Яўген Прановіч. Фота: vk.com/fcshakhterby

Яўген Прановіч. Фота: vk.com/fcshakhterby

Усё пачалося ў жніўні 2020 года, пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, якія нібыта выйграў Аляксандр Лукашэнка. Сотні тысяч беларусаў выйшлі пратэставаць супраць скрадзеных галасоў, але ж мірныя дэманстранты сутыкнуліся з жорсткім гвалтам з боку сілавікоў.

Прановіч таксама выказваў свой пратэст. Ён даў інтэрв’ю, у якім выказаў, што ён думае пра Лукашэнку, але ж Яўген ніяк не чакаў таго, што будзе потым, піша onet.pl.

Як расказвае Прановіч, сілавікі скралі яго з аўтобуснага прыпынку і адвезлі ў лес. Ён называе гэта звычайным метадам дзеяння беларускіх сілавікоў — скрасці чалавека і прыніжаць яго. Ад Яўгена патрабавалі, каб ён выпусціў заяву, дзе сказаў бы, што ўсё, што ён сказаў у інтэрв’ю, няпраўда, і што насамрэч ён падтрымлівае Лукашэнку. На яго крычалі, да яго галавы прыставілі пісталет, але Яўген усё роўна не выканаў патрабаванні сілавікоў, бо «сумленныя людзі так не робяць».

Вось чым усё скончылася: «Я баяўся за сваё жыццё, але адмовіўся. Нарэшце, праз 40 хвілін, яны пакінулі мяне і з’ехалі адтуль. Мне спатрэбіўся нейкі час для таго, каб высветліць, дзе я, і вярнуцца ў горад». З цягам часу Яўген зразумеў, што рана ці позна ён можа апынуцца праз свае погляды ў турме, і прыняў рашэнне з’ехаць за мяжу.

Страціць працу праз адну сумленную гульню

Ён не сумуе па той Беларусі, у якой жыў, дзе сілай прымушаюць падтрымліваць рэжым Лукашэнкі, дзе рэжым знішчае ўсіх апанентаў і кантралюе ўсе сферы жыцця. Сярод такіх сфер нават спорт, дзе суддзям наўпрост кажуць, за чыю каманду яны сёння будуць гуляць, і калі яны не паслухаюцца, у іх будуць праблемы.

Так здарылася з арбітрам Віталём Аніхімоўскім, якога прызначылі ў верасні 2021 года судзіць матч 23 тура ў першай лізе паміж «Белшынай» і пінскай «Хваляй». За пару дзён да гульні Аніхімоўскаму пазваніў Георгій Вярбіцкі, адзін з інспектараў першай лігі, і наўпрост паведаміў: кіраўніцтва Беларускай федэрацыі футбола хоча, каб «Белшына» перамагла і выйшла ў вышэйшую лігу. Такая зацікаўленасць у бабруйскім клубе была цалкам зразумелай: у той момант «Белшына» ішла трэцяй у табліцы і на два ачкі адставала ад ненавісных рэжыму Лукашэнкі «Крумкачоў».

Апошнія ўсё-ткі не здолелі выйсці ў вышэйшую лігу, але Аніхімоўскі не меў да таго дачынення. Ён адказаў Вярбіцкаму, што яго такое не цікавіць, і зрабіў пасля той гульні выснову, што яму няма чаго шукаць у Беларусі. Насамрэч, пасля таго матчу Аніхімоўскі адпрацаваў толькі на адной гульні, потым на два месяцы быў адхілены ад працы, а пазней пачуў ад свайго шэфа, што яму няма месца ў беларускім футболе.

Пасля таго, як Аніхімоўскі выехаў з краіны, ён пакінуў у сваім Instagram заклік да калегаў-арбітраў спыніць працу на матчах у знак пратэсту супраць вайны ва Украіне. Цяпер Віталь разумее, што ён не можа вярнуцца у Беларусь — як мінімум падчас праўлення Лукашэнкі. Як ён лічыць, жыццё ў Беларусі ўсё ж зменіцца, але да гэтага павінен прайсці нейкі час — недзе пяць-дзесяць гадоў.

Магчыма, што такія арбітры, як Яўген Прановіч ці Віталь Аніхімоўскі, пазней здолелі б судзіць матчы ў іншых краінах. Прынамсі, Аніхімоўскі плануе з наступнага сезона вярнуцца да працы ў нейкай краіне, але пакуль невядома, у якой.

«Нашу Ніву» фінансуюць яе чытачы — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

Беларускі футбольны трэнер назваў вайну ва Украіне генацыдам і не змог стрымаць слёз ВІДЭА

Клас
11
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
2