Рынкавая капіталізацыя кампаній, якія цалкам або часткова сышлі з расійскага рынку, вырасла, а тых, што засталіся — абвалілася. Пра гэта сведчыць даследаванне Ельскай школы менеджменту.

Даследаванне прысвечанае дынаміцы акцый кампаній, у якіх быў бізнэс у Расіі, у перыяд з канца лютага да пачатку красавіка. У выбарку трапіла каля 600 кампаній.

Капіталізацыя тых кампаній, якія цалкам сышлі з Расіі, вырасла ў сярэднім на 3-4%. Кампаніі, якія спынілі новыя інвестыцыі, але засталіся ў Расіі, страцілі ў сярэднім каля 2% капіталізацыі. А вось тыя кампаніі, якія працягнулі працаваць без усялякіх абмежаванняў, страцілі ў сярэднім яшчэ больш — каля 5,5% рынкавай капіталізацыі.

Гэта сведчыць пра тое, што з пункту гледжання інвестараў, рызыкі працягу бізнэсу ў Расіі перавышаюць страты ад сыходу з рынку, патлумачыў беларускі фінансавы аналітык Максім Адаскевіч. Ён нагадаў, што як толькі «Дойчэ Банк» перадумаў і ўсё ж абвясціў пра поўны сыход з Расіі, яго рынкавая капіталізацыя вырасла на суму нават большую, чым сума ўсіх выдадзеных банкам крэдытаў у гэтай краіне.

Аналітык растлумачыў, чаму заходнія бізнэсоўцы ацэньваюць рэпутацыйныя рызыкі ад вядзення бізнесу ў Расіі вышэй, чым страты ад сыходу. Па-першае, Расія — адносна невялікі рынак для большасці буйных міжнародных карпарацый.

Па-другое, пры захаванні бізнэсу ў Расіі расці яму будзе складана ва ўмовах ізаляцыі і падзення ВУП. Ключавыя акцыянеры большасці карпарацый — гэта буйныя фонды, для якіх важныя прынцыпы адказных інвестыцый (ESG). Плюс усё большую папулярнасць набіраюць індэксы, пабудаваныя на гэтых прынцыпах.

Вядзенне бізнэсу ў Расіі можа ствараць рызыку для кампаніі не патрапіць у гэтыя індэксы. Магчымыя байкоты або проста сыход да канкурэнтаў з боку персаналу, кліентаў, пастаўшчыкоў таксама адыгрываюць сваю ролю. Усё гэта б'е па маржынальнасці і, адпаведна, кошце бізнэсу.

«Такім чынам, у сучасным свеце сыходзіць з Расіі для буйнога транснацыянальнага бізнэсу, як правіла, эканамічна цалкам апраўдана. Прычым незалежна ад палітычных поглядаў менеджменту.

Абсалютна магчыма, што сітуацыя была б іншай, калі б «24 лютага» здарылася 20 гадоў таму. Ці здарылася б цяпер, але не з Расіяй, а з Кітаем, які эканамічна ў разы больш істотны для глабальных карпарацый, чым Расія», — адзначае Максім Адаскевіч.

На думку эксперта, Беларусі варта ўлічваць, што цяпер палітычныя рызыкі і рэпутацыя краіны турбуюць інвестараў значна мацней, чым гэта было гадоў 10-20 таму, калі быў магчымы прыход у Беларусь інвестараў накшталт Telekom Austria або «Рафайзэн Банк».

Клас
19
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
0