БАТЭ застаецца лідарам першынства, нягледзячы на нічыю ў «класіка». Фота: vk.com/fcbate

БАТЭ застаецца лідарам першынства, нягледзячы на нічыю ў «класіка». Фота: vk.com/fcbate

Чарговы тур у элітным футбольным дывізіёне краіны звёў да бар'ера прынцыповых апанентаў. Барысаўскі БАТЭ, што з пачатку сезона выключна перамагаў, наведаўся ў Мінск да пераследвальнікаў з «Дынама». У пасіве гасцей напярэдадні сустрэчы меўся толькі адзіны гол, што рабіла іх абарону найлепшай у краіне. Аднак трапны стрэл Івана Бахара на 65-й хвіліне сапсаваў «жоўта-блакітным» статыстыку ды паставіў пад пагрозу пераможную серыю.

Да таго ж гол справакаваў пікавыя эмоцыі ў заўзятараў, якіх па пратаколе сабралася на стадыене на рэкорд сезона, ажно 10 361 глядач. Адзін з іх не здолеў стрымаць пачуцці ў сабе ды выбег на поле, каб павіншаваць Бахара з рэалізаваным пенальці.

Прыхільнік мінскага «Дынама» віншуе з рэалізаваным пенальці Івана Бахара. Фота: скрыншот трансляцыі abff.by

Прыхільнік мінскага «Дынама» віншуе з рэалізаваным пенальці Івана Бахара. Фота: скрыншот трансляцыі abff.by

Тым не менш БАТЭ як сапраўдны лідар першынства ўдар вытрымаў годна. І спачатку нагамі экс-дынамаўца Драгуна аднавіў раўнавагу, а пасля і ўвогуле перахапіў ініцыятыву за кошт шыкоўнага стрэлу Філіпавіча здалёк.

Барысаву пасля гэтага заставалася пратрымацца 12 хвілін, каб зафіксаваць валявую вікторыю — трывання хапіла толькі на дзве. Усё той жа Бахар паспеў на дабіванне ды выратаваў «Дынама», зафіксаваўшы выніковы лік 2:2.

Нічыя дазволіла ўскараскацца на другі радок табліцы «Энергетыку». Мінчане сталі галоўным пераследвальнікам БАТЭ за кошт феерычнай гульні Абдзіхалікава ў Гродне: узбекскі форвард адкрыў лік хет-трыкам першынства ды стаў галоўным ініцыятарам разгрому «Нёмана».

Пазітыўнага выніку дамогся і «Шахцёр», які аформіў першую перамогу на чале з Сяргеем Ташуевым. Чэмпіён да 93-й хвіліны змагаўся з трывалай абаронай «Гомеля» — і толькі за кошт гола з пенальці Дарба здолеў зваяваць тры ачкі.

А вось жодзінскае «Тарпеда» пацярпела чарговую паразу — гэтым разам ад «Белшыны». Лік 1:3 у матчы з камандай, што толькі-толькі вярнулася ў эліту з першага дывізіёну, выглядаў сапраўдным прысудам не толькі «аўтазаводцам», але і галоўнаму трэнеру.

Як вынік, у найбліжэйшыя гадзіны чакаецца звальненне Дзмітрыя Молаша з пасады — вакансію ўжо гатовы заняць Іван Біёнчык. Той, што сам пратрымаўся на чале «Шахцёра» толькі тры туры ды першым у сезоне застаўся без працы.

Пасля шасці тураў БАТЭ з 16 ачкамі захаваў лідарства, на тры балы менш у «Энергетыка», на чатыры — у мінскага «Дынама».

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0