Фота тут і далей: асабісты архіў

У 2011-м ужо з'язджалі з Беларусі

Тата (вытворнае ад Таццяна) з тых беларусаў, якія даўно цікавяцца палітыкай. Разам з мужам дзяўчына хадзіла на плошчу ў 2010-м, а ў 2011 годзе яны вырашылі з'ехаць у Чэхію, дзе пражылі тры гады, пасля чаго вярнуліся ў Беларусь.

«Муж моцна сумаваў па доме, радні і сябрам, таму мы вырашылі вярнуцца. Шэсць гадоў я правяла ў дэкрэце, а вясной 2020-га вырашыла заняцца сваёй справай», — успамінае жанчына.

Пачаўшы выпускаць футболкі з прынтамі работ беларускіх мастакоў, яна задаволіла адразу некалькі сваіх жаданняў: працаваць з сучасным мастацтвам, мець сваю справу і ў дадатак дапамагаць мастакам.

«Ідэя прыйшла да мяне падчас наведвання адной з выстаў у Мінску, я ўбачыла цікавыя працы і падумала, што іх можна друкаваць на вопратцы. Яшчэ будучы ў дэкрэце, я зразумела, што не так проста знайсці якасныя футболкі з цікавымі прынтамі за адэкватныя грошы, таму вырашыла паспрабаваць сама іх выпускаць. Знайшла пастаўшчыкоў адзення, месца, дзе можна зрабіць якасны прынт, адкрыла ІП і прыступіла да працы».

У памяць урэзалася гісторыя таленавітага мастака, які скончыў жыццё самагубствам

Карціны для прынтоў дзяўчына шукала ў Instagram, пісала аўтарам і пыталася, ці можна выкарыстоўваць іх працы.

Футболкі прадаваліся па 40-45 рублёў за штуку. Частку грошай ад продажу Тата пералічвала аўтарам работ.

«Мне ў памяць добра ўрэзалася гісторыя Захара Кудзіна, таленавітага мастака, які скончыў жыццё самагубствам. З ім часта разлічваліся бартарам, матэрыяламі, у выніку атрымалася, што ў яго былі праблемы з грашыма. Мой бізнэс у нейкай меры мог дапамагчы падтрымаць маладых аўтараў».

Тата пачала працаваць у сакавіку 2020 года, а неўзабаве ў Беларусі стартавала перадвыбарчая кампанія з усімі далейшымі падзеямі.

«У краіне з'явіўся вялікі попыт на пратэсную сімволіку, продажы ішлі ўгару. Вельмі добра прадаваліся футболкі з выявай Евы мастака Парыжскай школы беларускага паходжання Хаіма Суціна.

У пікавы перыяд я прадавала па 60-80 адзінак у тыдзень. Пасля выплаты ўсіх выдаткаў, уключаючы ганарары аўтарам, атрымлівалася, што з адной майкі я зарабляла каля 4 рублёў. Выходзіць, што ўсяго праз некалькі месяцаў пасля запуску, я магла зарабляць каля 600 даляраў у месяц», — падлічвае суразмоўца.

З аднаго боку, сітуацыя, якая склалася ў краіне, спрыяла развіццю бізнэсу, з іншага, у дзяўчыны сталі з'яўляцца асцярогі, што неўзабаве праз такую дзейнасць да яе могуць прыйсці.

«Асабліва востра я пачала задумвацца над гэтымі пытаннямі, калі сілавікі зацікавіліся працай symbal.by», — згадвае дзяўчына.

Тым не менш прычынай ад'езду з Беларусі паслужыў іншы фактар. Мужа Таты затрымалі на адной з пратэсных акцый, пасля чаго яго сталі выклікаць на допыты.

«Мужа збілі, але справы заводзілі не за перавышэнне паўнамоцтваў супрацоўнікамі, а хутчэй наадварот. У нас было відэа, на якім выразна відаць, што муж не рабіў нічога супрацьпраўнага. Там бачна, як яго білі супрацоўнікі. Таму адвакат супакойваў, што ўсё павінна быць добра. Але на ўсялякі выпадак я выдаліла ўсе пасты, дзе былі згадкі пра продаж «пратэснай» прадукцыі. Аднак гледзячы на тое, як развівалася сітуацыя ў краіне, мы ўсё адно вырашылі з'ехаць з Беларусі».

Для выхаду ў нуль трэба прадаваць мінімум сто футболак у месяц

Сям'я пераехала ў Прагу, але жаданне займацца арт-футболкамі ў Таты не знікла.

На пачатку гэтага года яна зноў занялася пошукам пастаўшчыкоў адзення, месцам, дзе могуць зрабіць якасны прынт, завяла новы акаўнт у Instagram, які цяпер вядзе на англійскай. 

«Мне цікава гэтым займацца, я люблю рабіць арт-падборкі, пісаць пра мастакоў, таму вырашыла адрадзіць гэтую справу ў Чэхіі. Але пачатак вайны ва Украіне трохі паўплываў на планы. Спярша я не разумела, як у такой сітуацыі змагу пісаць пра людзей і іх творчасць. Вайна адбілася і на прадукцыі.

Першая партыя прынтоў зробленая на ўкраінскую тэматыку. Гэта працы ўкраінскай мастачкі. Яна выклала іх у Instagram і напісала, што дазваляе выкарыстоўваць. Але я ўсё роўна спісалася з ёй і ўдакладніла, ці не супраць яна, што я буду браць выявы ў камерцыйных мэтах, дадаўшы, што я з Беларусі і частку сродкаў, выручаных з продажу, збіраюся пераводзіць на дапамогу ўкраінцам», — успамінае Тата.

Футболка з прынтом працы ўкраінскай ілюстратаркі Ніны Джывульскай

Па словах дзяўчыны, пачаць бізнэс у Чэхіі нескладана, асабліва, калі ў цябе ўжо ёсць ВНЖ. Падатковая сістэма шмат у чым нагадвае беларускую. Таксама, як і ў Беларусі, у Чэхіі можна адкрыць аналаг беларускага ІП ці ТАА. Для свайго віду дзейнасці Тата, абрала першае.

«Адкрываецца ІП так жа хутка і проста, як у нас. Трэба заплаціць 40 еўра за рэгістрацыю і выбраць від або некалькі відаў дзейнасці. Далей можна выбіраць сістэму падаткаабкладання. Для мяне, напэўна, прасцей за ўсё будзе працаваць па спрошчанай сістэме, калі плаціш 6% ад абароту.

Плюс штомесяц трэба плаціць страхавыя і пенсійныя ўзносы — каля 240 еўра. Гэта той мінімум, які ты ў любым выпадку павінен заплаціць. У Беларусі мінімальная сума, якую ІП павінен уносіць у ФСАН, меншая — 168 рублёў (каля 60 еўра). Пры неабходнасці можна звяртацца па дапамогу да бухгалтараў, якія працуюць на аўтсорсе».

Футболкі ў ЕС будуць каштаваць даражэй, чым у Беларусі — па 30 еўра за штуку. Тата не плануе абмяжоўвацца толькі Чэхіяй, таму яе прадукцыю можна будзе заказваць па ўсёй Еўропе.

Дзяўчына кажа, што для выхаду ў нуль трэба прадаваць мінімум сто футболак у месяц.

«Гэта не так ужо мала, таму я цяпер шукаю людзей, якія дапамогуць у наладжванні рэкламы і прасоўванні. Калі справа пойдзе і продажы пачнуць вылічацца сотнямі штук, то прыйдзецца наймаць памочніка, паколькі справіцца з усім самастойна немагчыма фізічна. Гэта добра паказалі пікавыя месяцы працы ў Беларусі, калі я прадавала па 300 адзінак у месяц, працуючы па 10-12 гадзін у дзень. Доўга працаваць у такім рэжыме было б немагчыма».

Клас
17
Панылы сорам
1
Ха-ха
Ого
1
Сумна
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру