У Гродне адбылася самая рэйтынгавая і скандальная гульня тура. vk.com/fcshakhterby
Самая рэйтынгавая сустрэча гульнявога дня выдалася найбольш скандальнай. Чэмпіён краіны, салігорскі «Шахцёр», не здолеў у Гродне скарыць «Нёман». Да перапынку «гарнякі» ўвогуле выглядалі ніякавата, з-за чаго і хуткі мяч прапусцілі, і на чужую палову амаль не высоўваліся. Толькі пасля замен Сяргея Ташуева «Шахцёр» крыху ажыў ды аднавіў раўнавагу на 78-й хвіліне нагамі Скавыша.
А ўжо ў кампенсаваны час здарыўся эпізод, які і запусціў ланцуг самых рэзанансных падзей уік-энду. Атака гасцей давяла Дарба ды Анціча да брамы «Нёмана» — і выглядала патэнцыйна галявой. Аднак афрыканец адмовіўся пасаваць на серба, з-за чаго момант сапсаваў. Балканец напачатку выказаў незадаволенасць партнёру на полі.
А пасля фінальных 1:1 працягнуў «выхаванне» ў раздзявальні. Дарба адказаў кулакамі.
У выніку спалахнуў канфлікт, які толькі сцвердзіў і без таго таксічную атмасферу ў клубе. Пра яе нават давялося гаварыць галоўнаму трэнеру чэмпіёнаў на прэс-канферэнцыі.
Тым не менш, за ўсімі праблемамі «Шахцёра» не варта забывацца на камплімент гарадзенцам. Упершыню ў гісторыі «Нёман» ні разу не саступіў у пяці стартавых турах вышэйшай лігі.
Упершыню ў гісторыі «Нёман» ні разу не саступіў у пяці стартавых турах Вышэйшай лігі. Фота: vk.com/fcshakhterby
А вось БАТЭ пайшоў яшчэ далей — і выйграў усе сустрэчы, што прапанаваў каляндар з пачатку сезону. Чарговай ахвярай барысаўцаў стаў «Гомель»: Вілюмсан ды Шуманскі адзначыліся трапнымі стрэламі, на які голам адказаў толькі Адэала.
Мяч афрыканца стаў знакавы, бо БАТЭ дагэтуль у першынстве-2022 не прапускаў. Адпаведна, кіпер барысаўцаў Андрэй Кудравец перарваў сваю «сухую» серыю.
Тым не менш 18-гадовы футбаліст стаў самым маладым у гісторыі першынства брамнікам, хто 500 хвілін запар не дазваляў адзначыцца апанентам.
Адзначым і першую паразу ў чэмпіянаце «Энергетыка». Пасля бадзёрага старту мінчукі не здолелі спыніць «Іслач», бо прапусцілі двойчы — напачатку кожнага з таймаў. Як вынік, хатняя няўдача, нягледзячы на гол з пенальці Рылача, ды пяты матч запар, дзе калектыў Паўла Раднёнка не можа захаваць браму недатыкальнай.
А вось мінскае «Дынама» адужала «Дняпро» — і разам з БАТЭ ды «Нёманам» засталося непераможным. За кошт галоў Пуцілы ды Вільяма «бела-блакітныя» перасунуліся на другі радок табліцы.
Астатнія вынікі тура выглядаюць так:
- Арсенал — Слуцк — 1:1
- Белшына — Віцебск — 2:2
- Славія — Тарпеда БелАЗ — 2:2
- Мінск — Дынама Брэст — 2:0
Такім чынам, пасля пяці тураў Вышэйшую лігу ўзначальвае БАТЭ з 15 пунктамі. На рахунку мінскага «Дынама» 11 пунктаў, 10 — у «Энергетыка» ды футбольнага клуба «Мінск».





