Таццяна Лазарава: «Лукашэнка проста заўзяты нягоднік. То, як ён паводзіў сябе ў жніўні 2020 года, — жах». Фота: kino-teatr.ru

Таццяна Лазарава: «Лукашэнка проста заўзяты нягоднік. То, як ён паводзіў сябе ў жніўні 2020 года, — жах». Фота: kino-teatr.ru

Пра вайну, якая заспела ў Кіеве

Мне пашанціла з адаптыўнасцю мозгу — ніколі не панікую ў момант жудасных падзей. Гэта і для быту актуальна: калі адбываецца нейкая надзвычайная сітуацыя, станаўлюся максімальна сабранай. Не кідаюся з крайнасці ў крайнасць, а пускаю ў ход аператыўнае мысленне.

Тое ж самае адбылося і ў лютым ва Украіне. Замест таго, каб упасці ў прастрацыю, пачала заўважаць нейкія не самыя відавочныя для форс-мажораў дэталі. Напрыклад, стрыманасць і годнасць кіяўлян — яны дзейнічалі максімальна разважна. Хаос, істэрыкі? Не, зусім не. Горад быццам аб'яднаўся, сканцэнтраваўся пасля першых паведамленняў пра бамбардзіроўкі. Узорная засяроджанасць на вырашэнні канкрэтных праблем. Магчыма, гэта стала дадатковым фактарам, які дапамог краіне вытрымаць удар у першыя, самыя складаныя дні вайны.

Ва Украіне. Фота: асабісты архіў

Ва Украіне. Фота: асабісты архіў

Пра гвалт

Свет быў шакаваны тым, што адбылося ў Бучы. Еўрапейцы паўтаралі наперабой: не разумеем, як такое ўвогуле магло здарыцца. Але, на жаль, для тых, хто даўно сочыць за паводзінамі і рыторыкай людзей з розных пластоў расійскага грамадства, нічога дзіўнага не знаходзілася. Паглядзіце, толькі ў апошнія гады істотна разраслася плынь інфармацыі пра хатні гвалт унутры краіны: яна прабілася ў адкрыты доступ, стала нагодай для абмеркавання. Між іншым, гвалт існаваў раней, набіраў маштабнасць…

Мяркую, што гэты гвалт спарадзіла ўседазволенасць. Памятаеце прыказку «рыба гніе з галавы»? Калі прэзідэнт дзяржавы дазваляе сабе размаўляць на паўбандыцкім слэнгу, выкарыстоўвае крымінальны жаргон, а таксама заводзіць палюбоўніц, чым руйнуе сямейныя асновы, то гэта пераймае і вертыкаль улады. Бо «першы» робіць выгляд, што гэта нармалёва — і надалей гэта счытваецца грамадствам. Прычым так адбываецца не месяц, не два, а дзесяцігоддзямі. Адсюль і дэфармацыя.

Да таго ж маральныя нормы даўно разыходзіліся па швах і на побытавым узроўні. А зараз усё канчаткова трэснула. Банальны прыклад — узровень брыдкаслоўся, дакладней, тое, як нізка апусціўся ягоны парог. Калі я працавала на ТБ у часы «АСП-студыі» ці «33 квадратных метраў», слова «жопа» нельга было прамаўляць з экрана — ні ў перадачах, ні ў кіно. Пасля ж межы дазволенага пачалі размывацца, прычым з кожным годам усё актыўней.

І адбылося гэта не таму, што рэзідэнты «Камедзі Клаба» пачалі мацярыцца ў жывым эфіры. А таму, што людзі, якія самі для сябе ствараюць і ўсталёўваюць правілы гульні, сталі іх ігнараваць. Так лягчэй, так прасцей, так робяць усе, калі глядзець з самага верху. Таму і межы адэкватнасці размываюцца, і вайна ўвогуле стала мажлівай.

Пра дыялогі з «замбаванымі»

Не спрабуйце з імі спрачацца — гэта бескарыснае марнаванне сіл і часу, як вашых, так і апанента. Гэта дзве праўды, якія ніхто нікому не можа давесці. Няхай людзі застаюцца пры сваіх перакананнях — яны маюць на гэта права.

Разумею тых, хто піша мне ў сацсетках: маўляў, любіў вас усё жыццё, а зараз паслухаў вашыя разважанні — і расчараванню няма мяжы, я сыходжу. Акей, адпісвайцеся з богам. Я не імкнуся нарошчваць аўдыторыю ў сацсетках. Але не вельмі разумею карыстальнікаў, якія застаюцца і пішуць усялякія дробныя глупствы. Гэта нейкі ментальны мазахізм, які ігнарую.

«Таццяна Лазарава: максімум, што магчыма пры дыялогах з прыхільнікамі ўлады — закінуць зерне сумневу ў іх душы». Фота: kino-teatr.ru

«Таццяна Лазарава: максімум, што магчыма пры дыялогах з прыхільнікамі ўлады — закінуць зерне сумневу ў іх душы». Фота: kino-teatr.ru

Максімум, што магчыма пры дыялогах з прыхільнікамі ўлады — закінуць зерне сумневу ў іх душы. Калі да мяне прыходзяць з мэтай удакладніць нейкія моманты маёй пазіцыі, зразумець, чаму менавіта гэтыя погляды абараняю, то тут гатова адказваць на пытанні, колькі заўгодна. Менавіта для гэтага публічныя людзі і павінны выкарыстоўваць свае статус, здольнасць валодаць словам. Ёсць імавернасць, што выразны ды лагічны пасыл падштурхне людзей да ваганняў, сумневаў ва ўласнай веры. А надалей яны і самі пачнуць задумвацца, ці так усё ідэальна ў іх свеце.

Час ад часу пасля эфіраў такога кшталту ў Інстаграме атрымліваю паведамленні: «Таццяна, дзякуй, пачаў аналізаваць тое, што адбываецца навокал». Гэтыя выпадкі вельмі дарагія майму досведу.

Пра Лукашэнку

Лукашэнка проста заўзяты нягоднік. То, як ён паводзіў сябе ў жніўні 2020 года, — жах. Адна рыторыка чаго вартая: то, як ён пра свой народ казаў… Вой, бачыце, якія выразы ў нас дзіўныя ўжо ў карыстанні звыклым? «Свой народ», быццам гэта маёмасць нейкая… Пра народ сваёй краіны Лукашэнка казаў. Нельга так прыніжаць людзей. Лукашэнка — гэта так жа агідна, як і Пуцін.

Пра крыўду ўкраінцаў

Пакуль жыла ў Кіеве, праніклася адчуваннем волі. Можаш выказвацца пра ўсё, што лічыш патрэбным, пратэставаць, калі з чымсьці не пагаджаешся. Гэта захапляе і ў тыя ж часы выклікае прывыканне. Таму цудоўна разумею прэтэнзіі: «Чаму вы там у сябе не выходзіце на вуліцы і не змагаецеся за свае перакананні? Чаму вы праз свой Майдан не вырашыце ўнутраныя праблемы?!»

Таццяна Лазарава: «Калі нешта здараецца, пасля чаго не можаш далей маўчаць, цярпенне лопаецца — і ты вырушваеш на вуліцу». Фота: theins.ru

Таццяна Лазарава: «Калі нешта здараецца, пасля чаго не можаш далей маўчаць, цярпенне лопаецца — і ты вырушваеш на вуліцу». Фота: theins.ru

Але ў іх галовах прынцыпова не ўкладваецца, што адразу ж на гэтых вуліцах свае ж людзі будуць «вінціць», біць ды страляць па сваіх. Украінцы выходзяць — і іх ніхто не арыштоўвае, АМАП не ганяе. Таму што свабода думкі ды дзеянняў тут — аснова існавання грамадства. У Расіі і Беларусі гэтага, на жаль, няма. Хаця гераічныя асобы ўсё роўна знаходзяцца — і пераадольваюць страх. Хаця страшна ўсім: ніхто не хоча, каб яго білі ці калечылі, кідалі за краты ці пераследвалі родных.

Пра вулічныя пратэсты

Калі людзі выходзяць на вуліцы, гэта ненармальна. Гэта эмацыянальны выплеск, які адбываецца таму, што больш немагчыма трымаць у сабе злосць, абурэнне. Але калі нешта здараецца, пасля чаго не можаш далей маўчаць, цярпенне лопаецца — і ты вырушваеш на вуліцу. Дзе знаходзіш такіх жа адзінадумцаў.

І ў нас, і ў вас іх было многа. Гэта неверагодная эмацыйная падтрымка: ты не адзін, вы разам. Ты бачыш, што абураешся справядліва.

Аднак ты разумееш, што кожны дзень немагчыма толькі пратэставаць: жыццёвыя турботы ўсё роўна будуць адцягваць увагу. Плюс улады імкнуцца змяніць парадак дня ўсімі магчымымі спосабамі. Таму важна не проста кансалідаваць грамадства, але і ведаць, куды і як яго скіраваць, каб рэальна нешта змяніць.

Пра трыгеры наступных пратэстаў

Ніколі не ведаеш, што каталізуе наступную хвалю. Узгадайце, як у вас у Беларусі ўсё нарастала. На вуліцах хапалі людзей з белымі аркушамі паперы, пасля настроіліся на тых, хто проста апладзіраваў на тратуарах. Аднак масава грамадства абурэнне не накрывала. А вось калі выбары сфальсіфікавалі ды ўжо зусім нахабная хлусня закранула ў краіне ўсіх, тады цярпенне і лопнула.

Таццяна Лазарава на акцыі пратэсту. Фота: з асабістага архіву

Таццяна Лазарава на акцыі пратэсту. Фота: з асабістага архіву

Беларусы пайшлі на вуліцы роўна па той жа прычыне, што і ў Расіі людзі выходзілі на Балотную раней. Тады Пуцін ледзьве не ў адкрытую сказаў: ну што вы, людцы, на самой справе ў дэмакратыю паверылі? І вырашылі, што замест Мядзведзева прыйдзе нехта іншы, а не я? Смешныя вы… Вось народ і «трыгернула».

Зараз многія з тых, хто пратэставаў, з'ехалі — з Расіі, з Беларусі. Ды і з Украіны зараз, па сутнасці, бягуць ад наступу таталітарнага рэжыму. Таму не выключаю, што ўсе гэтыя людзі, аб'яднаўшыся за мяжой, і справакуюць новы трыгер, які ўзрушыць грамадства.

Пра тое, як жыць далей

Захоўвайце спакой ды рабіце сваю справу. Калі ў жыцці з'яўляецца канкрэтнае пытанне, давайце на яго адказ. Не дазваляйце іншым вырашаць за вас, як што рабіць і чаму верыць. І, галоўнае, не хлусьце сабе.

Клас
124
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
1