— Ці праўда, што людзі ў Херсоне цяпер працягваюць выходзіць на мітынгі супраць акупацыі?

— У апошні час людзі не выходзяць на мітынгі ў Херсоне, паколькі падчас апошніх мітынгаў былі вельмі жорсткія дзеянні з боку вайскоўцаў: стралялі па нагах людзей, разагналі слёзатачывым газам, дубінкамі, многіх людзей пазабіралі, і іх лёс да гэтага часу невядомы.

 Таксама вядома, што пасля мітынгаў, калі людзі ішлі дадому, каля дома іх чакалі так званыя зэткі — гэта мікрааўтобусы, на якіх перасоўваюцца ФСБ па горадзе, і іх таксама забралі ад пад'ездаў і павезлі ў невядомым кірунку. Зыходзячы з гэтага, людзі проста баяцца выходзіць на мітынгі, і ў апошні час іх няма — напэўна, тыдні паўтары ці два.

— Тыя паведамленні, якія прыходзяць, пра мабілізацыю жыхароў Херсонскай вобласці ў расійскую армію — нешта зразумела пра гэта на вуліцах горада? Ці можна заўважыць нейкія такія сігналы?

 — На вуліцах горада, на шчасце, пакуль такіх рэчаў не адбываецца, але шмат прыходзіць такіх паведамленняў з вобласці. Наколькі становіцца зразумела, расійскія вайскоўцы баяцца публічна гэта рабіць, баяцца агалоскі. Такія паведамленні ў асноўным прыходзяць з вёсак, дзе ёсць магчымасць кантраляваць насельніцтва. Цэлы месяц прыходзяць паведамленні, што яны забіраюць у мясцовых жыхароў тэлефоны, правяраюць іх змесціва, перапіскі. Гэтыя паведамленні фрагментарныя, але ёсць інфармацыя пра тое, што мабілізуюць мясцовых жыхароў, прымушаюць капаць акопы — гэта значыць, рабіць падсобную працу для расійскай арміі. Зброю ў рукі ніхто не дае.

— Былі таксама паведамленні, што Расія закрыла выезд з Херсона ў бок анэксаванага Крыма, таму што як раз многія мужчыны з'язджаюць праз Крым у Расію, а потым у Еўропу. Уезд адкрыты або не?

— Пра ўезд у Крым я не ведаю. Ёсць інфармацыя аб тым, што закрыты выезд у бок Мікалаева. У нас многія людзі стараліся выехаць у бок неакупаванай Украіны, і з мінулай пятніцы закрылі выезд у бок [Заходняй] Украіны — ёсць магчымасць выехаць толькі ў бок Крыма. Але як цяпер там ідуць справы, пакуль няма магчымасці даведацца. На тым баку ракі таксама вельмі дрэнная сувязь, і часта нельга давяраць паведамленням, якія адтуль прыходзяць.

— Ці бачныя нейкія прыкметы таго, што ў Херсоне расійскія акупацыйныя войскі цяпер рыхтуюць рэферэндум? Адкуль з'яўляюцца паведамленні пра тое, што ён можа адбыцца ўжо ў сераду?

— Гэтыя паведамленні распаўсюджваюць прапагандысцкія рускія телеграм-каналы. Бачная такая падрыхтоўка да рэферэндуму. Сёння толькі прыйшло паведамленне, што ў Голай Прыстані за ноч зніклі ўсе ўкраінскія сцягі, а на іх месцы з'явіліся рускія. У Херсоне гэта адбываецца падобным чынам: ноччу на адным будынку знікае ўкраінскі сцяг — з'яўляецца рускі. Здымаюцца сюжэты для рускага тэлебачання пра тое, што нібыта людзі вельмі задаволеныя тым, што сюды прыйшлі салдаты, што іх нібыта вызвалілі, што яны бяруць рускую гуманітарку і шчаслівыя, што нарэшце іх накармілі. Інфармацыйна рыхтуецца такая глеба. І ўсё гэта адбываецца на фоне замены ўкраінскіх сцягоў на рускія.

— Як вы думаеце, людзі пойдуць на такі рэферэндум?

— Не, людзі не пойдуць на рэферэндум. Больш за тое, людзі выразна бачаць, што прыязджае машына, якая раздае так званую крымскую гуманітарку на вельмі слабазаселены раён, прыходзяць каля 500 жыхароў, большасць з іх не мясцовыя. Гэта значыць, прыехала «зэтка», за ёй прыехалі тры аўтобусы з людзьмі, яны пастаялі, зрабілі карцінку.

Мы дакладна разумеем, што рэферэндум будзе адбывацца ў такім жа ключы: прыедуць нейкія людзі, якія будуць называцца херсонцамі, самі правядуць рэферэндум, а мы пра гэта нават не будзем нічога ведаць. Таму настрой да гэтага, вядома, негатыўны. Але мы разумеем, што мы з гэтым нічога зрабіць не можам, таму што калі мы будзем спрабаваць выходзіць на нейкія мітынгі, нас проста паб'юць, расстраляюць або пасадзяць.

— Ці можаце вы абагульніць, як цяпер выглядае жыццё ў Херсоне? Ці працуе мабільная сувязь, ці працуюць прадуктовыя крамы, рынкі, транспарт і гэтак далей?

— Мабільная сувязь працуе. Збольшага працуюць крамы, ёсць тавары першай неабходнасці: гародніна і крупы. Вялікая праблема з медыкаментамі: іх фактычна няма. Людзі з хранічнымі захворваннямі проста ў паніцы — увесь дзень спрабуюць па горадзе знайсці хаця б нейкія лекі, ужо купляюць з рук. Калі коратка: выжыць можна — жыць нельга.

«Глупства або здрада, магчыма, і тое і другое». Як здалі Херсон

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру