Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, у студзені—лютым з ІТ-кампаній сышло больш за 2,4 тысячы спецыялістаў.

І амаль столькі ж звольнілася за адзін сакавік. У параўнанні з сакавіком мінулага года, колькасць звольненых вырасла на 85%. Так шмат спецыялістаў за адзін месяц з кампаній ніколі не сыходзіла.

Да гэтага максімальная колькасць айцішнікаў была звольненая ў жніўні мінулага года — 1 734 чалавека. Ранейшы рэкорд пабіты на 38,5%.

На дынаміку звальненняў маглі паўплываць санкцыі ў дачыненні да Беларусі праз вайну ва Украіне і адмова замоўцаў працаваць з кампаніямі з Беларусі. 

Сітуацыя з найманнем на працу ў сакавіку таксама пагоршылася.

За гэты месяц ІТ-кампаніі працаўладкавалі 1387 спецыялістаў — на 7% менш, чым у студзені, і на 14% менш, чым у лютым. Адносна сакавіка мінулага года колькасць працаўладкаваных спецыялістаў скарацілася на 14%.

Больш за тое, за апошнія 15 месяцаў толькі ў студзені і лютым мінулага года кампаніі нанялі менш супрацоўнікаў, чым у сакавіку гэтага года.

Усяго за першы квартал ІТ-кампаніі ўзялі на працу амаль 4,5 тысячы спецыялістаў — на 17% больш, чым за такі ж перыяд мінулага года, дзякуючы студзеню і лютаму. Звольнілася з ІТ-кампаній у студзені-сакавіку амаль 4,9 тысячы спецыялістаў — на 38% больш, чым за аналагічны перыяд 2021 года.

У цэлым за студзень-сакавік з ІТ-кампаній звольнілася на 8,5% больш спецыялістаў, чым працаўладкавалася.

Чысты адток кадраў (розніца паміж прынятымі і звольненымі спецыялістамі) склаў амаль 380 чалавек.

У сакавіку чысты адток — больш за 1000 чалавек. Гэта самы вялікі адток спецыялістаў на працягу месяца за апошнія некалькі гадоў.

Клас
7
Панылы сорам
4
Ха-ха
14
Ого
4
Сумна
8
Абуральна
2