Прадстаўнік ААН па гуманітарных пытаннях Савіяна Абрэу паведаміў Associated Press, што аперацыя па эвакуацыі людзей з «Азоўсталі» праводзілася сумесна з Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа і ў каардынацыі з украінскімі і расійскімі афіцыйнымі асобамі.

Лічыцца, што ў заблакаваным Марыупалі ўсё яшчэ знаходзяцца да 100 000 чалавек, у тым ліку да 1000 мірных жыхароў, якія разам з прыкладна 2000 украінскіх байцоў схаваліся пад сталеліцейным заводам — адзінай часткай горада, не акупаванай расіянамі.

Абрэу назваў сітуацыю вельмі складанай і ўстрымаўся ад іншых каментарыяў. 

Мяркуецца, што эвакуацыя пройдзе ў Запарожжа, што знаходзіцца прыкладна ў 227 кіламетрах на паўночны захад ад Марыупаля. Менавіта ў Запарожжа выехалі жыхары Марыупаля, якія раней самастойна пакінулі горад, калі ранейшыя эвакуацыі, арганізаваныя Чырвоным Крыжам і Украінай, давялося скасаваць праз абстрэлы або чаканую небяспеку на шляху.

«Першая група прыкладна са ста чалавек ужо накіроўваецца на падкантрольную нам тэрыторыю. Будзем заўтра сустракаць іх у Запарожжы», — сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

ААН паведаміла, што калона для эвакуацыі грамадзянскіх асоб адправілася ў пятніцу, праехаўшы каля 230 кіламетраў, перш чым дабрацца да завода ў Марыупалі ў суботу раніцай.

Клас
29
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
0