Англічане аформілі прыгожую перамогу ўсяго за 133 секунды. Фота: Uefa.com
Як ні намагалася «жоўтая субмарына» застацца на плаву ў водах Англіі, нічога не атрымалася. Калектыў Унаі Эмеры, што ў чвэрцьфінале выбіў з Лігі чэмпіёнаў саму мюнхенскую «Баварыю», раўндам пазней не зладзіў з «Ліверпулем».
Былы трэнер лонданскага «Арсенала» вярнуўся на «Энфілд» да прынцыпіяльных супернікаў з неблагім тактычным планам. Аднак ён дазволіў «Вільярэалу» толькі 45 хвілін змагацца з «Ліверпулем» на роўных.
«Вільярэал» толькі 45 хвілін здолеў змагацца з «Ліверпулем» на роўных. Фота: Uefa.com
А вось пасля перапынку англічане аформілі прыгожую перамогу ўсяго за 133 секунды. Спачатку яны справакавалі аўтагол з боку Эступіньяна…
А пасля актывавалі звязку Махамед Салах — Садзьё Манэ.
Яна, дарэчы, самая прадуктыўная ў Лізе Чэмпіёнаў за апошнія пяць гадоў: егіпцянін ужо сем разоў асіставаў сенегальцу.
Для Садзьё трапны стрэл меў яшчэ і важны персанальны сэнс, бо ён стаў 14-м у актыве афрыканца на палях Лігі чэмпіёнаў падчас стадый плэй-оф. Гэта паўтарэнне рэкорда для чорнага кантынента, які раней усталяваў Дзідзье Драгба. Да таго ж мяч стаў 450-м для «Ліверпуля» ў топавым еўракубку.
Варта адзначыць, што «Ліверпуль» цягам усёй сустрэчы выглядаў больш спрытным і хуткім у параўнанні з супернікам. І гэта пры тым, што матч для падначаленых Юргена Клопа стаў ужо 55-м у сезоне.
Для падначаленых Юргена Клопа матч стаў ужо 55-м у сезоне. Фота: Uefa.com
Дадамо, што сустрэча ў адказ адбудзецца на іспанскім стадыёне «Ла Сераміка» 3 траўня. Пераможца пары сустрэнецца з трыумфатарам у тандэме «Рэал» — «Манчэстэр Сіці».