Аб сур'ёзнасці праблем сведчаць вынікі сакавіцкага апытання бізнэсу, якое правёў сярод сваіх удзельнікаў Савет па развіцці прадпрымальніцтва (кансультатыўны орган урада).

Усе кампаніі-рэспандэнты адзначылі, што эканамічныя санкцыі негатыўна ўплываюць на дзейнасць прадпрыемстваў, прыводзяць да зніжэння попыту на прадукцыю, работы і паслугі як на знешнім, так і на ўнутраным рынках.

Пры гэтым 89% апытаных адзначылі скарачэнне аб'ёмаў экспарту, праблемы з правядзеннем разлікаў з замежнымі партнёрамі. Усе арганізацыі, апытаныя Саветам па развіцці прадпрымальніцтва, заявілі таксама пра рост дэбіторскай, крэдыторскай запазычанасці і скарачэнні ўласных абаротных сродкаў.

З тым, што крызіс — гэта надоўга, згодныя нават прадстаўнікі дзяржорганаў.

«У другім і трэцім кварталах будзе адбывацца нарастанне крызісных з'яў. Безумоўна, урад настроены на тое, каб аператыўна на гэта рэагаваць», — заявіў першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко на сакавіцкім дзелавым форуме, арганізаваным Рэспубліканскай канфедэрацыяй прадпрымальніцтва.

У сувязі з «крызіснымі з'явамі» дзелавая супольнасць ужо звярнулася да дзяржавы з просьбай аб дапамозе і падтрымцы. Напрыклад, буйныя кампаніі, якія ўваходзяць у Савет па развіцці прадпрымальніцтва, просяць аб зніжэнні фіскальнай нагрузкі і прапануюць правесці амністыю капіталу.

Усе бізнэс-саюзы таксама ўздымаюць пытанне аб тым, што ў крызісныя часы дзяржаве варта падставіць плячо рэальнаму сектару эканомікі.

Антыкрызісныя прапановы

У лісце, які накіраваў у Мінэканомікі Саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара М. С. Куняўскага, акцэнтуецца ўвага на тым, што «ў мэтах захавання працоўных калектываў і аператыўнага рэагавання на бягучую сітуацыю» трэба пашырыць правы наймальнікаў і дазволіць ім «істотна мяняць умовы працы».

У прыватнасці, прапануецца прадаставіць наймальнікам права ў аднабаковым парадку ўстанаўліваць «рэжым гнуткага працоўнага часу асобных работнікаў або калектываў структурных падраздзяленняў з аплатай працы за адпрацаваны час».

Акрамя таго, арганізацыя прапануе аказаць дапамогу маламаёмасным грамадзянам, а менавіта вызваліць іх ад выплаты падаходнага падатку, а таксама распрацаваць «механізм прадастаўлення суб'ектам гаспадарання растэрміноўкі на выплату падаткаў».

З улікам цяжкасцей з разлікамі, якія ўзніклі ў беларускіх кампаній з-за заходніх санкцый, Саюз прапануе ўраду дазволіць суб'ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва наяўны від разлікаў «у межах 5-10 працэнтаў ад выручкі для закупкі сыравіны і матэрыялаў для ўласнай вытворчасці».

У сваю чаргу, Рэспубліканскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў звярнуўся ў Мінэканомікі з просьбай аб

прадастаўленні падатковых канікул для бізнэсу, а таксама аб адмене шэрагу норм у заканадаўстве, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за эканамічныя злачынствы.

Увогуле, беларускі бізнэс просіць улады аб лібералізацыі. Дзелавая супольнасць папярэджвае, што патрэбныя неадкладныя меры па падтрымцы бізнэсу, бо вялікая рызыка банкруцтва прадпрыемстваў.

Аляксандр Калінін, старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў:

Мы напярэдадні сур'ёзнага крызісу, які пачне развівацца з другога квартала. Ва ўмовах заходніх санкцый і з-за дэвальвацыі для прадпрыемстваў растуць цэны на сыравіну і камплектуючыя, прычым у некаторых выпадках у разы.

На фоне жорсткай фіскальнай палітыкі абаротныя сродкі прадпрыемстваў вымываюцца, а танных фінансавых рэсурсаў сёння рэальнаму сектару эканомікі ніхто не абяцае.

Мы прапануем ураду перагледзець падыходы да фіскальнай палітыкі. Цяперашняя ўліковая палітыка прыводзіць да таго, што падатковыя абавязацельствы прадпрыемстваў, якія працуюць па агульнай сістэме падаткаабкладання, узнікаюць ужо пры адгрузцы прадукцыі, калі аплаты яшчэ можа не быць. Адпаведна, у прадпрыемстваў вымываюцца абаротныя сродкі.

Дадатковы ціск на «абаротку» вытворчых прадпрыемстваў аказваюць высокія адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (34% ад фонду аплаты працы). Яшчэ Дырэктывай № 4 у 2010 годзе прадугледжвалася пераразмеркаванне пенсійнага страхавання з наймальніка на наёмных работнікаў, але гэтае палажэнне дырэктывы да гэтага часу не рэалізаванае, таму пры крызісных з'явах магчымыя праблемы не толькі з выплатай зарплаты, але, адпаведна, і з выплатай пенсій.

Яшчэ адзін фактар, які вымывае абаротныя сродкі прадпрыемстваў, — падаткі на нерухомасць і зямлю: яны ў нас спаганяюцца без уліку рэальнага прыбытку прадпрыемстваў. Фіскальная сістэма, заснаваная на такіх падыходах, працавала ва ўмовах устойлівай эканомікі, але цяпер, на фоне затрымкі разлікаў і падзення выручкі прадпрыемстваў, яна пакажа сваю недасканаласць.

Таму, на наш погляд, цяпер трэба пераглядаць фіскальную сістэму, патрэбныя аператыўныя меры дзяржавы па падтрымцы рэальнага сектара эканомікі. Ва ўмовах дэвальвацыі і росту цэн неабходна прыняць меры для папаўнення абаротных сродкаў прадпрыемстваў, а даходы бюджэту, якія выпадаюць, кампенсаваць павышэннем акцызаў і часовым павышэннем стаўкі ПДВ. Інакш краіна сутыкнецца са шматлікімі банкруцтвамі.

Бо вытворчыя кампаніі, якія працуюць на імпартнай сыравіне, цяпер праз санкцыі, а таксама праз дэвальвацыю сутыкнуліся з букетам пералічаных праблем. У сувязі з гэтым пытанні занятасці і заробкаў становяцца вельмі вострымі, таму бізнэсу патрэбная тэрміновая падтрымка з боку дзяржавы і разуменне, як мы будзем жыць ва ўмовах новай рэальнасці.

Клас
4
Панылы сорам
7
Ха-ха
20
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
0