«Зяленскі — нуль». Лукашэнкаўская прапаганда
Расійская прапаганда пачала працаваць на раскол Украіны яшчэ ў 2004 годзе. Пуцін рабіў стаўку на перамогу Віктара Януковіча, але ўкраінскія выбарцы пракацілі пракрамлёўскага кандыдата і зрабілі прэзідэнтам Віктара Юшчанку.
Юшчанка не здолеў бы стаць прэзідэнтам, калі б не масавыя пратэсты (другі тур выбараў спачатку быў сфальсіфікаваны на карысць Януковіча, але пасля масавых пратэстаў адбылося перагаласаванне). Расійская прапаганда тады пачала дэманізаваць Юшчанку і сцвярджаць, што Майдан быў штучна падстроены амерыканцамі, каб зрабіць украінскім прэзідэнтам празаходняга палітыка.
З новай сілай расійская прапаганда накінулася на Украіну ў канцы 2013 года, падчас Еўрамайдану. Па выніках Рэвалюцыі Годнасці прэзідэнт Януковіч збег з краіны разам з групай іншых агентаў уплыву Масквы, і расіяне абвінацілі новыя ўкраінскія ўлады ў нелегітымнасці і ў дзяржаўным перавароце.
Прапагандысты цалкам ігнаравалі той факт, што ва Украіне пасля Еўрамайдану працавала цалкам легітымная, абраная яшчэ ў часы Януковіча Вярхоўная Рада, а у канцы вясны на свабодных дэмакратычных выбарах быў абраны новы прэзідэнт.
Тым не менш, прапагандысты то таўравалі новыя ўкраінскія ўлады словам «нацысты», то сцвярджалі, што краінай рэальна кіруюць не яны, а нацыяналісты / амерыканцы / глабалісты / яўрэі / рэпцілоіды.
У 2019 годзе ва Украіне адбылася перазагрузка ўлады. Прэзідэнтам абралі Уладзіміра Зяленскага, рускамоўнага яўрэя без палітычнага досведу і без сувязі з радыкаламі. Зяленскі нязручная фігура для крамлёўскай прапаганды, яго ну ніяк пры ўсім жаданні не абвінаваціш у нацызме.
Фота: Офіс прэзідэнта Украіны.
І тут расійская прапаганда змяніла наратыў: так, Зяленскі не нацыст, але ж ён нічога не вырашае, ён пешка ў руках амерыканцаў / радыкалаў / сіяністаў.
Расійская, а следам за ёй і лукашэнкаўская прапаганда малявала Зяленскага слабым, несамастойным палітыкам, а ўкраінскую дзяржаву — failed state з бардаком.
Магчыма, само расійскае кіраўніцтва і сам Лукашэнка паверылі ў сваю прапаганду, бо чакалі, што Украіна падзе ў першыя ж дні так званай «спецаперацыі». Нагадаем, што асабіста Пуцін у першыя ж дні вайны заклікаў украінскіх вайскоўцаў «браць уладу ў свае рукі».
Але аказалася, што з усімі сваімі праблемамі, недасканаласцямі, хваробамі росту ўкраінская дэмакратыя аказалася нашмат больш жывучай, чым «моцныя» аўтарытарныя рэжымы, за прыгожымі фасадамі якіх часта хаваецца трухня.
Фота: Офіс прэзідэнта Украіны.
А Зяленскі не проста аказаўся самастойным палітыкам унутры краіны, але даказаў сваю поўную самастойнасць у адносінах з Захадам. Калі Вашынгтон і Лондан хацелі, каб ён пакінуў Кіеў, і лічылі ўкраінскую справу безнадзейнай, Зяленскі застаўся. Калі Варшава лічыла вялікім поспехам, што Еўропа загаварыла адным голасам, Зяленскі адмовіўся прыняць прэзідэнта Германіі Штайнмаера, і дабіўся ад Германіі большага. За некалькі дзён Зяленскі ператварыўся ў сучаснага Чэрчыля, аднаго з самых уплывовых палітыкаў свету з рэкорднымі рэйтынгамі ўнутры Украіны.
Зяленскі сам па сабе прыйшоў да ўлады з рэкордным для украінскага палітыка ўзроўнем падтрымкі (73% у другім туры выбараў), ён мае цалкам лаяльны для сябе парламент, што ва ўмовах парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі дае яму велізарныя паўнамоцтвы і незалежнасць ад розных палітычна-алігархічных груповак унутры краіны.
Уладзімір Зяленскі і прэм'ер Вялікабрытаніі Борыс Джонсан. Фота: Офіс прэзідэнта Украіны.
Паводле сацыялагічных апытанняў, Зяленскага падтрымлівае 93% украінцаў — небывалыя лічбы для дэмакратычнай краіны, якія Лукашэнку з ягоным стабільна 30-працэнтным рэйтынгам і не сніліся.
Нават калі Зяленскі перад сваім прэзідэнцтвам і быў камусьці штосьці вінны, альбо залежаў ад нейкіх украінскіх алігархічных груп, то цяперашняя вайна і беспрэцэдэнтная падтрымка ўсё абнуліла. У дэмакратычным грамадстве палітык, які мае такі ўзровень падтрымкі, можа абапірацца ў сваіх дзеяннях выключна на народ.
Але інертная расійская прапаганда ўпарта працягвае маляваць Зяленскага марыянеткай, нікчэмным і несамастойным палітыкам, які цалкам кіруецца з Вашынгтона.
Прайграваць амерыканцам не так крыўдна, як прайграваць Украіне — мала таго што Маларосіі, дык яшчэ і failed state.
Сярэднестатыстычны расіянін гадамі жыў з міфамі пра анархію і неэфектыўную дзяржаву ва Украіне, у гэтыя міфы паверыў, а цяпер, калі сутыкнуўся з нечаканай для сябе рэальнасцю, шукае апраўданняў таму, што ўсё зусім не так, уключаецца механізм псіхалагічнай абароны. Уяўленне пра Зяленскага як пра марыянетку Захаду — адна з галоўных формаў такой псіхалагічнай абароны.
Але не толькі гэта прычынай. Расіяне яшчэ і экстрапалююць уласную мадэль адносін з сатэлітамі і залежнымі тэрыторыямі кшталту Беларусі ці Прыднястроўя на адносіны Украіны і Захаду.
Фота: Офіс прэзідэнта Украіны.
Яны думаюць, што калі ў Крамлі да постацяў кшталту Лукашэнкі, Пушыліна ці Бжаніі ставяцца як да кліентаў, то аналагічна, у феадальным стылі, ставяцца да сваіх меншых хаўруснікаў і Амерыка з Еўрасаюзам.
Але ў сучасным дэмакратычным свеце ўсё працуе не так, як уяўляюць сабе расіяне: адносіны моцных вялікіх дэмакратыі з меншымі партнёрамі-дэмакратыямі нашмат складанейшыя, чым адносіны «патрон — кліент». Расіяне проста не могуць выйсці за межы ўласнай парадыгмы і не разумеюць, што можа быць па-іншаму.
Што датычыць Зяленскага, то пры ім Украіна, наадварот, пачала праводзіць праактыўную, рэзкую і часам надрывістую знешнюю палітыку ў адносінах да сваіх саюзнікаў.
Фота: Офіс прэзідэнта Украіны.
Украінскае замежнапалітычнае ведамства, палітычны клас, а таксама сам Зяленскі дзёрзка крытыкавалі сваіх заходніх хаўруснікаў за нерашучасць, недастатковую падтрымку, нежаданне рабіць Украіну прыярытэтным кірункам у знешняй палітыцы.
Найбольш дасталося немцам (дарэчы, адным з галоўных донараў для Украіны). Пасол Украіны ў Нямеччыне Мельнік рэгулярна атакуе нямецкі палітычны клас, энергічна крытыкуе знешнюю палітыку Нямеччыны і часам нават выходзіць за межы функцый пасла. Ён раздае направа і налева ацэначныя меркаванні адносна Нямеччыны, павучае і шантажуе мясцовых палітыкаў.
Украіна нават адмовілася прымаць у Кіеве прэзідэнта Нямеччыны Штайнмаера, якому ўкраінцы так і не могуць дараваць ягоныя спробы дамовіцца з Пуціным. Украінцы не проста не пусцілі Штайнмаера ў Кіеў, а яшчэ і патрабавалі, каб замест яго ва Украіну прыехаў канцлер Шольц. Адмова прыняць Штайнмаера ў Кіеве была вельмі моцнай абразай для немцаў. Яны ўспрынялі гэта як непавагу да прэзідэнцкай інстытуцыі Нямеччыны (без прывязкі да прозвішча) і краіны, якая аказвае найбольшую фінансавую падтрымку Украіне.
Такая новая стратэгія ўкраінскай знешняй палітыкі спрэчная. Хтосьці лічыць яе актыўнай палітыкай па адстойванні нацыянальных інтарэсаў Украіны, хтосьці — крыклівым неэфектыўным папулізмам, які падмяняе сабой рэальную прафесійную дыпламатыю і падрывае адносіны з партнёрамі.
Думкі розныя, але факт застаецца фактам: Украіна не толькі што не глядзіць у рот сваім заходнім партнёрам, а не баіцца навязваць ім свае ўмовы.
Фота: Офіс прэзідэнта Украіны.
Зяленскаму дапамагае каласальная асабістая папулярнасць. Паводле апытання ў Амерыцы, яму давяраюць рэкордныя 7 з 10 амерыканцаў. Такая папулярнасць украінскага прэзідэнта за мяжой робіць складаным любы ціск на яго з боку замежных палітыкаў.
Вось ужо шмат тыдняў Зяленскі не сыходзіць з першых палос сусветных газет і часопісаў, ён на сёння з’яўляецца палітыкам-сімвалам, увасабленнем каштоўнасцяў свабоднага свету.
Свежая вокладка Time.
Украінцаў пачалі слухаць і прыслухоўвацца да іх, і, вядома, голас Зяленскага стаў уплывовым на міжнароднай арэне. І хто ведае, ці не за Зяленскім праз пару месяцаў ці год будзе вырашальнае слова пры вызначэнні лёсу Аляксандра Лукашэнкі?
Зяленскі на вокладцы часопіса Der Spiegel.





