Сяргей Харын: Да беларусаў украінцы ставяцца куды лепей, чым да расіян. Фота: з асабістага архіва

«Наша Ніва»: Што такое «цэнтр палітычнага кансалтынгу», калі тлумачыць сутнасць працы максімальна проста?

Сяргей Харын: Калі коратка, то гэта кампанія, якая займаецца непасрэдна пытаннем камунікацый. Часцей палітычнага, радзей грамадскага характару. Прасцей кажучы, мы дапамагаем палітыкам ці палітычным сілам правільна выбудоўваць зносіны з патэнцыйнымі выбаршчыкамі. Каб тых, хто хоча выказацца, нешта данесці да кіраўніцтва, улады пачулі ды зразумелі. І тая ж праца актуальная ў адваротным кірунку.

Таксама мы прыкладаем намаганні, каб розныя інстытуты — эканамічныя, сацыяльныя — будавалі сістэму зносінаў, прыдатную ў надзвычайных сітуацыях. Тая ж крызісная камунікацыя, напрыклад, альбо прэвентыўная — наш хлеб.

У свае часы наша кампанія дапамагала ствараць ды наладжваць камунікацыйныя працэсы для адной з антыкарупцыйных структур Украіны — патрэбы ў іх з'явіліся пасля Рэвалюцыі Годнасці. Па сутнасці ж працуем з канца 90-х гадоў, а лакальную вядомасць ды вагу пачалі набываць падчас Аранжавай рэвалюцыі.

«Вайна ва Украіне пачалася не 24 лютага, а амаль адразу пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці яшчэ ў 2014-м». Фота: usnews.com

Пасля таго, як ва Украіне сфармавалася дэмакратычнае грамадства, пытанне камунікацыі паўстала востра, бо ад яго вырашэння стала многа што залежаць.

Выбаршчыкаў сталі успрымаць як пакупніка ў краме, які пры ўваходзе ў супермаркет адразу бачыць разнастайныя тавары ў кідкіх абгортках. Адпаведна, чым больш прыкметнае пакаванне, чым вышэй якасць нашага «прадукту», што схіляе чалавека абраць менавіта нашу прапанову, тым лепш зроблена праца.

Магчыма, гэта грубаватае параўнанне, але сутнасць адлюстравана максімальна дакладна.

«НН»: Як змянілася ваша праца ва ўмовах расійскай агрэсіі?

СХ: Вельмі важна разумець, што вайна ва Украіне пачалася не 24 лютага, а амаль адразу пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці яшчэ ў 2014-м.

Анэксія Крыма, пасля прарасійскі сепаратызм у Данецкай ды Луганскай абласцях, збіты малазійскі «Боінг», Данецкі аэрапорт, Ілавайскі кацёл — гэта ўсё той боль, з якім украінскае грамадства жыве апошнія восем гадоў. Мы адаптаваліся, мабілізавалі свае высілкі ды даем адпор.

Зразумела, з першых жа дзён уварвання ўсе эканамічныя ды грамадскія праекты, над якімі працавалі, адклалі ўбок і пераключыліся на барацьбу з акупантамі. Робім гэта на інфармацыйным фронце: дапамагаем дзяржаве камунікаваць з украінцамі па ўсёй тэрыторыі краіны праз сацыяльныя сеткі ды СМІ.

Сяргей Харын: Украінцы з вялікім разуменнем і спачуваннем аднесліся да падзей 2020 года ў вашай краіне. Фота: з асабістага архіва

Дарэчы, у падобным рэжыме ўжо працавалі падчас каранавіруса, калі трэба было штодзённа даводзіць да людзей сітуацыю ў рэспубліцы, тлумачыць дзеянні ўладаў, распавядаць пра парадак паводзінаў ды метады па забеспячэнні ўласнай бяспекі.

Акрамя выканання непасрэдных абавязкаў кожны супрацоўнік робіць персанальны ўнёсак у перамогу Украіны. Хтосьці ахвяруе грошы, іншыя арганізуюць дабрачынныя фонды альбо дапамагаюць валанцёрам, хапае і тых, хто здзяйсняе эвакуацыю людзей з небяспечных зон. Ніхто не застаецца абыякавым у барацьбе.

І хай сабе даволі вялікая колькасць супрацоўнікаў вымушана была пакінуць сваё жытло ды з'ехаць з гарадоў ці нават з Украіны, гэта не спыняе наша штодзённае функцыянаванне. Хутчэй наадварот: калегі матываваныя як мага хутчэй выгнаць акупантаў ды аднавіць мірнае жыццё на сваёй зямлі.

