Журналіст, вядомы па музычных аглядах на Ultra-music і рэпартажах з беларускай правінцыі на «Анлайнеры», цяпер прымярае на сябе амплуа пісьменніка. Распыталі яго падрабязней пра першы раман.

Аляксандр Чарнуха. Фота тут і далей: асабісты архіў

«Гэта быў адказ майго арганізма на падзеі, што адбываліся з Беларусі ў 2020 годзе»

«Наша Ніва»: Існуе вядомы жарт. «А ці праўда, што кожны журналіст марыць напісаць раман?» — «Не», — схлусіў Даўлатаў. Ты марыў?

Аляксандр Чарнуха: Думаю, не, бо што гэта за мара — напісаць раман? У выпадку са стварэннем кнігі «Свінні» — гэта быў адказ майго арганізма на падзеі, што адбываліся ў Беларусі ў 2020 годзе, пачынаючы са жніўня. Проста трэба было знайсці для сябе эмацыйнае выйсце, сістэматызаваць падзеі і стварыць цэльнае выказванне на гэтую тэму.

Хаця прапановы напісаць кніжку паступалі раней. Была смешная гісторыя: я працаваў у «Народнай газеце» і неяк сустрэў экс-галоўнага рэдактара, які пасля свайго звальнення стаў кіраваць дзяржаўным выдавецтвам, а цяпер ён — намеснік міністра інфармацыі, які, акурат, адказвае за выдавецкую дзейнасць (гаворка ідзе пра Уладзіміра Андрыевіча. — «НН»). Ëн вельмі ўзрушана пачаў казаць: «Саня, давай кнігу выдадзім. Кніга — гэта тое, што павінна пасля чалавека застацца, пасля кожнага мужыка». Прычым ён мне прапаноўваў напісаць кнігу пра музычныя інструменты, пра якія я нічога не ведаю. Але аргументы былі: «Саня, якая розніца — менш тэкстаў, больш фотак — кліпавае мышленне, Саня».

«НН»: Многія, перш чым пачаць пісаць, ідуць на спецыялізаваныя курсы. Як ты ляпіў з сябе пісьменніка? Абапіраўся на журналісцкі бэкграўнд?

АЧ: Мне падаецца, у мяне ёсць чытацкі бэкграўнд, дзякуючы якому я разумею не толькі нейкія рэчы ў сваім жыцці: што такое дабро, зло і як з гэтымі вечнымі сюжэтамі працаваць. Але і чыста тэхнічныя: як будуецца сюжэт, структура і гэтак далей.

Зноў жа: у мяне не было мэты напісаць кнігу-кнігу. Гэта было такое падарожжа, і я часам сам не разумеў, куды яно прывядзе. Ты сядзіш і проста будуеш нейкія сюжэтныя нюансы, падзеі канструюеш. І потым ужо ў працэсе, паралельна ў нашай рэальнасці таксама адбываюцца пэўныя падзеі, ты разумееш: ага, вось гэта добра падышло б да маёй кнігі. Усё канчаткова склалася, калі я прыдумаў фінал і разабраўся з усімі персанажамі — зразумеў, куды кожнага прывяду ў выніку. 

У мяне была досыць вялікая фокус-група з людзей, якім я давяраю і якія не сталі б хлусіць у твар. Гэта былі і сябры, і жонка — мой самы строгі крытык. І досыць медыйныя персоны — Таццяна Заміроўская, Арцемій Троіцкі. Вельмі шырокі дыяпазон людзей. І вось калі яны мне сказалі, што атрымалася добра, я зразумеў, што гэта не выключна мае спробы паказытаць эга.

«НН»: Як ты сумяшчаў пісьменніцтва з тады яшчэ працай на «Анлайнеры», быў нейкі графік?

АЧ: У той момант, з кастрычніка 2020-га, яно само з мяне лілося. І вось калі я адчуваў — трэба запісаць, каб не забыцца, то пісаў. Пад прымусам кнігу не напішаш.

Амаль палову рамана я напісаў у адпачынку, падчас якога мы з жонкай паехалі ў наша любімае месца на Лепельшчыне. Там ні душы.

Мы жылі ўдвух, на беразе возера. Жонка назірала за слядамі звяроў у лесе, а я ў гэты час пісаў. Гэта быў такі інтымны момант і вельмі карысны ў плане адсутнасці фактараў, якія маглі б адцягнуць увагу. Калі мне хацелася зрабіць перапынак, я таксама гуляў па лесе, дыхаў свежым паветрам, хадзіў у лазню, глядзеў на возера. Гэта вельмі дапамагала ў тэрапеўтычным сэнсе і ў плане натхнення, таму што я, нарэшце, змог сістэматызаваць свае думкі і вывесці гэты расповед у патрэбны кірунак.

«У вёсцы Качанава, дзе ўсё пачалося, адбываюцца брутальныя разгоны мітынгаў»

«НН»: Пра што твая кніга?

АЧ: Гэта такая камедыя, якая не столькі ідзе ад сюжэта, колькі ад абставінаў, у якіх усё адбываецца. У гэтую атмасферу трэба занырнуць як след, і тады ўжо адчуеш сам раман.

Дзея адбываецца ў Груздзеўскім раёне, невялічкім райцэнтры, дзе пачалі паміраць свінні. У мясцовых жыхароў з гэтай нагоды адбываецца паніка: усе прызвычаіліся да кабанчыкаў свойскіх, што цяпер рабіць? І кіраўніцтва гэтага раёна вырашае неяк супакоіць жыхароў, але робіць гэта вельмі спецыфічна (як кіраўніцтва адной вельмі вядомай нам дзяржавы): калі хочаш супакоіць, а атрымліваецца наадварот.

У вёсцы Качанава, дзе ўсё пачалося, адбываюцца брутальныя разгоны мітынгаў і ледзь не містычныя рэчы. Рэдактар мясцовай раёнкі піша пасквілі пра людзей, якія хочуць свініны: што, насамрэч, свініна ніякага дачынення да стабільнасці краіны не мае — гэта ўсё прыдумкі Захаду і гэтак далей. То-бок, цалкам выдуманая гісторыя, але, магчыма, нехта нешта ўсё ж пазнае ў гэтым расповедзе і зробіць высновы.

«НН»: Чаму назва «Свінні» і гісторыя менавіта пра іх? Бо калі натхняцца беларускай рэчаіснасцю, хапае і іншых сюжэтаў. 

АЧ: У беларускай традыцыі свіння — вельмі сакральная жывёла. Кабанчык — сімвал заможнасці (карову тую ж на Каляды не заб’еш).

Але чытачу трэба будзе адказаць на важнае пытанне: хто ў рамане на самой справе свінні — людзі ці жывёлы? Для мяне гэта таксама вельмі важнае пытанне: у пэўны момант чалавек можа перастаць быць чалавекам, згубіць чалавечае аблічча і назад яго вярнуць ужо немагчыма.

 

Вокладку для кнігі намалявала жонка Аляксандра Таісія

«Беларушчына жыве і будзе жыць, пакуль мы ўсведамляем, што мы — беларусы, што ў нас ёсць свая мова, культура»

«НН»: У кнізе ёсць галоўны герой, пратаганіст?

АЧ: Адзін з галоўных персанажаў — гэта, непасрэдна, груздзевец. Такая супольнасць людзей, аб’яднаных на адной тэрыторыі. А ўжо калі паасобку, то там ёсць і намеснік старшыні райвыканкама па прозвішчы Лыка, і кіраўніца аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Наталля Пчолкіна. Ëсць галоўны рэдактар раёнкі «Голас Груздзеўшчыны» Андрэй Кіпелаў, які піша свае з’едлівыя пасквілі пра мясаедаў і свінапрыхільнікаў.

Агулам свет, у якім жывуць гэтыя персанажы, вельмі няўтульны, непрыемны. І станоўчага героя знайсці ў ім цяжка.

Варта адзначыць, што, хоць я і натхняўся Беларуссю, сама Беларусь у кнізе не згадваецца, бо ў гэтай сістэме каардынат не існуе ніякай Беларусі і беларускай культуры, беларушчыны.

«НН»: Ты тлумачыў, што гэта была адна з прычын, чаму ты пісаў кнігу на рускай мове. Цытата: «Беларускую культуру там праглынуў «русский мир», абсмактаў косткі, званітаваў вантробамі і крывавым драпежнікам паскакаў далей у пошуках новай ахвяры». Наколькі гэта актуальна, на твой погляд, для сапраўднай Беларусі і яе будучыні?

АЧ: Мне падаецца, што мы зараз у вельмі памежным становішчы. Таму што ёсць рэчы, якія адбываюцца дэ-факта, а ёсць тое, што ўнутры нас. І гэта нашмат больш складаныя працэсы. Так, важна якія рашэнні прымаюць чыноўнікі, але куды больш важна, якія рашэнні для сябе прымае штодзень кожны з нас. І ў гэтым плане, акурат, у нас не ўсё страчана. Беларусь і беларушчына жыве і будзе жыць, пакуль мы ўсведамляем, што мы — беларусы, што ў нас ёсць свая мова, культура, што мы можам (і хочам) падтрымліваць адно аднаго, цікавіцца сваім і рухацца далей у адным кірунку. 

У беларусаў вельмі шмат такіх срачаў паміж сабой, калі мы раз’яднаныя, нават калі робім адну і тую ж карысную справу. Сварымся, таму што нехта яе робіць не так сумленна, як бы нам хацелася, а нехта — не на той мове. Гэтыя срачы ў дробязях, калі мы не можам проста аб’яднацца, засмучаюць. Але гэта таксама вельмі натуральны працэс, ён мусіць адбывацца, каб у будучыні гістарычныя падзеі праходзілі прасцей, не так балюча. 

«НН»: У белліце не так проста знайсці вясёлую кнігу. Як у цябе атрымалася камедыя?

АЧ: Я проста лічу, што на жыццё трэба глядзець з усмешкай: калі ўсё надта сур’ёзна ўспрымаць, можна зарабіць сабе захворванняў, якія будзеш потым лячыць усё жыццё. Па-другое, мне падаецца, калі надта сур’ёзна ўспрымаць персанажаў кнігі, яны сапраўды пачнуць існаваць. Яны не існуюць, пакуль мы з іх смяемся ці ўвогуле не звяртаем на іх увагі.

Паглядзіце на наша тэлебачанне, на ўсіх гэтых людзей, якія прамовы робяць, як з іх не смяяцца? Гэта карыкатура і пародыя. І гэта такі момант дэсакралізацыі гэтых персанажаў: калі ты проста адчуваеш — вось яно, мне ўжо нястрашна, мне смешна. 

«НН»: Першая прэзентацыя кнігі прайшла ў Варшаве 6 траўня, які яе далейшы лёс? Дзе можна купіць раман і якім будзе тыраж?

АЧ: У траўні, магчыма, будзе прэзентацыя ў Кракаве, дзе я цяпер жыву. Пра астатнія гарады пакуль сказаць складана: я ўсё раблю сам, у мяне няма выдавецтва, якое забяспечвала б мне камфортныя ўмовы, усе працэсы адбываюцца ў фармаце «DIY».

Разам з маім сябрам-літаратарам Алесем Плоткам мы працуем над беларускай версіяй рамана. Працэс з ёй замарудзіўся, калі пачалася вайна. Калі будзе гатовая беларуская версія, буду думаць пра афлайн-прэзентацыі ў іншых гарадах, бо лічу, што беларусы павінны мець опцыю прачытаць кніжку і па-расійску, і па-беларуску.

Наклад рускай версіі плануецца прыкладна 700 асобнікаў. Што будзе далей, паглядзім. Замовіць і папяровую, і электронную кнігу ў любы край свету можна праз сайт.

«Я не магу нічога дрэннага сказаць пра «Анлайнер»»

«НН»: Ты расказваў, што пасля выбараў-2020, працы нон-стоп, звальнення з «Анлайнера» ў цябе быў перыяд антыдэпрэсантаў, потым пераезд у Кракаў, уладкаванне ў IT. Ты ўжо сумуеш па журналістыцы ці не?

АЧ: У красавіку я на два дні трапіў у Беларусь: мне трэба было атрымаць правы кіроўцы, і я разумеў, што гэта самы прыдатны перыяд, каб гэта зрабіць. І гэта падарожжа прымусіла адчуць сябе жывым, таму што я вельмі цаніў у журналісцкай працы менавіта магчымасці паехаць некуды і паглядзець, як жыве краіна не ў Мінску, недзе ў глыбінцы, паразмаўляць з людзьмі. Такой жа была для мяне гэтая вандроўка ў Беларусь. Цалкам змяніць дэкарацыі і пабачыць, што там адбываецца, на ўласныя вочы.

Для мяне было б цікава вярнуцца ў журналістыку, не ведаю, якія ўмовы для гэтага патрэбныя, але ўсё цалкам верагодна. Гэта пытанне нейкіх акалічнасцяў. Я заўсёды за цікавыя праекты, гатовы супрацоўнічаць і нешта прыдумляць — гэта мая стыхія. 

«НН»: У цябе ёсць нейкае меркаванне наконт сённяшняга «Анлайнера»? А ўвогуле наконт беларускай журналістыкі сёння — як думаеш, якая будучыня яе чакае?

АЧ: Я не магу нічога дрэннага сказаць пра «Анлайнер»: я вельмі ўдзячны і кампаніі, і людзям, якія былі побач са мной там амаль 6,5 года. Проста яны цяпер у цяжкім становішчы знаходзяцца, таму што гэта цалкам беларускі бізнэс. І кожны з нас мусіць разумець гэта самастойна.

Што тычыцца беларускай журналістыкі, яна яшчэ ў больш цяжкім становішчы.

Паўнавартасную журналістыку пра Беларусь рабіць не з краіны амаль немагчыма. У медыя, якія працуюць па-за межамі, чалавек, на жаль, баіцца пайсці і нешта расказаць пад сваім прозвішчам. Ëсць таксама шмат нюансаў, якія тычацца верыфікацыі інфармацыі. У тых, хто працуе з Беларусі, ёсць магчымасць размаўляць з простымі людзьмі, сустракацца, але хапае акалічнасцяў іншага кшталту: шмат пра якія рэчы з Беларусі немагчыма пісаць сёння, і ўсе гэта цудоўна разумеюць. Усё гэта такі разабраны пазл. Калі мы яго зноў зможам скласці, ніхто не ведае.

«Дырэктар мясакамбіната крычаў у слухаўку, што будзе падаваць на мяне ў суд «на мільён даляраў»

«НН»: У тваіх допісах на фэйсбуку амаль усе нататкі карэспандэнта «Голоса Груздевщины» сканчваюцца словамі «спасибо отделу идеологии Груздевского райисполкома за оперативное согласование текста интервью». Ты ў сваёй журналісцкай кар'еры часта сутыкаўся з цэнзурай?

АЧ: У дзяржвыданні гэтага, вядома, было нашмат больш. Напрыклад, я зрабіў некалі інтэрв’ю з Іванам Кірчуком. Яно было вельмі аб’ёмнае, скажам так: на дзве паласы. І яго парэзалі, пакінулі толькі палову паласы, таму што там было шмат пра ДДТ, напрыклад, а яны тады былі ў чорных спісах у Беларусі, іх нельга было згадваць.

Я ніколі не браўся за ідэалагічныя матэрыялы. Казаў, калі што: у мяне няма часу, еду на рэпартаж. Усімі шляхамі, якімі мог, пазбягаў такіх тэм.

Аднойчы мы напісалі пра тое, што на Аршанскім мясакамбінаце выдалі частку заробкаў тушонкай. І пасля дырэктар гэтага мясакамбіната тэлефанаваў і крычаў у слухаўку, што будзе падаваць на мяне ў суд «на мільён даляраў».

Калі я працаваў у «Анлайнеры», такіх рэчаў амаль не было, мы маглі патэлефанаваць любому чыноўніку і задаць яму пытанні. Але яны звычайна рабілі выгляд, што ці мёртвыя, ці не існуюць увогуле. Былі такія смешныя выпадкі, калі ты тэлефануеш і пытаешся: «Добры дзень, (умоўная) Алла Віктараўна на месцы?» «Не, яна зараз на селектарнай». «Добра, а калі вызваліцца?» — «А потым у яе абед». То-бок, яе для цябе не існуе. І потым ты заходзіш з козыраў ужо: «Слухайце, ну вось тут Уладзімір Іванавіч, непасрэдны кіраўнік яе, парэкамендаваў да яе звярнуцца». І тады табе адразу: «Пераключаю». Некім дзіўным чынам яна з’яўляецца на месцы і ты з ёй размаўляеш. Гэта смешна, але вось так яны і жывуць — людзі з Груздзеўшчыны.

«НН»: Дэбютная кніга, я так разумею, не канец твайго шляха пісьменніка? 

АЧ: Я ўжо тры разы садзіўся нешта новае пісаць, але на фоне ўсяго, што адбываецца вакол, тое, што я пішу, падаецца вельмі неістотным. Гэта такі вельмі складаны час для кожнага чалавека, звязанага з творчасцю: любое выказванне, якое ты планаваў, пад цяжарам абставінаў падаецца дробным.

Я думаю, што іронія, сатыра — гэта мая зброя, і гэта тое, з чым я мушу працаваць далей. Стылістычна я нейкія межы акрэсліў. Як гэта будзе, пакуль не ведаю. Мы жывем у такі час, калі нешта планаваць амаль немагчыма. Я прызвычаіўся не будаваць планаў. Калі-нікалі карысна пабыць фаталістам, мне падаецца, каб пазбегнуць расчараванняў.

«Нашу Ніву» фінансуюць яе чытачы — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

«Аўтар у турме, а героі ягоныя прабраліся на волю». Штотыдзень выходзяць мульцікі з вершамі Андрэя Скурко

Беларускі ютуб-блогер Пашкоўскі выдаў рэпартаж пра Украіну

Клас
25
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру