Юльяна Шаметавец

Юльяна Шаметавец

Колькі чалавек у складзе «Кіберпартызан» сёння і хто яны?

Новыя людзі не адразу дапускаюцца да заданняў і праектаў, сцвярджае яна. Перш-наперш ім трэба прайсці пратакол праверкі, шэраг заданняў.

«Не ўсе новыя людзі ў прынцыпе будуць пасля ўдзельніцаць у атаках. Існуе і іншы важны фронт працы: гэта і распрацоўка бяспечных праграм — партызанскіх тэлеграмаў, sms-паведамленняў, і аналіз даных. Касцяк групы, які сфармаваўся яшчэ ў 2020 годзе, імкнецца размяркоўваць заданні і каардынаваць новых людзей», — расказвае Юльяна.

Большасць з кіберпартызан, у тым ліку сама Юльяна, — валанцёры, кажа яна.

Украінскую тэму паставілі ў прыярытэт, таму што, лічаць у «Кіберпартызанах», без свабоднай Украіны і Беларусі будзе немагчыма дасягнуць сваёй незалежнасці.

«Мы дапамагаем украінскім кібергрупам і дзяржаўным структурам, падаючы патрэбную інфармацыю — напрыклад, даныя беларускіх вайскоўцаў для СБУ, доступ да пэўных сістэм. У тым ліку супрацоўнічаем з батальёнам Кастуся Каліноўскага і напрамую з УСУ», — кажа суразмоўца.

Што ажыццявілі кіберпартызаны падчас вайны

27 лютага і 2 сакавіка адбыліся атакі на Беларускую чыгунку. Менавіта беларускія кіберпартызаны ўзялі на сябе адказнасць за ўзлом яе ўнутранай сеткі.

«Падрыхтоўка да гэтай аперацыі была працяглай, але рашэнне атакаваць менавіта ў гэтым кірунку было аднагалосным, — кажа суразмоўца. — «Кіберпартызаны» уваходзяць у склад руху «Супраціў», і ўсе рашэнні ў яго межах прымаюцца на агульнай нарадзе прадстаўнікамі розных груп», — патлумачылі «Нашай Ніве».

«Трэба было замарудзіць перакідванне расійскіх войскаў, даць украінцам больш часу на адбіццё нападу, а таксама паказаць, што беларускі народ не прымае знаходжання расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі і будзе гэтаму супраціўляцца», — тлумачаць логіку сваіх дзеянняў кіберпартызаны. 

«Разуменне важнасці інфраструктуры Белчыгункі існавала з самага пачатку заснавання «Супраціву». Вывучаць яе пачалі даўно, і да снежня 2021 года кіберпартызанам удалося прабрацца ў сістэму. Тады была здзейсненая першая атака, якая не афішавалася. Важна было проста адсачыць рэакцыю супрацоўнікаў і іх магчымасці ўсё аднавіць. Мы пабачылі, што ў студзені было адноўлена каля 40% камп’ютараў», — кажуць кіберпартызаны.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«Самае галоўнае ў нашай дзейнасці — не паўплываць на жыццё звычайных грамадзян, таму спробы атак сістэм сігналізацыі і аўтаматыкі не праводзіліся, і мы заняліся сістэмай, звязанай з камерцыйнымі цягнікамі. Былі выдаленыя бэкапы, базы даных, перасталі працаваць серверы і ўнутраныя сэрвісы, квіткі можна было набыць толькі праз білетныя касы. Усё гэта — каб хоць ускосна паўплываць на перамяшчэнне расійскіх цягнікоў, — тлумачаць яны. — Але калі пасля пачатку вайны пракансультаваліся з людзьмі са сферы, то ўжо змаглі паспяхова атакаваць сістэму аўтаматыкі — яна была вырубленая на два дні. Дзякуючы гэтаму, а таксама дапамозе партызан на зямлі, адбылося спыненне вайсковых цягнікоў з Расійскай Федэрацыі, у іх не атрымалася выбудаваць нармальную лагістыку і падтрымку сваіх сілаў на мяжы», — кажуць кіберпартызаны.

Таксама «Кіберпартызаны» атакавалі роўтары і рознае абсталяванне Белчыгункі.

«Мы ведаем, што там была спроба яго замяніць, але як толькі прыносяць новае, вірус трапляе і на гэтае абсталяванне».

Ці чакаць яшчэ зліваў размоў чыноўнікаў?

Кіберпартызаны вядомыя таксама злівамі размоў чыноўнікаў, супрацоўнікаў МУС. Яны сцвярджаюць, што такога кантэнту ў іх на руках «яшчэ мільёны хвілін». Пакуль іх апрацоўка прыпынілася, бо ўсе сілы былі перакінутыя на дапамогу Украіне ў змаганні, але яна абавязкова адновіцца.

«Мы бачым, як гэтыя злівы натхняюць людзей, адганяюць апатыю ў гэтым тэроры і рэпрэсіях. Мы атрымалі шмат словаў удзячнасці. Злівы паказваюць, у якім маральна-этычным стане жыве рэжым і карнікі, кім яны лічаць беларускі народ і на якіх узроўнях у сістэме прымаюцца рашэнні. Увогуле, да 2020 года гэта яны ведалі ўсё пра беларусаў, а беларусы не ведалі пра іх нічога. Цяпер сітуацыя змянілася. І так і павінна быць», — каментуе Юльяна.

Парады па бяспецы ўнутры краіны

Нягледзячы на тое, што міліцыя рапартавала пра затрыманні памагатых кіберпартызан (напрыклад, дырэктара лагістычнай кампаніі Сяргея Ляхновіча, які нібыта прыняў удзел у кібератацы на сайт БДМУ восенню 2020-га), самі актывісты адмаўляюць зняволенне людзей, якія ім дапамагалі.

«Гэта частая практыка ў міліцыі — паказаць поспех адлову людзей, што супрацоўнічаюць з такімі, як наша, арганізацыямі, але абвінаваціць у супрацоўніцтве «левых» людзей — якія былі падпісаныя на каналы руху «Супраціў», напрыклад, ці проста са сферы IT.

У любым выпадку, нам вельмі сумна, калі затрымліваюць любых людзей — ці за колер адзення, ці за падпіску, ці за палітычнае меркаванне. Менавіта таму «Кіберпартызаны» і стварылі «Партызанскі Тэлеграм» — код гэтай праграмы ёсць у адкрытым доступе. Бяспека — найперш, людзі павінны пра яе клапаціцца. Гэта мінімальнае дзеянне, якое беларусы могуць зрабіць унутры Беларусі — засцерагчы сябе. «Партызанскі Тэлеграм» дзейнічае так, што ты прыдумляеш спецыяльны код, і калі цябе затрымліваюць, ты называеш яго супрацоўніку МУС. Ëн яго ўводзіць, і аўтаматычна пачынаюць выдаляцца падпіскі, чаты — усё тое, што было адзначана чалавекам для гэтай мэты першапачаткова. Вельмі заклікаем усіх унутры Беларусі карыстацца такімі рэчамі і VPN».

Яшчэ адзін з кірункаў працы кіберпартызан — стварэнне бяспечных ботаў, якія дазваляюць дзяліцца інфармацыяй цалкам ананімна. Так, яны стварылі каля ста ботаў для розных апазіцыйных каналаў і грамадзянскіх ініцыятыў.

Чаго чакаць ад «Кіберпартызан» бліжэйшым часам?

«Кіберпартызаны» кажуць, што для іх і ўсяго руху «Супраціў», у склад якога яны ўваходзяць, галоўныя мэты з 2020 года застаюцца нязменнымі:

«Па-першае — тэрытарыяльная цэласнасць, незалежнасць краіны. Па-другое — змена рэжыму, і па-трэцяе — пераход на дэмакратычную сістэму з незалежнымі інстытутамі, судамі, медыярэсурсамі і свабодай удзелу ў палітычным жыцці. Для дасягнення гэтай мэты тактычна важная падтрымка Украіны, — лічыць Шаметавец. — Важна зрабіць усё, каб расійскі рэжым пачаў развальвацца. Расійская імперыя не дасць спакойна існаваць ні Беларусі, ні Украіне».

Юльяна Шаметавец

Юльяна Шаметавец

Чытайце таксама:

Чыгуначнік пра ўзлом сістэмы на Беларускай чыгунцы: «Рабочыя радыя, што ўсё так адбываецца»

«Беспрэцэдэнтны правал». «Кіберпартызаны» скралі базы сілавікоў, да чаго гэта прывядзе?

Клас
95
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1