Днямі з’явілася інфармацыя, што першы кіраўнік незалежнай Беларусі патрапіў у рэанімацыю пасля перанесенай хваробы на каранавірус. Мы пацікавіліся ў Ірыны, жонкі Станіслава Станіслававіча, як ён зараз сябе пачувае.

— Акурат сёння [у сераду] яго выпісалі з бальніцы, — распавядае Ірына. — Муж яшчэ даволі слабы, як кажуць, ляжачы хворы. Зараз яму патрэбна сацыяльная рэабілітацыя. Хаця, безумоўна, пасля бальніцы яго стан палепшыўся.

— Ведаю, што Станіслаў Станіслававіч вельмі засцерагаўся, каб не захварэць на кавід…

— Так, у мінулым годзе, калі было цёпла, увесь час сядзеў на лецішчы. Пасля таго, як прыехаў у Мінск, таксама на вуліцу практычна не выходзіў. Нават не ведаю, дзе ён мог падчапіць гэтую хваробу.

— А ўвогуле, ці скардзіўся апошнім часам на здароўе?

— З нагамі былі праблемы, таму без кіёчка не хадзіў. А напрыканцы лютага захварэў на каранавірус. Была тэмпература, прыйшоў доктар. Пазней стала горш, выклікалі «хуткую», забралі ў бальніцу.

Затым муж вярнуўся дадому, а прыкладна тыдзень таму ізноў стаў дрэнна сябе адчуваць — тэмпература, вялікая слабасць, нічога не еў. І ў мінулы панядзелак я вырашыла ізноў выклікаць «хуткую». Адразу паклалі ў рэанімацыю, хаця не падключалі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Зараз, дзякуй Богу, ізноў дома, будзем спадзявацца на лепшае…

Клас
23
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
8
Абуральна
1