Стойкасцю абаронцаў Марыупаля ўражаны цэлы свет. Як і іх тактычнымі ўменнямі. Нягледзячы на тое, што расіяне практычна цалкам зруйнавалі горад, у якім цяпер няма вады, ацяплення і прадуктаў, заблакавалі яго з мора, украінскія абаронцы працягваюць да апошняга біцца за гэты стратэгічна важны горад на беразе Азоўскага мора.

Расіяне атакавалі горад з некалькіх бакоў. Прыкладна тыдзень абаронцы горада стрымлівалі ворага на подступах да горада. Кола акружэння вакол Марыупаля замкнулася 3 сакавіка, на 8-ы дзень вайны. Расіяне паступова сціскалі гэтае кола. Праз месяц, у пачатку красавіка, засталіся тры ачагі абароны: цэнтр горада, порт і завод «Азоўсталь». У порце трымалася брыгада ўкраінскіх марпехаў, на «Азоўсталі» — полк «Азоў» 

Тактыка расіян была брутальная: яны бамбілі, бамбілі, бамбілі і абстрэльвалі горад з установак залпавага агню. Колькі загінула мірных жыхароў — магчыма, ніхто ніколі не падлічыць. Расіяне прывезлі з сабой мабільныя крэматорыі, каб спальваць забітых. Прадстаўнікі гарадской адміністрацыі называюць лічбы: можа быць да 20 тысяч, можа быць, больш за 20. 

13 красавіка, на 49-ы дзень абароны, паў порт. Частка марпехаў з боем прарваліся з завода імя Ільіча да «Азова» на «Азоўсталі». Дзякуючы Starlink-у, яны маюць сувязь са светам. Кіраўнікі абароны ў вечар пасля прарыву запісалі відэазварот:

 

Безнадзейная, здавалася б, сітуацыя, але які спакой выпраменьвае ўкраінскі камандзір.

Што за чалавек, які аказаўся здольны не толькі арганізаваць такую складаную абарону, але і трымаць баявы дух сваіх байцоў у акружэнні шматкроць мацнейшага ворага?

Падначаленыя звяртаюцца да яго проста «дружа Рэдыс» (з націскам на першы склад).

Выкарыстанне мянушак — традыцыя палка. Тут усе звяртаюцца адзін да аднаго ў стылі «дружа Базыль» або «дружа Бугай». «Азоў» стваралі футбольныя фанаты. Сам Пракапенка тапіў за кіеўскае «Дынама». За зброю іх прымусіў узяцца 2014 год, калі Расія забрала Крым і першы раз паспрабавала захапіць поўдзень Украіны. Пасля Януковіча армія Украіны была ў вартым жалю стане. Абараняць краіну давялося вось гэтым пацанам, і яны стрымалі рускіх пад Данецкам. Вось вакол таго касцяка матываваных рамантыкаў і з’явіўся «Азоў».

«Друг Рэдыс» прыйшоў у «Азоў» 11 ліпеня 2014 года простым гранатамётчыкам. А перамір'е 2015 года ён ужо сустрэў камандзірам роты. Ніякай афіцэрскай адукацыі ў яго не было. Ëн скончыў кіеўскі Лінгвістычны: вывучаў англійскую і нямецкую мовы. Але былі ў ім яўныя задаткі лідара, раз ён так хутка ўзняўся па армейскай лесвіцы.

«Тады скончылася вайна ў фармаце «сценка на сценку» і «натоўп на натоўп», і мы разумелі, што нам вельмі тэрмінова з невайсковых людзей трэба станавіцца вайскоўцамі, інакш мы выйдзем кудысьці не туды. І тады мы выбралі стандарты НАТА — ад афармлення карт, штатных структур падраздзяленняў да тактычных пабудоў і прыёмаў», — гаварыў Пракапенка ў інтэрв'ю. «Азоў» быў у гэтым сэнсе першым. Рэшта ўкраінскай арміі зробіць тое самае праз некалькі гадоў.

Чытайце таксама: Экскурсія ў»Азоў». Адзін дзень з украінскім палком спецпрызначэння

У 2017 годзе ў 26 гадоў Дзяніс Пракапенка стаў самым маладым камандзірам палка ў гісторыі Узброеных сіл Украіны. 

Ядро «Азова» складалі правыя нацыяналісты. Пры Пракапенку ён перарос у элітную вайсковую адзінку спецыяльнага прызначэння. Але пры гэтым захавалася пачатковая ідэйнасць, а часам і непакорлівасць.

А ў жніўні 2019 года Пракапенка атрымаў з рук Уладзіміра Зяленскага ордэн Багдана Хмяльніцкага III ступені. Тое ўзнагароджанне справакавала скандал. Пракапенка не выканаў воінскага прывітання вярхоўнага галоўнакамандуючага, прэзідэнта Украіны. 

Многія ацанілі тую стойку Пракапенкі на зважай як дэмарш, але Зяленскі камандзіра не звольніў.

Пракапенка — нашчадак карэла, які цудам выжыў у Савецка-фінскай вайне 1939—1940 гадоў: «Такое адчуванне, што я працягнуў тую ж вайну, але на іншым участку фронту, вайну супраць акупацыйнага рэжыму Крамля. У майго дзеда была такая нянавісць да камунізму, да бальшавізму, да саўка… Уяўляеш, што такое страціць сваю сям'ю? Гэта значыць, усе яго браты загінулі, радня…»

Пракапенка заўсёды скептычна ставіўся да магчымасці дыпламатычнага вырашэння канфлікту з Расіяй. 

«Я лічу, што мы дастаткова моцныя, каб крывёю і потам адваёўваць нашу зямлю, а не ісці на нейкія падачкі ад Расіі. Нам не патрэбна як падарунак зямля, што і так належыць нам. Гэта няправільна. Мы павінны адстойваць сваю зямлю і не маем права аддаваць Данбас ні ў якім разе…» — казаў ён яшчэ да таго, як стаць камандзірам.

Цікава, што Пракапенка ў канцы 2021 года спрагназаваў не толькі поўнамаштабнае ўварванне расійскіх войскаў, але і тое, па якім сцэнары яно будзе адбывацца.

«Азоўсталь» — гіганцкі завод, у 25 разоў большы за дзяржаву Ватыкан, пад ім ёсць разгалінаваная сістэма падземных камунікацый і бомбасховішчаў. 

Але сітуацыя для ўкраінцаў бязрадасная. Групоўка праціўніка ў дзясятак разоў перавышае ўкраінскую. Яны пануюць у паветры, у артылерыі. Украіна не здольная ажыццявіць дэблакаду Марыупаля, сілаў Украіны хапае толькі на абарону. Прабіцца да Марыупаля стэпам праз 100 кіламетраў ва ўмовах, калі Расія кантралюе паветра, немагчымая задача. Дыпламатычнае вырашэнне сітуацыі таксама не праглядаецца.

«Мы будзем біцца да апошняй кроплі крыві. Нам не страшныя ні варожыя танкі, ні ракетныя ўдары, ні авіяцыя. Я загадваю кожнаму байцу палка «Азоў» змагацца да апошняга. Разам да перамогі. Слава Украіне», — кажа Пракапенка.

«Вораг парушае правілы вайны, абстрэльваючы цывільных людзей і руйнуючы інфраструктуру горада. Мы выконваем свой абавязак вайскоўцаў, нашы ваяры мужна змагаюцца. Заклікаем закрыць неба над Украінай, даць сучасную зброю і арганізаваць гуманітарную дапамогу для цывільных людзей у Марыупалі. У гэты гістарычны момант павінны спыніць агрэсара разам», — адзначае ён.

«Трэба заўсёды мець самавалоданне і спакойна думаць у любой сітуацыі. Гэта значыць, у выпадку страт не трэба ўпадаць у паніку, неабходна, каб мозг разважліва працаваў, каб далей выконваць пастаўленую задачу і не ўспрымаць гэта блізка да сэрца падчас правядзення аперацыі», — казаў ён.

19 сакавіка, на 24-ы дзень абароны, Дзянісу Пракапенку было прысвоенае званне Героя Украіны.

Клас
133
Панылы сорам
3
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
15
Абуральна
4