У прэс-рэлізе гаворыцца, што яшчэ ў лістападзе 2021 года кампанія абвясціла аб неабходнасці перагляду сваёй дзейнасці ў Беларусі, а напад Расіі на Украіну паскорыў гэты працэс.
Цяпер Adevinta засяродзіцца на сваіх пяці асноўных еўрапейскіх рынках (Германія, Францыя, Іспанія, Бенілюкс і Італія).
Кампанія «Куфар», заснаваная ў 2012 годзе, з'яўляецца адным з вядучых сэрвісаў у галіне аб'яў і электроннай камерцыі ў Беларусі, прапаноўваючы кліентам як новыя, так і былыя ва ўжыванні тавары ў дадатак да паслуг анлайн-крэдытавання.
З моманту свайго стварэння бізнэс хутка заваяваў папулярнасць і ў цяперашні час з'яўляецца адным з самых вядомых сайтаў аб'яў у краіне з больш чым 5,8 мільёнамі актыўных карыстальнікаў у месяц. У рэйтынгу Alexa праект займае 7-е месца сярод усіх сайтаў, папулярных у беларусаў. «Куфар» першапачаткова быў часткай партфоліа Schibsted, а затым перайшоў у Adevinta у 2019 годзе. Зараз у беларускай кампаніі працуе 141 чалавек.
«У мінулым годзе мы абвясцілі аб пачатку праверкі некалькіх нашых прадпрыемстваў, уключаючы Kufar, у рамках нашага стратэгічнага рашэння засяродзіцца на ўмацаванні лідзіруючых пазіцый на нашых пяці асноўных еўрапейскіх рынках. Kufar — гэта бізнэс з вялікім патэнцыялам, і мы ўпэўненыя, што кампанія працягне расці пад кіраўніцтвам Тані Лемешавай і яе кіраўніцкай каманды», — сказаў генеральны дырэктар Adevinta Ролв Эрык Рысдал.
Дырэктарка «Куфара» Таццяна Лемешава адзначае, што рашэнне Adevinta сысці з Беларусі не стала для іх сюрпрызам.
«Але мы рады, што сярод варыянтаў сыходу кампанія абрала MBO — продаж праекту мясцовай камандзе. Гэта дазволіць захаваць супрацоўнікаў, карпаратыўную культуру і ўсе веды, што мы назапасілі ў кампаніі. Наш фармат працы з кліентамі і абавязкі перад супрацоўнікамі не зменяцца. «Куфар» працягне працаваць і развіваць свае сэрвісы ў нерухомасці, аўтамабілях і спажывецкіх таварах».
Таццяна Лемешава ўзначаліла «Куфар» у лютым 2022 года, якая да новага прызначэння кіравала ў кампаніі камандай прадукту. Раней кампаніяй чатыры гады кіраваў Арцём Рабцэвіч.