«НН»: Ці можаце распавесці, хто піша такія пранікнёныя звароты прэзідэнту Украіны?

СХ: Над тэкстамі працуе цэлы гурт таленавітых спецыялістаў. Вылучаць кагосьці асобна было б не вельмі правільна. Так, гэта піяр-каманда, якая аналізуе падзеі дня, узважвае, што з'яўляецца самым актуальным — і надалей імкнецца раставіць акцэнты менавіта на гэтых тэмах.

Скажам, у кожным звароце Уладзіміра Зяленскага да парламентаў свету ёсць моманты, якія падкрэсліваюць трагізм таго, што адбываецца на нашай зямлі. Праз пэўныя прыклады прэзідэнт імкнецца давесці не толькі катастрафічнасць становішча, але і мажлівасць кожнага са слухачоў паўплываць на сітуацыю — ці то праз выдаткі гуманітарнай альбо ваеннай дапамогі, ці праз актывацыю санкцый у дачыненні да краіны-агрэсара. Сюды ж дадамо статыстычныя выкладкі пра разбурэнні ва Украіне, якія таксама рыхтуюцца пад канкрэтныя прамовы. Гэта не проста сродак узмацніць рыторыку, але і доказная фіксацыя разбурэнняў за аўтарствам Расіі — канкрэтныя прыклады (з лічбамі, геалакацыямі, відаэдоказамі) супраць варожых пустых накідаў пра «фэйкі, якія сама сабе прыдумляе Украіна».

«НН»: Наконт мэсэджу заходнім палітыкам усё зразумела. А што важна даносіць зараз да ўкраінцаў?

 СХ: На кожным этапе вайны акрэслівалі пэўную павестку, каб вылучыць асноўны фокус увагі. У першыя дні важна было супакоіць жыхароў краіны, скаардынаваць іх дзеянні і даць зразумець, што ніхто іх не пакіне з баявымі падзеямі сам-насам.

Надалей на першы план выйшла інфармаванне людзей адносна эвакуацыйных калідораў, да якога актыўна падключылася міністр часова акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук — яна пагадзілася на ролю штодзённага спікера па гэтых пытаннях. Яе прамовы аператыўна падхопліваліся СМІ, дэталі выратавальных аперацый даходзілі да людзей нават у самых няпростых умовах. І дзякуючы гэтаму атрымалася выратаваць сотні тысяч жыццяў.

Зараз, калі ў некаторых рэгіёнах баявыя дзеянні скончыліся і жыццё там стала пакрысе аднаўляцца, фіксуем увагу на пытаннях бяспечнага вяртання людзей дадому. У тым ліку і эканамічнага вяртання: ад давядзення нюансаў атрымання разавай фінансавай дапамогі да аднаўлення жытла, што пацярпела ў выніку баявых дзеянняў.

Пастаянна трымаем сувязь з бізнэсам — нагадваем пра неабходнасць функцыянавання, тлумачым дэталі праграмы рэлакацыі.

Зараз гэта прамая камунікацыя: важна даваць адказы людзям на канкрэтныя пытанні. Гэта дазваляе запэўніць кожнага ўкраінца: ён не адзін, ён будзе пачуты і атрымае дапамогу ад дзяржавы, што б ні здаралася навокал.

«НН»: Чыя была ідэя рабіць запісы зваротаў Зяленскага з вуліцы?

СХ: Давайце называць гэта не «ідэяй», а натуральнай рэакцыяй. Напачатку вайны ледзьве не кожны дзень сутыкаліся з інфармацыйнымі «ўкідамі» на тэму ўцёкаў прэзідэнта ў Польшчу ды здрады апарату.

Таму спачатку сам Уладзімір Аляксандравіч пачаў запісваць відэа з Банкавай, а пасля да яго далучыліся і бліжэйшыя паплечнікі.

Гэта дазволіла проста, але аператыўна знішчаць фэйкі варожых СМІ. Пры гэтым мы разумелі: такія ўчынкі, хай сабе і рызыкоўныя, але імгненна супакойваюць краіну, а таксама фармуюць мужны вобраз кіраўніка дзяржавы.

Разумею, што вам цікавыя дэталі працы каманды. Але гэта вайна — тут мы не можам разгорнута распавесці пра тэхналогіі працы ці найбольш дзейныя метады. Але адзначу наступнае:

у Офісе прэзідэнта дасканала вывучаюць вобраз Уладзіміра Пуціна і фармуюць поўную яму супрацьлегласць.

