Дэвід Бенэт і яго сын. Фота: UNIVERSITY OF MARYLAND SCHOOL OF MEDICINE / AP

57-гадовы Дэвід Бенэт з амерыканскага штата Мэрыленд памёр у пачатку сакавіка, праз два месяцы пасля таго, як яму перасадзілі свіное сэрца. І нядаўна стала вядома, што ўнутры новага сэрца даследчыкі знайшлі ДНК жывёльнага віруса. Тым не менш, няма сведчанняў, што свіны цытамегалавірус — менавіта яго знайшлі ў сэрцы — выклікаў сапраўдную інфекцыю ў мужчыны, піша The Times.

Перасадка органаў ад жывёл да людзей — перспектыўная галіна транспланталогіі, але ж навукоўцы баяцца, што такія аперацыі прывядуць да з’яўлення новых інфекцый. Некаторыя вірусы могуць прысутнічаць у арганізме і пры гэтым не выклікаць хваробу, таму іх больш цяжка выявіць.

Вірус у сэрцы Бенэта якраз мог быць адным з іх. Таму зараз навукоўцам патрэбныя лепшыя па якасці метады тэсціравання, каб выяўляць і такія вірусы.

Калі Дэвід Бенэт атрымаў прапанову незвычайнай трансплантацыі, ён паміраў ад хваробы сэрца, і перасадка чалавечага сэрца яму не падыходзіла. Таму вучоныя перасадзілі мужчыне сэрца свінні, а перад аперацыяй генетычна мадыфіцыравалі орган, каб знізіць рызыку адарвання новага сэрца.

Медыкі сцвярджаюць, што свіння-донар была здаровай, прайшла ўсе праверкі на інфекцыі і была вырашчаная ў спецыяльным асяроддзі са зніжанай верагоднасцю падхапіць інфекцыю.

Пасля перасадкі пацыент добра аднаўляўся, але ж аднойчы раніцай у яго праявіліся сімптомы, падобныя да прыкмет нейкай інфекцыі. Дактары правялі шмат тэстаў, каб высветліць, што гэта за хвароба, давалі Бенэту антыбіётыкі і антывірусныя прэпараты, а таксама лекі, што павінны былі палепшыць яго імунітэт. Тым не менш, свіное сэрца апухла, запоўнілася вадкасцю і ў выніку спынілася.

На сёння навукоўцы не могуць адказаць, як вірус уздзейнічаў на новае сэрца Бенэта, але ж яны сведчаць, што гэтыя сімптомы не падобныя да звычайнага адарвання перасаджанага органа. Медыкі, што працавалі з пацыентам, кажуць, што ён разумеў рызыку, але ж перасадка была яго апошнім шансам на жыццё.

Доктар Бартлі Грыфіт, які правёў тую самую перасадку, кажа, што смерць Бенэта не сведчыць пра крах трансплантацыі ад жывёл, і што такія перасадкі сэрца ўсё яшчэ могуць быць будучыняй транспланталогіі. Высновы, якія можна зрабіць па выпадку з Дэвідам Бенэтам, у будучыні могуць дапамагчы зрабіць такія аперацыі больш паспяховымі.

«Нашу Ніву» фінансуюць яе чытачы — падтрымаць проста

 Чытайце таксама:

Японец з шызафрэніяй захварэў на рак. Яму перасадзілі касцявы мозг. Вылечылі і рак, і шызафрэнію

Клас
10
Панылы сорам
3
Ха-ха
Ого
4
Сумна
6
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру