Студзёнкі

У вёсцы не чуваць ні сабак, ні пеўняў. Але жыццё ў Студзёнках усё ж такі ёсць. На ганку драўлянага дома журналістаў сустракае 87-гадовая Марыя Васілеўна. У Студзёнках зімуюць яна і Косця, а калісьці тут кіпела жыццё і гуляла моладзь.

— Усе ці разʼехаліся, ці паўміралі. Во, як жызнь звяла — я адна засталася, — кажа жанчына.

Пасля вайны яна ездзіла на заробкі і пілавала лес, а потым падымала калгас і працавала паболей за мужыкоў «i на сеялцы, i на палявых«. Нават на дошку гонару трапіла і медалі атрымала.

«А як пенсію палучаць, дык самую меншую далі — вось вам і медалі, ні *** не далі», — рагоча бабуля.

Кот, сабака, хата, аўталаўка — так можна апісаць будні. У размове Марыя Васілеўна ні на што не скардзіцца, акрамя коштаў.

У двары ў Косці на ветры «гайдаецца» адзенне. На гарызонце зʼяўляецца высокі чалавек у камуфляжнай куртцы. Косця — апошняя надзея на адраджэнне вёскі.

У Студзёнках Косця пасяліўся пяць гадоў таму. Жыве ў доме бабулі. Сам з Куранца. Кажа, што дом перабудуе, «каб атрымліваць асалоду ад жыцця на вёсцы».

— Мне падабаецца на вёсцы, разумееце? Свабода тут, паветра, — загаворваючы пра жыццё, Косця завяршае сваю філасофію словамі «як ёсць, так ёсць» і называе сябе сіратой.

— Таму што без жонкі, кінула, — кажа ён і дадае, што ў суседняй вёсцы Казаны «таксама ёсць такі» — без жонкі.

На жыццё ў Косці планы ёсць. Пункт №1 — будоўля.

— Вазьмуся за добраўпарадкаванне могілак, пачнецца абарот грошай, куплю цэмент, пачну дом перабудоўваць. Падмурак пад лазню ўжо заліў, — пералічвае ён і загаворвае пра жанчын.

— Знайсці — не праблема, пытанне — у якасці.

— А якасная — гэта якая? — пытаемся.

— Каб гаспадарлівая была, якая разумее і «паляну» хутка накрыла, — фармулюе Косця.

Працягваючы жыццёвыя тэмы, ён запэўнівае, што жыццё на вёсцы абыходзіцца танней за гарадское.

— А дзе тут фарсіць у модных шмотках? — гучыць рытарычнае пытанне. — Ежы мне аднаму таксама шмат не трэба. Я і на сто рублёў пражыву, — распавядае Косця пра баланс выдаткаў.

Казаны

У Казанах — вёсцы з адной вуліцай — зімуюць два чалавекі. Бабуля Ніна і Сяргей, які зʼехаў у Казаны пасля «няўдалага шлюбу». Гаспадар распавядае, як яму жывецца.

— Выдатна! Не засмучаны і з нервамі спакойнымі. Вы паглядзіце на людзей у горадзе: з розным клопатам, замардаваныя, з імі ж размаўляць немагчыма: грошы, бізнэс, падмануць, урваць — размовы пра адно і тое ж.

Сяргей — звычайны беларус. Кажа, што да яго ўзросту ў кожнага павінна быць прыбытковая прафесія і што сам ён — станочнік шырокага профілю. Працуе на фабрыцы пад Мінскам па графіку 2 праз 2 — і асабіста ён шчаслівы.

— Лазню і гараж пабудаваў, цяпер вясна, бульбу пасаджу. Мне гэта ў радасць. Я — мужык зямлі, — і зноў пачынае гаварыць на любоўную тэму.

— Пасля 40 гадоў трэба разводзіцца і жыць асобна, таму што жыццё ў гэтыя гады толькі пачынаецца, — нечакана кідае ён.

— А з жанчынамі, атрымліваецца, жыццё пасля 40 заканчваецца?

— Жанчына — нервы. Калі да гэтага часу не склалася, навошта трываць? Я трываў, а да 40 гадоў зразумеў: не тое. І рэч не ў тым, што жанчына ўвесь час нешта просіць. Гэта дурасць.

— А ў чым?

— Яна становіцца невыноснай з-за сваіх праблем і паводзін, — удакладняе Сяргей. — У Сярэднявеччы як было? Жанчыне дазвалялі сказаць, давалі слова. А цяпер заробак адбіраюць і «разганяюцца» так, што на «тры галавы» мужыка «абскокваюць». Можа, мужыкі і самі вінаватыя, — здаецца, стэрэатып Сяргея аб патрыярхаце разбіваецца аб «скалу».

Жыве Сяргей без звыклых гарадскіх выгод, і, кажа, праз 3—4 дні сельскія будні наганяюць тугу.

— Цягне ў горад. Хочацца змяніць абстаноўку: зайсці ў кавярню, на людзей паглядзець. Мне трэба расслабіцца. Але пераязджаць у горад не хачу. Тут жа свабода.

Клас
59
Панылы сорам
33
Ха-ха
28
Ого
5
Сумна
8
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру