«Мы не хочам, каб беларусы гінулі ад украінскіх ракет»

Арастовіч сказаў, што Украіна не будзе бамбіць Беларусь у адказ.

«Таму што наколькі блізкія могуць быць два народы, настолькі блізкі нам беларускі народ. Зацяганае слова браты ў адносінах да расіян не хочацца выкарыстоўваць, а ў адносінах да беларусаў — так.

Таму нягледзячы на тое, што маюцца ўсе прыкметы ваеннай агрэсіі (я нагадаю, што па міжнародным заканадаўстве нават пропуск над сваёй тэрыторыяй крылатых ракет праціўніка і авіяцыі — гэта ўжо з’яўляецца саўдзелам у ваеннай агрэсіі), мы не будзем біць па беларускай тэрыторыі, бо не хочам прычыняць шкоды народу Беларусі, не хочам, каб беларусы гінулі ад украінскіх ракет.

Мы цудоўна падзяляем беларускі народ і цяперашні рэжым Беларусі, які ажыццяўляе эфектыўны кантроль над Беларуссю. Украіна не прызнала Аляксандра Лукашэнку ў якасці прэзідэнта Беларусі і адмовіла яму ў праве прадстаўляць беларускі народ», — сказаў Арастовіч.

Што Украіне вядома наконт спробаў перамоў Лукашэнкі з Захадам?

«Гэта не перамовы — гэта пошукі кантактаў, праз розныя каналы, з мэтай данесці пазіцыю, што Лукашэнка не хоча даць уцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны, адпаведна — патрабуе дапамогі і падтрымкі. Захад гэта ацэньвае, знаходзіцца ў сваёй дыскусіі з Беларуссю. І я разумею Лукашэнку: быць закладнікам пуцінскай аванцюры — гэта па-вар’яцку, яшчэ невядома, колькі яна праіснуе і якую ацэнку ёй дасць свет. Смею западозрыць, што Аляксандр Рыгоравіч любіць Беларусь, хоць і дзіўнай любоўю. І, як можа, пра яе клапоціцца — хай і вельмі дзіўным клопатам».

«Гэта подзвіг выдатнага значэння»

Арастовіч выказаў захапленне беларускім супрацівам вайне. 

«Беларускія партызаны, рызыкуючы жыццём і здароўем, змагаючыся за нашу і вашу свабоду, вельмі ўскладнілі расійскай арміі шляхі снабжэння па беларускай тэрыторыі і замест кароткага шляху прымусілі рухацца па доўгім. Вельмі сурё’зна сарвалі тэмпы паставак узбраення».

Ён лічыць, што беларускія партызаны дзейнічаюць надзвычай слушна.

«Яны псавалі не рэйкі (бо рэйкі даволі хутка рамантуюцца), а ўжо пра падрыў эшалонаў і гаворкі няма (таму што няма чым падрываць) — яны білі па размеркавальных шчытах, а калі сапсаваны гэты шчыт, то ўчастак дарогі на некаторы час выходзіць з ладу, таму што няма магчымасці рэгуляваць рух цягнікоў. Яны дзейнічалі малымі сродкамі, але вельмі эфектыўна — яны парушылі рух расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі».

«Гэтыя людзі — сапраўдныя героі, таму што яны рызыкавалі здароўем, а то і жыццём. Гэта подзвіг выдатнага значэння», — кажа Арастовіч.

«У нас хапае ідыётаў»

Як адказваць на абразы ўкраінцаў на адрас беларусаў, якія параўноўваюць беларусаў з расейцамі?

Арастовіч раіць паглядзець, што пра яго пішуць ці нават пра Папу. «Гэта плата за дэмакратыю і адкрытае грамадства. У нас хапае ідыётаў, якія абражаюць беларускі народ, які ў нечалавечых умовах аказвае супраціў і расійскаму рэжыму, і беларускім рэпрэсіўным органам. Лёгка судзіць, седзячы ў Вінніцы, як правільна змагацца беларусам», — кажа ён.

«Я не думаю, што беларусы менш адважныя, чым украінцы. Я думаю, беларусы знаходзяцца ў больш складаных умовах», —адзначыў Арастовіч.

«Ніводны цвярозы стратэг такога рабіць не будзе»

Дарадца прэзідэнта Украіны патлумачыў, чаму Зяленскі дагэтуль не сустрэўся з Ціханоўскай.

Ён сказаў, што не ведае дакладна, чаму сустрэча не адбылася, але мяркуе, што гэта тлумачыцца магчымай рэзкай і нярвовай персанальнай рэакцыяй Лукашэнкі.

Прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай падчас візіту ў Кіеў. 21 красавіка 2022 года. Фота: tsikhanouskaya / Telegram

«А патрэбна нам, каб Лукашэнка рэзка і персанальна адрэагаваў, калі расійская армія выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю для агрэсіі супраць нас?»

«Такая сустрэча звузіць прастору магчымасцяў для Украіны. Ніводны цвярозы стратэг такога рабіць не будзе», — патлумачыў Арастовіч.

Ён дадаў, што кожная краіна мусіць дзейнічаць дзеля абароны сваіх інтарэсаў.

Арастовіч сказаў, што ўкраінцы паважаюць Ціханоўскую як чалавека, за якога прагаласавала «значная частка» беларусаў.

Але Украіне «не патрэбна пашырэнне расійскай агрэсіі, абразанне эканамічных сувязяў з Беларуссю цяпер», калі Украіна працягвае ваяваць з расійскай арміяй.

«Беларусы руляць»

Дарадца офіса Уладзіміра Зяленскага Аляксей Арастовіч назваў беларускіх добраахвотнікаў адной з самых баяздольных частак УСУ. Ён лічыць, што беларусы — узор асабістай мужнасці і адвагі.

«За што могуць ганарыцца беларусы — дык гэта за сваіх землякоў. Так як змагаюцца беларусы — дай Бог змагацца іншым сілам».

Аднак лозунгі пра тое, што беларускі батальён зможа «вызваліць Беларусь», Арастовіч успрымае скептычна. Ён не лічыць, што для такіх дзеянняў дастаткова батальёна, але разумее эмацыйныя заявы тых, хто змагаўся з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі з 90-х гадоў.

«У нас свабодная краіна, мы не будзем душыць тое, што кажуць людзі, якія змагаюцца за нас, пакуль гэта не набыло нейкія іншыя формы. Але гэта разумныя людзі, яны не будуць гэтага рабіць».

Ён сумняецца ў магчымасці вызвалення Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі, які мае 200 тысяч сілавікоў у падпарадкаванні, адным батальёнам.

Інтарэсы Украіны заключаюцца ў тым, каб захаваць добрасуседскія адносіны з Беларуссю, кажа Арастовіч.

«Хай нават коштам кампрамісаў, а часам балючых кампрамісаў. На цяперашнім этапе гэтая рыторыка застаецца рыторыкай людзей, якія змагаюцца за Украіну і за Беларусь, за нашу і вашу свабоду ў вельмі спецыфічных умовах.

Пры гэтым Арастовіч дадаў, што паводзіны беларусаў на полі бою нагадваюць яму пра герб «Пагоня»: «Беларусы руляць».

«Для такога схаванага сабатажу трэба мужнасць»

Дарадца офіса Уладзіміра Зяленскага заклікаў не прымяншаць унёсак беларускіх вайскоўцаў у тое, што армія так і не зайшла на тэрыторыю Украіны.

Ён перакананы, што беларускія вайскоўцы свядома адмовіліся ваяваць з Украінай.

Фота: Артур Грыгаран / Ваяр 

«Я ведаю, што яны не хочуць. Па нашых звестках, больш за 60% вайскоўцаў беларускай арміі адмовіліся ваяваць супраць Украіны. Пры апытаннях яны сказалі: не, не будзем.

Якія меры толькі не прымаліся: і КДБ Беларусі, і расійскія куратары, і спробы замяніць беларускіх камандзіраў на расійскіх альбо лаяльных. Не, не пайшло.

І я вам скажу, што для такога схаванага сабатажу трэба мужнасць. Ім было няпроста гэта зрабіць, і я не стаў бы прымяншаць іх унёсак у тое, што беларускае войска не ўступіла ў вайну».

Арастовіч кажа, што мужнасць бывае двух тыпаў: грамадзянская і вайсковая. Вайсковая мужнасць прадугледжвае гатоўнасць ехаць ваяваць.

«Вось у расійскіх вайскоўцаў ёсць такая мужнасць: яны бяздумна наступаюць, кладуць свае жыцці. А грамадзянская мужнасць — устаць і сказаць свайму кіраўніцтву, што мы не будзем гэтага рабіць. Ці хоць бы: давайце зменім планы на больш рэалістычныя. Дык вось, у беларускіх вайскоўцаў знайшлася грамадзянская мужнасць хоць бы шляхам сабатажу не дапусціць уступлення беларускай арміі ў вайну».

Арастовіч кажа, што ў беларусаў могуць быць прэтэнзіі да войска з іншых прычын.

«Калі паліцыя збівала ў кроў людзей, войска не ўступілася. Але зразумейце: вайсковыя людзі — гэта вельмі спецыфічная гісторыя, ім цяжка ўмешвацца ва ўнутраныя справы. Усё вайсковае выхаванне — гэта катэгарычная забарона на ўмяшанне войска ва ўнутраныя справы. На ўзроўні рэфлексу — не ўмешвацца.

А выбар які: пачынаць грамадзянскую вайну ўнутры краіны? Войска супраць паліцыі? А хто гэтым скарыстаецца? Ці не Расія? І беларускія вайскоўцы зрабілі свой вельмі нялёгкі выбар. Я б не спяшаўся пагалоўна запісваць іх у здраднікі беларускага народа.

Вайскоўцы звыклі думаць у катэгорыях «што далей?» Вось яны пачалі грамадзянскую вайну, войска пачало страляць у паліцыю — што далей? Тут няпроста», — мяркуе Арастовіч.

«Супрацоўнічаем з батальёнам Каліноўскага і напрамую з УСУ». Кіберпартызаны — пра паспяховыя акцыі дапамогі Украіне і планы

«У мяне моцная матывацыя». У жніўні 2020-га лукашысты білі яго пяць гадзін, да рэанімацыі. Гісторыя добраахвотніка з пазыўным «Аўгуст» з батальёна Каліноўскага

Кавалеўскі пра паездку ў Кіеў: Эканамічныя адносіны паміж Беларуссю і Украінай спынены, Лукашэнка для Кіева скончаны

Клас
33
Панылы сорам
6
Ха-ха
Ого
Сумна
2
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?