— Шмат хто з маіх сяброў зваў мяне Лявонам. Я так звыкся, што на Леанід ужо нават не рэагую, нібыта гэта не маё роднае імя. Калі знаёмлюся з кімсьці, прадстаўляюся Лявонам, — распавядае мужчына.

Але галоўная прычына, па якой ён вырашыў памяняць імя, — зусім не звычка.

— Цяпер знішчаецца беларуская мова, беларуская культура. Ідзе акупацыя Беларусі Расіяй. І зрабіць нічога ты не можаш, акрамя таго, як захоўваць у сабе беларускасць, хаця б змяніць сваё імя на беларускае.

Працэдура змены імені на практыцы заняла каля чатырох месяцаў. Спачатку Лявон пайшоў у ЗАГС па месцы жыхарства.

— Супрацоўніца прызналася, што за ўвесь час яе працы са зменай імя яна сутыкаецца ўпершыню. Мне сказалі: а ты дакажы, чаму ты хочаш змяніць імя, чым яно цябе не задавальняе?

Асноўнымі доказамі паслужылі скрыншоты перапісак у сацсетках, дзе бачна, што да мужчыны сапраўды звяртаюцца «Лявон». Такіх скрыншотаў назбіралася некалькі дзясяткаў. Апроч гэтага, спатрэбілася напісаць заяву на змену імя з тлумачэннямі, прадаставіць пасведчанні аб нараджэнні — сваё і бацькоў, аб шлюбе (калі ёсць).

Акрамя таго, заяўніка накіравалі ў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, дзе яму выдалі даведку аб тым, што імя Лявон можа быць выкарыстанае ў якасці пашпартнага дакументальнага імя.

— Перад гэтым я патэлефанаваў Ніначцы Багінскай і мы пайшлі ў гэты інстытут. Яна ўзяла з сабой кніжкі з інфармацыяй пра імя Лявон, — усміхаецца суразмоўца.

Потым увесь пакет дакументаў з ЗАГСа адправілі ва ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама. Нарэшце адтуль прыйшоў адказ, што заяўніку дазволена змяніць імя «Леанід» на «Лявон».

З гэтым дазволам мужчына пайшоў у ЗАГС, заплаціў дзяржаўную пошліну. Праўда, яму давялося звяртацца яшчэ і ў ЗАГС па месцы нараджэння, дзе таксама спатрэбілася плаціць пошліну за змену імя ў метрыцы. Ну, а пасля заставалася пайсці ў пашпартны стол, каб атрымаць пасведчанне асобы на новае імя.

— Калі я быў Леанідам, мяне ўсе звалі Лявон. А як стаў Лявонам, многія не могуць прывыкнуць і называюць Лёнем, — дзеліцца парадоксам Лявон Кулакоў. — Але я адчуваю, што зрабіў тое, што хацеў. І мне хочацца, каб мая гісторыя стала прыкладам таго, як беларусы могуць захоўваць у сабе хоць нешта беларускае.

Клас
63
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1