Барыс Гарэцкі

— 24 журналісты знаходзяцца за кратамі, тром інкрымінуюць артыкул «здрада дзяржаве». Амаль усе недзяржаўныя СМІ прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі», шмат калегаў вымушаныя былі з'ехаць з краіны. Здаецца, ніколі яшчэ беларускіх журналістаў так не прэсавалі. Як увогуле ўдалося захаваць незалежны медыясектар?

— Нягледзячы на тое, што ўлада зрабіла ўсё, каб знішчыць незалежныя СМІ, фактычна «вышчаміла» іх з Беларусі, пасадзіла вялікую колькасць журналістаў, галоўных рэдактараў, медыя знайшлі ў сабе сілы перазапусціцца, наладзіць працэсы так, каб працаваць з-за мяжы. Гэта шмат каштуе, і гэта вялікі гонар, што мы выйшлі на даразгромныя паказчыкі па аўдыторыі. То-бок мы не далі ўладзе кінуць беларускае грамадства ў пастку прапаганды, а здолелі захаваць незалежную журналістыку.

Другая сітуацыя, з якой сутыкнуліся беларускія журналісты, — гэта вайна ва Украіне. Бо многія прадстаўнікі незалежных СМІ пераехалі ў Кіеў ці Львоў і працавалі адтуль. І яны былі вымушаныя другі раз прайсці рэлакацыю, і вытрымалі.

Дзякуючы нязломнасці беларускіх медыя, Беларусь не страціла магчымасці атрымліваць інфармацыю, а свет не страціў магчымасці ведаць пра падзеі ў Беларусі. І тое, што працуюць самі медыя, што працуе БАЖ і іншыя арганізацыі, — гэта дае свету карціну пра падзеі ў Беларусі: пра рэпрэсіі, пра тое, што адбываецца, пра падзеі, якіх нямала, і яны абсалютна невясёлыя.

Малюнак Вольгі Якубоўскай

— Ці не складваецца ў вас уражанне, што з прычыны падзей ва Украіне Беларусь «адсунутая» на другі план, ужо няма такой увагі ў свеце да падзей у Беларусі, да ўзмацнення рэпрэсій?

— З сярэдзіны 2020 года, з самага пачатку пратэстаў Беларусь была ў цэнтры ўвагі. Натуральна, Украіна цяпер галоўная. Але я лічу, што праз Украіну не зменшылася ўвага да Беларусі. Дзякуючы, на жаль, і таму, што ракеты ва Украіну ляцелі з боку Беларусі. Менавіта таму пытанні дыктатуры ў Беларусі, масавых рэпрэсій выклікаюць цікавасць у Еўропе і ва ўсім свеце. Пра гэта сведчыць увага і рознага кшталту адзнакі і ўзнагароды беларускім медыйшчыкам.

«Гэта яшчэ не дно. Сітуацыя можа яшчэ пагоршыцца»

— Беларусь у рэйтынгах свабоды прэсы апускаецца ўсё ніжэй і ніжэй. Рэпрэсіі, ціск, прызнанне практычна ўсіх недзяржаўных СМІ экстрэмісцкімі — гэта ўжо дно? Ці могуць быць яшчэ горшыя падзеі?

— Ёсць яшчэ краіны, ніжэйшыя за Беларусь па рэйтынгу свабоды прэсы, дзе журналістаў забіваюць, дзе колькасць журналістаў у турмах большая (напрыклад, Турцыя).

Так што сітуацыя можа яшчэ пагоршыцца. Бо тых калег, якіх паспелі захапіць у закладнікі, вырашылі не выпускаць, арыштаваць яшчэ і новых. Яскравыя прыклады — гэта калі чалавек меўся хутка выйсці, а на яго «навешваюць» новыя абвінавачанні, заводзяць новыя крымінальныя справы. Так, «торг можа быць». Гэта яшчэ не дно. Хоць на еўрапейскім кантыненце мы можам канкураваць хіба што з Расіяй па жорсткасці, але там колькасць журналістаў за кратамі не такая вялікая, як у нас.

— Барыс, на ваш погляд, якія самыя дзіўныя, абсурдныя абвінавачванні выстаўляюць беларускім журналістам?

— Я б адказаў так: ёсць артыкулы надзвычай жорсткія, якія адназначна выглядаюць як расправа. Гэта «здрада дзяржаве» — пад гэтым артыкулам цяпер Дзяніс Івашын, Андрэй Аляксандраў і Кацярына Андрэева. Дзяржава можа рандомна выбіраць якую-небудзь дзейнасць — журналісцкую, праваабарончую, казаць, што журналіст распаўсюджваў інфармацыю, якая можа нанесці шкоду дзяржаве. Гэта проста «падкошвае ногі» чалавеку, калі яму пагражае тэрмін ад 7 да 15 гадоў.

А па абсурднасці на першым месцы — справа «Нашай Нівы», калі журналістаў абвінавацілі ў тым, што за камуналку плацілі як фізічныя асобы, а не як юрыдычныя. І на падставе гэтага хлопцаў пасадзілі на 2,5 года, хоць яны ўсё сплацілі яшчэ да суда. Гэта таксама выглядае як расправа: складу злачынства няма, а ёсць палітычнае рашэнне «закрыць» журналістаў.

Зрэшты, па ўсіх астатніх журналістах мы таксама бачым палітычны пераслед. Калі чалавек проста асвятляў пратэсты, выконваў сваю працу — за гэта пасадзілі Алега Груздзіловіча. Ірына Слаўнікава працавала як журналіст і трапіла за краты, ды яшчэ абвінавачваецца ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання! Генадзь Мажэйка ўвогуле толькі перадаў словы аднакласніцы мінскага «стралка», у якіх не было нічога супрацьзаконнага, экстрэмісцкага, і з верасня ён за кратамі. Гэта таксама абсурдныя справы.

Цяпер у зняволенні 24 журналісты. І ўлады не зніжаюць колькасць журналістаў за кратамі ніжэй за два дзясяткі.

«Высокія стандарты захоўваюцца: праверка інфармацыі, пошук другога боку»

— Беларускія журналісты вымушаныя цяпер працаваць у новых умовах — з-за мяжы. На ваш погляд, ці атрымліваецца ў іх трымаць руку на пульсе таго, што адбываецца ў Беларусі?

— Гэта незвычайная з'ява. Праца не ў краіне надзвычай складаная, калі ты сам не можаш трапіць на месца, зрабіць здымкі, вывучыць факты. Але і за мяжой журналісты, мне падаецца, цалкам адчуваюць пульс падзей у Беларусі. І гэта не проста «юзарскі» кантэнт, які дасылаюць чытачы і гледачы, гэта журналісцкая праца па пошуку і праверцы інфармацыі.

Мяне праўда вельмі натхняе праца калег з незалежных медыя. І асаблівы гонар за высокі ўзровень журналістыкі. Бо пад уплывам вайны, пад уплывам прапаганды, пад уплывам рэпрэсій заўсёды ёсць спакуса панізіць якасць, замест дзвюх крыніц інфармацыі выкарыстоўваць адну, замест таго, каб апытаць другі бок, увогуле да яго не звяртацца. І надзвычай важна, што высокія стандарты захоўваюцца: праверка інфармацыі, пошук магчымасцяў звярнуцца да другога боку ва ўмовах, калі няма акрэдытацыі.

Паглядзіце, як нашы калегі працуюць падчас так званых «прамых тэлефонных ліній». Калі немагчыма наўпрост узяць камент, журналіст з-за мяжы тэлефануе чыноўніку на «гарачую лінію» і задае пытанні. Гэта надзвычай важна, гэта тое, што сведчыць пра якасць нашай журналістыкі, і гэта цэніць аўдыторыя. Таму што чым больш простымі станавіліся б матэрыялы, тым менш цікава было б іх чытаць людзям. Людзі ж не дурныя. Планка якасці захоўваецца, і гэта вельмі натхняе.

«Працаваць ва Украіне з беларускім пашпартам надзвычай складана»

— А як калегі спрацавалі ў тэме асвятлення вайны ва Украіне, на ваш погляд?

