Фота: асабісты архіў

Мікалаю 32 гады, ён выпускнік Коласаўскага ліцэя і сын знанага журналіста. Апошнім часам хлопец працаваў у кампаніі Vizor Games, але месяц таму звольніўся — хацеў распачаць свой праект.

Яго гісторыю расказвае Інга. З Мікалаем яны пачалі сустракацца ў 2018 годзе. Па словах дзяўчыны, паміж імі было і застаецца сапраўднае каханне. Для яе гэты час быў найлепшым у жыцці. Адносіны доўжыліся паўтара года.

Аднойчы Інзе раніцай патэлефанавалі з незнаёмага грузінскага нумара і сказалі, што Мікалай упаў, моцна разбіў галаву і што ідзе аперацыя.

«Я патэлефанавала адразу ж старэйшай сястры Колі. Яна жыве не ў Беларусі, ёй спатрэбілася чатыры дні, каб прыехаць у Тбілісі. Я пачала шукаць білеты са Шры-Ланкі — апошнія паўгода я жыла там, білеты дарагія, а свабодных фінансаў у мяне не было. Толькі праз дзесяць дзён мне ўдалося прыехаць.

Чаму і як ён упаў, я не ведаю. Следчыя казалі, што на камерах у гэты момант бачна толькі, як праязджалі машыны. Проста відаць, што ён упаў і стукнуўся патыліцай», — кажа яна. 

«Пасля першай нашай размовы ў яго пачалі з'яўляцца рэфлексы. Рухаў рукамі, нагамі» 

Цяпер Мікалай ляжыць у амерыканскай клініцы ў Тбілісі. Ён паступіў туды са смерцю галаўнога мозга, мужчына знаходзіцца ў коме. 

«Сказалі, што ў іншых краінах яго б не сталі апераваць. Але ў нашым выпадку спаслаліся на малады ўзрост. 

Падчас аперацыі яму выразалі кавалак чэрапа. У яго была вялізная гематома, пухліна, якая доўга не праходзіла. Дактары сказалі, што шанцаў выбрацца ўвогуле ніякіх няма. Я тады з боем прарывалася ў клініку. У рэанімацыю не пускаюць нават сваякоў. Калі дыягнастуюць смерць галаўнога мозга, поўнасцю адключаецца імунітэт — любая бактэрыя можа выклікаць якую-небудзь хваробу, таму наведванні забароненыя», — кажа дзяўчына. 

Ніякай магчымасці ўбачыць Мікалая ў Інгі не было. Тады яна дамовілася з доктарам, каб медсястра патрымала над ім тэлефон. Так дзяўчына сказала некалькі слоў хлопцу па відэасувязі.

«Усе дзесяць дзён, якія я была ў Тбілісі, хадзіла да яго ў бальніцу, — кажа Інга. — Пасля першай нашай размовы ў яго пачалі з'яўляцца рэфлексы. Рухаў рукамі, нагамі. Але зрэнка нідзе не факусуецца. Ён так ляжаў ужо дваццаць дзён, а ў яго толькі пачаліся гэтыя рэфлексы. У чалавека іх тысячы. Уявіце, колькі трэба часу, каб ён поўнасцю прыйшоў у норму.

Цяпер Коля знаходзіцца ў цяжкай ступені комы, з якой чалавек не можа выйсці сам. З дапамогай рэсурсаў яго арганізма можна будзе перавесці ў больш лайтовы варыянт комы, і такім чынам вывесці далей. Але мне сказалі дактары, што такім чынам выбіралася менш за пяць працэнтаў людзей. Тое, што чалавек будзе сацыялізаваны ці працаздольны, — адзін працэнт.

Цяпер мне даюць з ім пагаварыць раз на тыдзень. Дыхае ён праз апарат, кровазварот яму таксама запускаюць, пакуль што ніякіх паляпшэнняў няма. Яго знаходжанне ў бальніцы каштуе 12 тысяч еўра ў месяц. За дзень гэта каля 400 еўра. Цяпер усё аплачвае яго сям'я. Фірмы, у якіх Коля працаваў, захацелі фінансава дапамагчы. Мае сябры і знаёмыя стварылі ў Грузіі фонд збору грошай. Вядома, вельмі хочацца верыць у цуд».

«Была гучная музыка, ён не разабраў маіх слоў і падумаў, што я лезу да яго цалавацца»

Інга расказвае, што Мікалай вельмі любіў граць на трубе. Музыкай ён займаўся з дзяцінства. 

«Ён выступаў ва ўсёй Еўропе, удзельнічаў у конкурсах. А ў Мінск Коля прыехаў на вучобу ў музычную вучэльню, калі яму было 8 ці 10 гадоў. Ён там быў самым маленькім. І калі прыйшоў час выбіраць: звязваць сваё жыццё з музыкай ці не, ён чамусьці вырашыў пайсці ў рэкламу. Паступіў тады ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.

Ён ідэальна грае на гітары, фартэпіяна, трубе. Яго ў Тбілісі ведаюць як Міколу-трубача. Ён там граў усюды проста ў сваё задавальненне», — кажа яна. 

Фота: асабсіты архіў

Пазнаёміліся Інга і Мікалай ў Інстаграме. Хлопец напісаў ёй вялікае рамантычнае паведамленне і запрасіў на спатканне. 

«Я сама блогерка, да мяне ў дырэкт кожны дзень можа прыходзіць да двухсот паведамленняў. І вось тады я націснула менавіта на гэта. Я нават не паглядзела на фотаздымак і адразу пагадзілася пайсці. Сустрэліся ў бары «Героі». Калі я ўжо паглядзела яго профіль у Інстаграме, падумала: які ж ён нефотагенічны.

А на спатканне прыйшоў высокі, прыгожы малады чалавек з вялікімі вачыма. Мы пачалі размаўляць, і гэта было настолькі інтэлектуальна і цікава, што мы пару гадзін так гутарылі. Пасля бара паехалі на лацінскую вечарынку да маіх сяброў. Сядзелі побач, я хацела выйсці, сказала Колю, каб ён мяне прапусціў. Была гучная музыка, ён не разабраў маіх слоў і падумаў, што я лезу да яго цалавацца. І сам пацалаваў мяне. Калі гэта потым з ім абмяркоўвалі, вельмі доўга смяяліся», — згадвае дзяўчына шчаслівыя імгненні разам. 

З таго дня Інга і Мікалай былі на сувязі кожны дзень. Пачалі падарожнічаць — разам ездзілі ў Рым, на Куршскую касу… 

«Коля любіў хадзіць на выставы, канцэрты. Гэта быў найлепшы год у маім жыцці. Так прыгожа ніколі ніхто не мог кахаць адзін аднаго. Я не магу ні з чым параўнаць тыя пачуцці, якія ў нас з ім былі», — дзеліцца Інга. 

«Калі ўсё здарылася, у мне адкрылася такое каханне, якое, мусіць, недаступнае многім людзям»

Праз паўгода пара рассталася. Як тлумачыць Інга, у іх былі розныя погляды на свет. І ў нейкіх момантах яны не змаглі дамовіцца. 

«Я толькі праз год ацаніла ўвесь маштаб страты. Коля быў глыбокі, творчы. Ён вельмі хутка мяняў сваё жыццё. А я з тых людзей, якія моцна стаяць на нагах, гіперадказная. У нейкіх момантах, канечне, мы з ім не сыходзіліся. Адзін раз моцна пасварыліся і разышліся. Праз два тыдні зноў пачалі размаўляць, бачыцца. І нават калі ў кагосьці здараліся нейкія адносіны, то гэта так і гучала, што гэта проста людзі, а ты — каханне на ўсё жыццё.

Сітуацыя з комай мяне моцна падкасіла. Калі ўсё здарылася, у мне адкрылася такое каханне, якое, мусіць, недаступнае многім людзям. Я да гэтага часу не магу супакоіцца, хоць і прайшло ўжо больш за месяц. Кожны дзень прачынаюся са слязамі і засынаю з імі. Не магу прыняць той факт, што гэтага чалавека можа не стаць», — плача Інга. 

Фота: асабісты архіў

Дзяўчына нават вырашыла звярнуцца да лекараў і «энергетаў», каб трымаць сувязь з каханым. 

«Я вельмі прагматычны чалавек, але ў гэтай сітуацыі паверыла ва ўсё. Вельмі балюча, калі дактары гавораць усё, як ёсць. І многія людзі падаваліся ў такой сітуацыі ў эзатэрыку. Хочацца ўгаварыць яго застацца тут». 

Часам дзяўчына вінаваціць сябе ў тым, што не паехала да Мікалая ў Грузію раней. Ён чакаў яе ў сакавіку, але Інга адклала паездку. 

«Я з'ехала ў снежні 2021-га на Шры-Ланку. Апошнія пяць гадоў я так раблю менавіта зімой. З-за падзей ва Украіне працягнула свой адпачынак. У Беларусь вярнулася толькі тыдзень таму.

Мне хацелася рэлакейтнуць куды-небудзь свой бізнэс. У мяне свая школа фларыстыкі. І Коля прапанаваў, каб я прыехала да яго ў Тбілісі і каб мы разам над гэтым падумалі. Магчыма, калі б я прыехала, то ўсё б склалася інакш…» 

* * *

Цяпер Інга разам з сябрамі збірае грошы на лячэнне для Мікалая. Пералічыць грошы можна па наступных рэквізітах: 

JSC TBC Bank
Tbilisi, Georgia
Swift: TBCBGE22
Ben’s IBAN: GE03TB7483145063300011
Name of Beneficiary: Sergo Kenia

Чытайце таксама: 

У беларускім «спісе тэрарыстаў» новае імя. Што вядома пра гэтага чалавека?

«Што зрабіла я? Пайшла мыцца». Беларуская мадэль плюс-сайз расказала пра рускія ваенныя караблі і Адэсу

Клас
1
Панылы сорам
3
Ха-ха
Ого
1
Сумна
40
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру