Яраслаў з гуртом РСП
Яраслаў малюе з калыскі, а цікавіцца палітыкай пачаў з 15-16 гадоў. Менавіта палітычная сітуацыя ў краіне аказала немалы ўплыў на творчасць маладога мастака.
«Нягледзячы на тое, што ў 2020-м мне яшчэ не было 18, я актыўна цікавіўся тым, што адбываецца. Калі даведаўся, што ў Гродна прыязджае Сяргей Ціханоўскі, то пайшоў паглядзець на яго выступ. Ніякіх засцярог, што гэта можа быць небяспечна, у мяне нават не ўзнікала, бо гэта было афіцыйнае мерапрыемства», — згадвае хлопец.
Аднак афіцыйны характар мерапрыемства ніяк не паўплываў на ход падзей. 29 мая на Савецкай плошчы ў Гродна быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі і яшчэ шэраг людзей. У іх ліку аказаўся і Яраслаў.
«Магчыма, амапаўцаў прыцягнула маё яркае адзенне і наяўнасць БЧБ-сцяга, — разважае наш суразмоўца. — Натуральна, я не меў ніякага дачынення да Ціханоўскага.
На той момант мне было ўсяго 17 гадоў, таму мяне пратрымалі нядоўга і ўжо ноччу адпусцілі без складання пратакола. Супрацоўнікі забралі толькі мой тэлефон, абяцалі, што вернуць, але больш свой тэлефон я так і не бачыў», — прызнаецца Яраслаў.
Калі праз дзень на плошчы выстраілася велізарная чарга гараджан, якія хацелі пакінуць подпісы за вылучэнцаў у кандыдаты ў прэзідэнты, мастак зноў быў там і вырашыў намаляваць чаргу з натуры.
«Потым быў плакат з Ціханоўскім. Я намаляваў Сяргея на фоне таго самага пікета і дадаў надпіс «I'll be back». У апошні дзень збору подпісаў я перадаў малюнак штабу Святланы Ціханоўскай, а яшчэ праз тыдзень яны самі са мной звязаліся. Штаб прапанаваў зрабіць серыю паштовак салідарнасці з затрыманымі ў Гродне ў той дзень. Тады я намаляваў дзесяць такіх паштовак.
Пасля мне прапанавалі зрабіць плакат з Паўлам Севярынцам, мы яго адправілі жонцы Паўла. Таксама быў плакат з Мікалаем Статкевічам.
Да калекцыі паштовак салідарнасці паступова дадаваліся новыя героі. Быў там і Вітольд Ашурак, які на той час быў яшчэ жывы», — згадвае хлопец.
Юнак кажа, што жаданне тварыць на папулярную тады тэматыку не мела пад сабой мэты хайпануть або зарабіць грошай. Напрыклад, са штаба Ціханоўскай Яраслаў узяў усяго па 5 рублёў за паштоўку. Па яго словах, гэта прыкладна тая сума, якая сыходзіць на матэрыялы. Хлопец адзначае, што ўсё рабілася ў першую чаргу дзеля ідэі.
У калекцыі мастака таксама быў трыпціх з Марыяй Калеснікавай, Веранікай Цапкала і Святланай Ціханоўскай. Падчас выступу ў Гродне Святлана запрасіла хлопца на сцэну, дзе ён падарыў ім гэтую сваю працу.
Фота: Hrodna.life / Руслан Кулевіч
З часам Яраслаў стаў адыходзіць ад палітычных тэм у сваёй творчасці, паколькі працаваць у гэтым кірунку станавілася ўсё больш небяспечна. Але пачаў рабіць партрэты вядомых беларусаў.
«Я наведваў курсы «Мова Нанова», а туды часта прыязджалі розныя знакамітасці, пакуль яны гралі ці спявалі, я маляваў іх з натуры. Потым падыходзіў і браў аўтограф. Дзякуючы гэтаму досведу я зразумеў, што магу стасавацца з такімі людзі, што ў гэтым няма нічога страшнага, бо яны такія самыя людзі, як і ўсе», — дзеліцца Яраслаў.
Партрэт Змітра Вайцюшкевіча
Першымі героямі, каго намаляваў хлопец, былі Ігар Банцар і Зміцер Вайцюшкевіч. Ёсць у яго партрэты Алеся Дзянісава, Маргарыты Ляўчук, Мікіты Бялевіча — агулам 16 прац у калекцыі. Усе іх хлопец захоўвае ў сябе, бо плануе зрабіць выставу. А аўтографы сваіх герояў збірае на спіне працоўнага халата.
Той самы працоўны халат
«Пасля выставы планую раздаць партрэты героям, або з іх дазволу выстаўлю карціны на продаж. Выставу хачу зрабіць гэтай восенню, але пакуль не ведаю, у якім горадзе. У мяне няма нейкай вызначанай лічбы, колькі на той момант павінна быть прац, але ёсць прынамсі тры асобы, чые партрэты я хачу намаляваць. Гэта Лявон Вольскі, Святлана Ціханоўская і Павел Латушка», — кажа мастак.
Ігар Банцар са сваім партрэтам
Першапачаткова хлопец рабіў партрэты толькі тых асоб, якія знаходзіліся ў Беларусі, а пасля ад’езду за мяжу — і тых, хто жыве ў Польшчы і Літве. Хлопец пісаў у Варшаве, Беластоку, Кракаве і Вільні.
«Калі я прыязджаў у Вільню, каб намаляваць Маргарыту Ляўчук, то зразумеў, што проста абавязаны намаляваць будынак, дзе знаходзілася рэдакцыя «Нашай Нівы», — дзеліцца мастак.
Цяпер ужо больш за месяц Яраслаў жыве ў Польшчы, дзе рыхтуецца да паступлення ў ВНУ. З Беларусі хлопец з’ехаў праз тое, што пачалася вайна.
«Негледзячы на тое, што я быў затрыманы ў адзін дзень з Ціханоўскім, маляваў на БЧБ-тэматыку і ніколі не хаваў сваю пазіцыю, у дачыненні да мяне не было ніякіх рэпрэсій. У нашым каледжы мастацтваў не адлічвалі праз палітычныя погляды. Таму з Беларусі я з’ехаў менавіта праз пачатак вайны.
Я зрабіў ПЛР-тэст і, нават не адлічваючыся з вучобы, проста з’ехаў. Невядома, што магло абыцца, раптам закрылі б межы і пазней выехаць ужо было б немагчыма», — разважае Яраслаў.
У Польшчы ён піша таксама прыгожыя краявіды і старыя будынкі. Яшчэ ў Гродне юнак часта маляваў горад. Прычым рабіў свае замалёўкі не толькі на традыцыйных матэрыялах, але і, напрыклад, на донцах аднаразовых кубачкаў для кавы.
Фота: Hrodna.life / Руслан Кулевіч
Творчасць дазваляе хлопцу не толькі самарэалізоўвацца, але і трошкі зарабляць. Гэтых грошай 19-гадоваму юнаку хапае на набыццё матэр’ялаў, аплату транспарту і на кішэнныя выдаткі.
«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста
Чытайце таксама:
«Я мару вярнуцца не проста ў Беларусь, а ў родны Бабруйск». Тыктокер Мікіта Бялевіч пра ад’езд, жонку і беларускамоўны кантэнт