Вось глядзіце: адкрытая вуліца Кіева — бункер на Урале, размовы на дыстанцыі выцягнутай рукі — даўжэзны ў некалькі метраў стол, «жывая» мова і рэгулярныя звароты, запісаныя на мабільны тэлефон — змантаваныя фразы клішэ. Гэта не толькі спроба паказаць адрозненне асоб на прыватным прыкладзе, але і агульны трэд, да якога імкнемся: сфармаваць у падсвядомасці людзей, што ўкраінцы і рускія — кардынальна розныя народы.

Дадамо, што з прыходам у каманду Міхаіла Падаляка, дарадцы старшыні Офіса, інфармацыйны парадак дня ды ўсе плыні, які генеруе Офіс, займелі больш вытрыманы ды кропкавы характар.

«НН»: Сёння да Беларусі ўкраінцы ставяцца вельмі неадназначна. Як кваліфікуюцца дзеянні афіцыйнага Мінска з вашага боку?

СХ: Украінцы з вялікім разуменнем і спачуваннем аднесліся да падзей 2020 года ў вашай краіне. Гэта не гучныя словы і не перабольшванні: у найноўшай гісторыі мы, як ніхто іншы са славянскіх народаў, разумеем важнасць дэмакратычнага выбару. Таму і сёння адчуваем несправядлівасць абсалютна несумленнай і пастановачнай выбарчай кампаніі, што праводзілася Аляксандрам Лукашэнкам.

Што да дня цяперашняга, то магу сцвярджаць упэўнена: зыходзячы з нашых статыстычных ды аналітычных даных, да беларусаў украінцы ставяцца куды лепей, чым да расіян. Хай сабе ваша краіна і ўскосна дапамагае агрэсару размяшчэннем войскаў, а таксама надаваннем інфраструктуры для вядзення баявых дзеянняў.

Растлумачу, чаму ва Украіне знак еднасці між Расіяй і Беларуссю ніхто не ставіць. Напрыклад, мы пастаянна атрымліваем паведамленні пра працу партызан з вашага боку, што зрывае планы па прасоўванні тэхнікі акупантаў. Акрамя таго, удзел непасрэдна ў вайне прымаюць дабраахвотніцкія батальёны з Беларусі. І мы ўспрымаем гэта не толькі як барацьбу за Украіну, але і супраць рэжыму, які паглынуў родную зямлю дадзеных ваяроў.

Нарэшце, нежаданне профільных беларускіх вайскоўцаў паўнавартасна ўступаць у вайну таксама істотна паўплывала на ацэнкі ўкраінцаў. Хтосьці, як мы даведаліся, адмовіўся брацца за зброю. Іншыя згубілі энтузіязм, калі пабачылі вынікі «спецаперацыі» і зразумелі, што іх чакае пры пераходзе мяжы. Аднак галоўнае, што ваша армія не пасадзіла крывавую пляму на свае мундзіры.

Як вынік, беларусаў усё ж такі ва Украіне з большага ўспрымаюць станоўча і імкнуцца раздзяляць паводзіны кіраўніцтва дзяржавы і пазіцыю простых людзей. Тады як да расіян агулам зараз наратыў цалкам адмоўны. І не толькі з-за вайскоўцаў альбо Пуціна: згодна з апошнімі сацыялагічнымі даследаваннямі, звыш за 70 адсоткаў насельніцтва краіны-агрэсара падтрымлівае ўварванне. І гэты факт нават каментаваць сэнсу не мае…

Спадзяюся, што вайна-2022 запусціць працэсы змены ўлады не толькі ў Расіі, але і ў Беларусі. Тым больш, што яшчэ два гады таму ваш народ адназначна выказаўся супраць Лукашэнкі як дыктара і супраць той палітыкі, якую ён ладзіць.

«НН»: Ці надараліся выпадкі, калі вас імкнуліся «перакупіць» альбо забяспечыць за грошы «патрэбныя» вынікі даследавання?

СХ: Што тычыцца сацыялагічных даследаванняў, пытанне сапраўды неадназначнае. На вялікі жаль, за апошні час ва Украіне павялічылася колькасць квазі-сацыёлагаў, пры дапамозе якіх пэўныя палітычныя сілы «малявалі» сабе падтрымку, а пасля на гэтыя рэйтынгі спасылаліся пры камунікацыі з народам. Напрыклад, такую стратэгію абралі прарасійскія палітыкі, самы вядомы з якіх Віктар Медзвядчук, кіраўнік партыі АПЗЖ.

Медзвядчук, які спрабаваў уцякчы за мяжу, быў затрыманы СБУ. Фота: фэйсбук Уладзіміра Зяленскага

Цягам некалькіх перадваенных месяцаў у інфармацыйнай прасторы ажыццяўлялася падтрымка гэтай плыні — ёй нават прадказвалі трэцяе месца на наступных парламенцкіх выбарах.

Аднак з пачаткам уварвання ўвесь гэты флёр вакол АПЗЖ развеяўся: на фоне кансалідацыі ўкраінскага грамадства фракцыя аб'явіла пра самароспуск, а Медзвядчук, які спрабаваў уцекчы за мяжу, быў затрыманы СБУ.

Дарэчы, гэта адна з асноўных прычын глабальнай памылкі, якую здзейсніў Уладзімір Пуцін пры рашэнні атакаваць Украіну.

Па той сацыялогіі, што даводзілася кіраўніку Расіі, мясцовы народ вінен быў падтрымаць вайсковую аперацыю і ледзьве не з кветкамі сустрэць варожую армію. Аднак фэйкавыя лічбы ў даследаваннях ды рэйтынгах нічога не могуць зрабіць нават па волі прэзідэнта.

Асабліва калі насельніцтва замест квіткоў на канцэрт Газманава цягнецца да кактэляў Молатава.

«НН»: На падставе чаго робіце выснову, што ў вас атрымліваецца супрацьстаяць расійскай прапагандзе?

Камунікацыя варожага боку будуецца на скажэнні альбо замоўчванні фактаў, падмене паняццяў і нават мантажы фота ды відэаматэрыялаў на дзяржаўным ТБ. Яны падаюць інфармацыю суха, афіцыйна, быццам, адсоўваюцца ад людзей, што, канешне, выклікае ў аўдыторыі пэўныя пытанні — асабліва калі супярэчнасці становяцца відавочнымі. І ўзровень даверу з кожным такім «канфліктам у разуменні» чалавека так ці інакш падмываецца.

«Камунікацыя варожага боку будуецца на скажэнні альбо замоўчванні фактаў, падмене паняццяў і нават мантажы фота ды відэаматэрыялаў на дзяржаўным ТБ». Карыкатура: Сяргей Ёлкін

Офіс Зяленскага абраў палярную тактыку — рэгулярнага інфармавання. Паўсюль ідзе прамая камунікацыя з карыстальнікам: тут вам і тэлевізійныя марафоны, і штодзённыя выступы кіраўнікоў краіны, і прамыя відэазвароты старшынь абласных адміністрацый. Нават дзяржаўныя мабільныя дадаткі былі пераарыентаваныя на распаўсюд інфармацыі, а ТБ-каналы прайшлі праз раскадзіроўку — і сталі бясплатнымі для любога карыстальніка з Украіны.

Мы б'емся за давер — і таму дазваляем праверыць нашую інфармацыю кожнаму, хто мае дэвайс ці мабільны тэлефон. Інфармацыйная вертыкаль максімальна празрыстая — ад кіраўніка тваёй грамады да прэзідэнта. Адсюль і ўпэўненасць у людзях кшталту Зяленскага, Кіма, братоў Клічко і гэтак далей — ды і давер да іх. 

«НН»: Як зменіцца камунікацыя ў трохкутніку Расія — Беларусь — Украіна пасля вайны?

СХ: Складана рабіць прагнозы, бо ўсё будзе залежаць не толькі ад таго, на якіх пазіцыях апынемся мы пасля спынення баявых дзеянняў, але і ад палітычных сітуацый ў Расіі ды Беларусі.

Да прыкладу возьмем сітуацыю з Марыупалем. Як адзначыў Уладзімір Зяленскі, калі расіяне не пакінуць абаронцаў горада жывымі, перамовы пра мір спыняцца датэрмінова. Прынцыпова кажа Украіна і пра тэрытарыяльную цэласнасць ды пра свабоду палітычнай волі сваіх грамадзян. Відавочна, расіяне такі падыход адмаўляюць — і толькі ў выпадку сур'ёзных зрухаў на фронце ці ў Крамлі зменяць пазіцыю. Як бачыце, тут нават у моманце немагчыма пабудаваць дыпламатычныя адносіны. Што ж казаць пра больш глабальныя перспектывы…

Тым не менш важна падкрэсліваць — і кіраўніцтва краіны гэта робіць зараз усё часцей: мы з цеплынёй ды павагай будзем ставіцца да грамадзян нават гэтай краіны. Аднак пры ўмове, што яны адэкватна ўспрымаюць сітуацыю з 24 лютага і па сёння ды дапамагаюць нам — альбо праз змаганне за Украіну, альбо праз хістанне аўтарытарных рэжымаў уласных дзяржаў.

Клас
49
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
1
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру