Фота: Артур Грыгаран / Ваяр 

Фота: Артур Грыгаран / Ваяр 

Гаворка пра ініцыятыву «Саюз маці». Яна з’явілася ў першыя дні вайны ва Украіне. Першапачатковай мэтай было сабраць аднадумцаў і дапамагчы ім абараніць сваіх дзяцей.

«У нас саюз маці Расіі, Беларусі і Украіны, таму што мы хочам падкрэсліць, што мы супраць падзелу, супраць таго, каб нас рабілі ворагамі, і мы ўсе супраць гэтай жудаснай вайны. Але, канечне, мамы з Беларусі і Расіі зусім у іншай сітуацыі: мы павінны спыніць нашых дзяцей ад удзелу ў гэтых жудасных забойствах украінскіх матуль і іх дзяцей», — тлумачаць актывісткі, якія пажадалі застацца ананімнымі ў мэтах бяспекі. 

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: t.me/souzmaterey

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: t.me/souzmaterey

Пасля пачатку вайны жанчыны тэлефанавалі беларускім вайскоўцам і прасілі не браць удзел у вайсковых дзеяннях. Базу нумароў яны атрымалі ад беларускіх кіберпартызанаў.

«Мы сабраліся групай самых актыўных маці, якім давяраем, і зладзілі абтэлефаноўванне — знаёмы дапамог зрабіць гэта так, каб не было бачнае ID таго, хто тэлефануе. У нейкі момант мы зразумелі, што не спраўляемся сваімі сіламі, бо база вялікая. Тады мы запісалі голас, і наш сябар дапамог зладзіць далейшае абтэлефаноўванне ў аўтаматычным фармаце. Ëн жа дапамог з СМС-рассылкай па нумарах», — расказваюць жанчыны.

Калі яны званілі самі, то іх даслухвалі да канца, не перабіваючы. З аўтаматычнымі празвонамі было крыху горш, але большую частку запісу таксама слухалі да канца.

«Пасля звычайна размова проста заканчвалася. Часам маглі на тым канцы сувязі вылаяцца матам: «Ой, ***, што гэта такое?»

Ініцыятыва ладзіла таксама іншыя акцыі.

«Нашы мамы выходзілі на пратэсную малітву супраць вайны ў Мінску — іх нават затрымалі ў царкве. На Вялікдзень жанчыны дамовіліся з некаторымі святарамі і напісалі разам малітву за мір. Святары на Вялікдзень гэтую малітву чыталі і арганізоўвалі шэсці ўнутры велікоднага ходу са стужкамі і буклетамі, што напамінаюць пра жахі вайны», — кажуць жанчыны.

Малітва за мір, якая праходзіла ў Кафедральным саборы Мінска 3 сакавіка

Малітва за мір, якая праходзіла ў Кафедральным саборы Мінска 3 сакавіка

«Саюз маці» таксама тлумачыць жанчынам, як абараніць дзяцей у школе ад прапаганды, стварае інструкцыі для прызыўнікоў.

Актывісткі кажуць, што куды больш складаная задача — дапамагчы маці з Расіі, чые дзеці ўжо на вайне. І тлумачаць, чаму не лічаць нянавісць канструктыўнай.

«Мы зможам дапамагчы ім, толькі калі пакажам, што мы на іх баку, што ім ёсць куды прыйсці са сваімі страхамі і горам, апроч як у расійскія дзяржструктуры, якім на іх пляваць.

Вы бачылі тое фота, дзе дзве аптэчкі — украінскага салдата і рускага? Гэта жудасна, гэта выдатна дэманструе, што рускія дзеці для Расіі — проста гарматнае мяса. Як прыняць гэта, калі ўсё жыццё па тэлевізары табе казалі іншае? Як прыняць гэта, калі твой муж, можа, п’е і б’е цябе, калі грошай бракуе, калі ўся адказнасць за сям'ю на табе? А потым пачынаецца вайна — і тваё дзіця стала забойцай, а ты ж хацела выгадаваць яго добрым чалавекам. Уся ваша краіна — агрэсар!

Псіхіка да апошняга гэта адмаўляе, яшчэ і прапаганда дапамагае не задаваць сабе нязручныя пытанні. І мы не дапаможам гэтым маці прыняць рэальнасць, калі будзем ненавідзець іх. Мы дапаможам ім, калі дадзім ім пачуццё, што яны не адны». 

У будучыні актывісткі хочуць арганізаваць фонд дапамогі маці і іх дзецям: не толькі ўкраінскім, але і беларускім, рускім.

«Быць маці — гэта ўжо выклік, асабліва ў нашых краінах. А быць маці падчас вайны — выклік удвая. Наша стратэгія ў тым, каб аб'яднаць матуль, даць ім голас і моц уплываць на падзеі».

Чытайце таксама:

Прадстаўніца кіберпартызанаў расказала колькі іх і раскрыла дэталі аперацый. У тым ліку на чыгунцы

Клас
63
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
7
Абуральна
4