— Калі ў нейкім рэгіёне адбываецца вайна альбо баявыя дзеянні, увага ўсіх медыйшчыкаў рэгіёна — да гэтага месца. Беларускія журналісты сутыкнуліся з пэўнымі праблемамі: працаваць ва Украіне з беларускім пашпартам надзвычай складана. Бо Беларусь для Украіны — дзяржава-агрэсар, лукашэнкаўская ўлада дазваляе знаходзіцца на сваёй тэрыторыі расійскім войскам і страляць у бок Украіны.

З другога боку, нашы калегі застаюцца ва Украіне і працягваюць асвятляць адтуль падзеі. Вялікая колькасць беларускіх журналістаў да вайны жыла ва Украіне. І гэта дало выдатны падмурак для разумення сітуацыі. Веданне таго, да каго звярнуцца па каментарый, як праверыць факты.

І трэцяе — гэта асвятленне беларускай часткі вайны, таго, што адбывалася ў Мінску, у іншых гарадах: найперш па пратэстах супраць вайны і ўвогуле расійскай вайсковай прысутнасці. Я не раз чуў падзякі ад украінскіх журналістаў, якія не маюць магчымасці працаваць у Беларусі. У Беларусі аб’ектыўна няма журналістаў украінскіх медыя. І таму тое, што выходзіць ва ўкраінскіх медыя, — гэта шмат у чым кантэнт нашых калег, зроблены беларускімі незалежнымі медыя.

«Журналісты дзяржаўных СМІ скаціліся да адкрытых заклікаў да расправы»

— Раней БАЖ намагаўся наладзіць стасункі з Беларускім саюзам журналістаў, праводзіў сумесныя мерапрыемствы, нават сябрамі БАЖу былі журналісты з дзяржаўных СМІ. Ці захаваліся нейкія кантакты з імі цяпер?

— Калісьці мы заклікалі іх да дыялогу, запрашалі на сумесныя мерапрыемствы. Пасля пачатку пратэстаў журналісты дзяржаўных СМІ скаціліся да незвычайнага ўзроўню жорсткай прапаганды, ажно да адкрытых заклікаў да расправы.

Калі паглядзець тэлеграм-канал БСЖ — гэта цалкам прапагандысцкі рэсурс, які, акрамя памыяў, распаўсюджвае абсалютна непраўдзівыя звесткі. Напрыклад, там пісалі, што нас з Андрэем Бастунцом затрымалі па крымінальнай справе.

Цяпер ніякіх кантактаў з імі няма. Таму што немагчыма быць на баку святла і на баку цемры адначасова. Дарэчы, БСЖ заклікаў пазбавіць БАЖ рэгістрацыі, нягледзячы на тое, што гэта таксама журналісцкая арганізацыя.

Хоць нас пазбавілі рэгістрацыі, але мы засталіся сябрамі Міжнароднай еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ), і гэта нашы самыя блізкія партнёры. Літаральна на мінулым тыдні ў Вільню прыязджаў прэзідэнт EFJ Могенс Бліхер Б’ерэгард. У той жа час праўладны БСЖ замарозіў сваё сяброўства ў EFJ і працягвае заставацца рупарам прапаганды. Кожны робіць свой выбар.

Але нават у афіцыйным БСЖ ёсць людзі, якія дзеляцца з намі інфармацыяй пра стан дзяржаўнай журналістыкі.

«Важна захаваць сваю прысутнасць у Беларусі і ўрэшце туды вярнуцца»

— Якія новыя выклікі стаяць перад беларускімі журналістамі?

— Галоўны выклік, які мы бачым на бліжэйшы год, — гэта захаванне медыясектара. Таму што ёсць вялізная стомленасць калег ад гэтых двух гадоў бадзянняў і працы ў экстранным рэжыме.

З другога боку, ёсць запыт на інфармацыю з боку беларускай аўдыторыі. Важна не згубіць аўдыторыю, важна захаваць медыя, пашырацца, спрабаваць новыя фарматы — дзеля таго, каб захаваць сваю прысутнасць у Беларусі і ўрэшце туды вярнуцца.

Клас
21
Панылы сорам
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
1
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру