе прабівалі ізаляцыю.

Да дарослага насельніцтва вайна дагрукаецца праз фінансы: гэта адчуваецца ўжо зараз і па цэнах, і па курсу даляра, і па рынку працы — некаторыя прафесійныя групы ўжо пацярпелі ад уварвання.

— Саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне адбіўся і на беларусах: і на тых, хто выехаў, і на тых, хто застаўся. Так проста ганарыцца тым, што ты беларус ужо не атрымоўваецца.

— Становіцца больш беларускамоўнага кантэнту, больш людзей пераходзяць на родную мову з-за блакіровак расійскіх рэсурсаў. Пытанне толькі, якая доля грамадства будзе ўцягнута ў гэтыя метамарфозы, як хутка пойдзе гэтая трансфармацыя… Асноўны рух прагназую ў той частцы грамадства, якая раней адмаўлялася вызначацца ў сваіх прыхільнасцях.

Клас
40
Панылы сорам
6
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру