Малькальм Нэнс апублікаваў у Твітэры сваё фота ў вайсковай форме і падпісаў: «Я спыніў балбатню! Расія ніколі не возьме Кіеў. Ніколі»

Малькальм Нэнс апублікаваў у Твітэры сваё фота ў вайсковай форме і падпісаў: «Я спыніў балбатню! Расія ніколі не возьме Кіеў. Ніколі»

Расія напала не з-за НАТА, а з-за страху перад дэмакратыяй

Малькальм расказаў, што мае 35-гадовы досвед у амерыканскіх узброеных сілах і выведцы, а затым працаваў аналітыкам у пытаннях кібертэрарызму і бяспекі на канале NBC.

«Гэта была выдатная праца, я зарабляў добрыя грошы. Гэта было лёгка, я марнаваў 1—2 хвіліны на тыдзень, каб даць аналіз у жывым эфіры», — кажа ён.

Калі заходнія выведкі пачалі рэгулярна заяўляць, што Расія рыхтуе ўварванне ва Украіну, Малькальм наважыўся прыехаць, каб на свае вочы ацаніць сітуацыю.

«Я прыехаў сюды ў студзені. У лістападзе і снежні мы бачылі нарошчванне сілаў. І мы былі тут да канца лютага, каб зрабіць аналіз расійскіх войскаў: колькі яны маюць танкаў, дзе яны знаходзяцца», — кажа амерыканец.

Ён ездзіў па розных напрамках, каб зразумець, адкуль могуць прыйсці расіяне, наведаў розныя населеныя пункты. «Для мяне было важна, ведаць гэтыя шляхі, пасёлкі, людзей. Я таксама паехаў на Данбас з украінскім войскам. Там я пазнаёміўся з генераламі Паўлюком і Сырскім. Генерал Паўлюк жартам прапанаваў: «Чаму б вам не далучыцца да нашага войска?» Я жартам адказаў: «Я ўжо занадта стары для гэтага».

А напярэдадні нападу Расіі Малькальм пакінуў Украіну. 23 лютага ён прызямліўся ў Дубліне і даведаўся, што напад пачаўся. «Я вылецеў у Нью-Ёрк. У Нью-Ёрку сачыў за навінамі», — распавядае ён. Калі пачуў заяву Уладзіміра Зяленскага аб стварэнні Інтэрнацыянальнага легіёна — вырашыў вярнуцца ва Украіну, каб ваяваць.

«Я маю вайсковую тэхніку на тысячы і тысячы даляраў. З Ірака, Лівіі, Сірыі. У мяне дастаткова тэхнікі для невялікай арміі. Таму я сабраў усё гэта і ахвяраваў Легіёну.

Я ўзяў свой асабісты рыштунак: бронекамізэльку, шлем, усё, што мне трэба. І пайшоў ва ўкраінскае пасольства ў Вашынгтоне. Сустрэўся з аташэ па пытаннях абароны. Ён адразу ж паглядзеў на мае дакументы і сказаў: «О так, вы кваліфікаваныя».

Але галоўнай прычынай, па якой амерыканец уступіў у легіён, з'яўляецца адзін тэлефонны званок. «Мне тэлефанавалі сябры, якія былі ў Аўдзееўцы, і казалі: «Слухай, мы сёння памром». Яны былі там на працягу некалькіх гадоў. Але цяпер там сотні ракет. І яны сказалі: «Мы загінем. Бывай». Мяне гэта проста раздушыла. І вельмі раззлавала».

На ягоную думку, Расія напала на Украіну не з-за НАТА, а з-за страху перад дэмакратыяй. «Расія не можа прыняць ліберальна-дэмакратычную Украіну ля сваіх межаў», — мяркуе Малькальм.

«Таму я звольніўся. Пакінуў працу, за якую мне добра плацілі. Пайшоў да кіраўніцтва і сказаў, што еду ва Украіну ваяваць у Інтэрнацыянальным легіёне. Яны ўсе сказалі, што я з'ехаў з глузду. Я нікому пра гэта не казаў, акрамя дачкі і майго менеджара. Вярнуўся ў Кіеў і далучыўся да легіёна», — распавёў ён.

«Украіна выйграе гэтую вайну»

Малькальм кажа, што ўсе амерыканскія аналітыкі на тэлебачанні казалі: Кіеў здасца праз 48 гадзін, або Кіеў здасца праз 72 гадзіны.

«За месяц свайго знаходжання ў Кіеве я вывучыў гэты горад: яго дарогі, будынкі і масты з пункту гледжання ўварвання. Я не хадзіў на Падол, каб проста выпіць кавы. Я разважаў над тым, як вы будзеце ваяваць.

Таму за месяц да ўварвання я быў адзіным чалавекам на амерыканскім тэлебачанні, які казаў: «Расія ніколі не возьме Кіеў. Ніколі. Горад занадта вялікі. Людзі вельмі матываваныя. Вы іх не пераможаце».

Па яго словах, украінцы маюць тое, што называюць духам барацьбы. «У вас барацьба ўнутры», — лічыць амерыканец. Акрамя таго, Украіна мае моцную армію, якая гатовая змагацца. «Я ўсё гэта казаў на тэлебачанні, на ўсе Злучаныя Штаты. На мяне глядзелі як на вар'ята. Ніхто не верыў, што Украіна можа атрымаць перамогу», — кажа ён.

Праз тры дні пасля пачатку вайны прэзідэнт Зяленскі абвясціў аб стварэнні Інтэрнацыянальнага легіёна, і гэта быў апошні дзень Малькальма на тэлебачанні.

