Лебядок сцвярджае: 

«З прачытання ўсяго дакумента вынікае, што гаворкі пра ўзброенае ўварванне ў Беларусь і яе акупацыю не ідзе.

Уварванне і акупацыя прадугледжваюць як мінімум нейтралізацыю войскаў акупаванай краіны. А ў дакуменце прапісана ўзаемадзеянне з УС Беларусі (у частцы СПА і іншага), нарошчванне РГВ (С) пад аператыўным прыкрыццём для сумеснага супрацьстаяння трэцім краінам (НАТА) і г. д.» 

З гэтага робіцца выснова, што дакумент, хутчэй за ўсё, створаны на аснове нейкіх вытрымак з задумы розных вучэнняў з дадаваннем сваёй неабходнай для распаўсюджвання інфармацыі.

Эксперт падкрэслівае:

«Пры аналізе інфармацыі варта не толькі правяраць яе праўдзівасць, але, сярод іншага, і вывучаць час яе з'яўлення (і не з'яўлення), кім яна прадастаўленая (і кім не прадастаўленая ды чаму), і, што самае важнае ў абстаноўцы, якая хутка мяняецца — у чыіх інтарэсах яна распаўсюджаная і як можа быць выкарыстаная бакамі канфлікту».

Важна, на думку Лебядка, што ў дакуменце закранаюцца падзеі верасня 2020 года, але апублікаваны ён толькі сёння. А сённяшняя сітуацыя такая, што Расія перавяла асноўныя сілы на паўднёвы ўсход Украіны, у значнай ступені вывеўшы войскі з поўдня Беларусі. У той жа час Макей нядаўна накіраваў свой ліст лідарам краін Еўрасаюза.

Такім чынам, як піша Лебядок:

«Нарастае тэма неабходнасці краінам ЕС і Украіны ўзаемадзейнічаць з Лукашэнкам для яго дыстанцыявання ад Пуціна і тым самым знізіць рызыку ўвядзення беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны, або перашкодзіць паўторнаму прыбыццю расійскіх войскаў у Беларусь для нападу на Украіну падчас актыўных баявых дзеянняў на паўднёвым усходзе».

У сувязі з гэтым Украінай «дакумент» можа быць выкарыстаны для яшчэ большага зніжэння падтрымкі ўзаемадзеяння з Расійскай Федэрацыяй у беларускім грамадстве. У той жа час раз'яднанню Пуціна і Лукашэнкі ён ніяк паспрыяць не можа.

Можа быць ён у пэўнай ступені карысны і іншым зацікаўленым бакам. Расія можа яго выкарыстаць для застрашвання грамадзян Беларусі, якія імкнуцца да пераменаў палітычнага ладу ў Беларусі, а Лукашэнка — каб зноў ажывіць у вачах Еўрасаюза і Украіны свой імідж як адзінага, хто здольны супрацьстаяць Расіі і ўжо два гады, маўляў, як «не дапусціў акупацыю».

Таксама «дакумент», на думку Лебядка,

«можа выкарыстоўвацца для падсілкоўвання перыядычных укідаў аб тым, што Лукашэнка супраціўляецца і ціску беларускіх сілавікоў, якія, маўляў, за Расію, хочуць ваяваць з Украінай і з'яўляюцца ястрабамі ў фармаванні замежнай палітыкі».

І гэта дазволіць раскручваць тэму, што пры змене Лукашэнкі тут будуць стаяць расійскія войскі.

Лебядок пры гэтым нагадвае, што ўзаемадзеянне беларускіх і расійскіх узброеных сіл у рамках адзінай групоўкі выбудавана пры актыўным асабістым удзеле Лукашэнкі вельмі даўно. З канца 2000-х актыўна развіваліся ваенныя праграмы Саюзнай дзяржавы па сумеснаму развіццю ваеннай інфраструктуры Беларусі і ЗВА Расіі ў інтарэсах РГВ(С). Вынік гэтых сумесных праграм мы, маўляў, акурат і назіраем з 24 лютага 2022 года.

Чытайце таксама:

Для падаўлення пратэстаў у 2020-м у Беларусь збіраліся накіраваць расійскія войскі пад легендай вучэнняў. Апублікаваны дакумент

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0