Справа разглядалася ў Брэсцкім абласным судзе. Агіевіча прызналі вінаватым у тым, што 29 верасня 2021 года ў суполцы «Онлайн Брест» ён пакінуў каментарый «Хороший кагэбэшник — мёртвый кагэбэшник)». Праз тры гадзіны да Уладзіміра прыйшлі сілавікі. З ягонага тэлефона зрабілі скрыншоты, а спрэчны каментарый прымусілі выдаліць. Пасля гэтага мужчыну затрымалі, з таго дня ён знаходзіцца ў няволі.

На судзе Агіевіч прызнаў, што сапраўды напісаў той каментарый. Аднак не прызнаў матывы, якія яму прыпісваюць (намер на распальванне варожасці і «гераізацыі Зельцэра»). Больш за тое, Уладзімір на судзе, як і з самых першых допытаў, настойваў: ён успрымаў відэа з кватэры Зельцэра як пастановачнае, бо яно было знятае з розных камер і змантаванае з невялікіх урыўкаў. І таму гэта выклікала ў яго асацыяцыю з фільмам «Хороший коп — мёртвый коп», і ён проста перафразаваў назву.

Пазіцыі, што відэа ўспрымаў як пастановачнае, і пісаў па асацыяцыі з назвай фільма, ён прытрымліваецца з самага пачатку, калі яго «па гарачых слядах» прывезлі ў КДБ. Там паказанні Агіевіча супрацоўнікам не падабаліся, і яны прымушалі яго перапісваць тлумачэнні сем разоў. Але кожны раз мужчына пісаў менавіта гэта.

Потым быў допыт у следчага, ужо ў прысутнасці адваката. Там Агіевіч зноў настойваў: ён пакідаў каментарый пра відэа, якое лічыў пастановачным. Аднак згодна з пратаколам таго допыту, Уладзімір нібыта ўсведамляў, што відэа тычылася гібелі супрацоўніка КДБ. Пракурорка на судзе звярнула ўвагу на тое, што пазіцыя Агіевіча на момант допыту ў следчага крыху змянілася. Аднак абвінавачаны запярэчыў, што на момант допыту ў следчага не спаў тры дні, і не звярнуў увагу на гэты нюанс: бо да моманту допыту яму давялі што відэа рэальнае (а не пастановачнае). Тым не менш, настойваў на судзе Агіевіч, на момант напісання каментарыя ён быў упэўнены, што відэа з'яўляецца інсцэніроўкай, і пісаў сваё паведамленне зыходзячы з гэтай упэўненасці.

Адвакат Агіевіча акцэнтаваў увагу на тым, што наяўная ў матэрыялах справы судовая псіхолага-лінгвістычная экспертыза апісала каментарый як проста «негатыўны», і не ўтрымлівае характарыстык «абразлівы» або «гераізацыю [Зельцэра]». Такім чынам, згодна з пазіцыяй адваката, экспертыза не пацвярджае мэты і матывы, прад'яўленыя дзяржабвінавачваннем.

Аднак падчас судовых спрэчак пракурорка запрасіла для Агіевіча 3 гады калоніі агульнага рэжыму. Суддзя пагадзілася з такім тэрмінам.

Клас
1
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
35