«Мяне спыталі, колькі часу спатрэбіцца, каб Украіна здалася. І я адказаў: «Я скажу нешта непапулярнае. Украіна выйграе гэтую вайну. Выйграе. Гэта значыць, яна знішчыць расійскую армію».

«Я бачыў рэчы, якія іншыя людзі не бачылі. Напрыклад, я думаў, што ўкраінцы будуць біцца мацней каля Сумаў, але праз тыдзень расейцы ўжо былі каля Бравараў. Таму я разважаў: што там здарылася, няўжо ўкраінская армія здалася? І зразумеў, што гэта быў трук», — тлумачыць ён.

Тое ж самае, па яго словах, адбылося ў Ірпені і Барадзянцы.

«Я казаў, што яны робяць гэта свядома. Яны дазваляюць расіянам утварыць доўгія калоны з танкаў, бензавозаў і боепрыпасаў, і збіраюцца атакаваць з тылу. Менавіта так і адбылося. Рускія засталіся без паліва. А без паліва ваяваць немагчыма».

Сёння, са слоў Малькальма, Расія кідае ўсе свае сілы на Данбас, спрабуючы захапіць тэрыторыю вакол Ізюма і ўзяць Славянск. Але ёй гэта не ўдасца, лічыць ён. «Яны церпяць паразу на паўночным захадзе і на паўночным усходзе, хоць і маюць вялікую армію. Яны не разумеюць: калі ўсе запасы (ежа, паліва і амуніцыя) сканцэнтраваныя ў адным месцы, дастаткова аднаго стрэлу, каб усё гэта знішчыць», — лічыць Малькальм.

На ўсходзе, з ягоных слоў, расіяне ствараюць больш кароткія лагістычныя ланцужкі, як, напрыклад, праз расійскі Белгарад. Але танкам даводзіцца ехаць па дарогах, што з ваеннага пункту гледжання «стане смяротным прысудам».

«Неяк я ехаў з Камянца-Падольскага. Мы з'ехалі з дарогі дзесьці на метр, каб прыпаркавацца. Быў люты, але гразь была сантыметраў з 10. І я зразумеў, што расійскія танкі не змогуць з'ехаць з дарогі.

Расія можа кантраляваць толькі дарогу, па якой яна рухаецца. Ні вёскі, ні палі — толькі дарогі. З ваеннага пункту гледжання гэта смяротны прысуд, таму што гэта прымушае перамяшчацца ў асноўным па дарогах».

«Я быў на ўсходзе. Усход — не што іншае, як поле. Цяпер пачынаецца сезон дажджоў. Таму зноў Расія не зможа з'ехаць з дарог», — дадае ён. Па яго словах, у расіян не хапае танкаў, людзей і рэсурсаў, каб перамагчы украінцаў. «Калі ўкраінцы пачнуць знішчаць усе гэтыя танкі, у расіян не застанецца танкаў або механізаванай пяхоты. І тады ўкраінцы змогуць атакаваць і прасунуцца на 20, 30, 40 кіламетраў, таму што абараняцца не будзе чым. Калі вы губляеце танкі і людзей, у вас няма арміі».

Менавіта таму ён прагназуе, што бітва на ўсходзе праваліцца для расіян. «І калі Украіна працягне атакаваць у чэрвені, ліпені, думаю, яны вернуць Херсон. Расія не мае людзей і сілаў».

Украінцам трэба зброя

Для перамогі ўкраінцам трэба зброя, лічыць Малькальм. «Два тыдні таму самай вялікай праблемай была расійская дальнабойная артылерыя. Гэта лепшая і самая вялікая зброя, якая ў Расіі ёсць. Тая, што забівае больш за ўсё мірных жыхароў, — РЗСО «Смерч», ракеты далёкага дзеяння і да таго падобнае», — кажа ён.

Са слоў амерыканца, Захаду тлумачаць, што Украіне патрэбная дальнабойная артылерыя з высокадакладнымі снарадамі. І яна цяпер паступае. «ЗША даюць Украіне 100 гаўбіц M777. Яны вельмі дакладныя».

Швецыя дала процітанкаваю зброю. «Не трэба нават выходзіць з грузавіка, ён цалкам аўтаматычны. Выпускае тры снарады ў хвіліну.

Ва ўкраінцаў іх цяпер будзе дзесяць. Гэта азначае 30 артылерыйскіх удараў далёкасцю 25 км за 60 секунд. Расіяне не будуць ведаць, што рабіць», — тлумачыць ён.

Але сітуацыя на фронце, паводле яго слоў, кожны тыдзень змянялася, а таму і рэкамендацыі таксама мяняліся. «Цяпер трэба зброю, якая зломіць расіянам хрыбет. Гэта HIMARS — амэрыканская ракетная артылерыйская сістэма падвышанай мабільнасці на колавым шасі. Яна таксама цалкам аўтаматычная. Яе ўжылі для барацьбы з «Ісламскай дзяржавай» і «Аль-Каідай». Яна здольная знішчаць цэлі на адлегласці да 300 км Дакладнасць трапляння — адзін метр. А гэта ўжо сур'ёзная гульня. Гэтая сістэма настолькі дакладная, што знішчыць любую рускую артылерыю», — тлумачыць Малькальм.

Ён упэўнены, што знішчэнне расійскай артылерыі — гэта гуманітарная акцыя, бо расіяне забіваюць мірных жыхароў. «Таму, калі вы атрымаеце HIMARS, ход вайны цалкам зменіцца. Гэта зброя вельмі дакладная. У рускіх нічога падобнага няма».

Клас
71
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
1