Скрыншот з відэа Радыё Свабода

Сярод прысутных былі заўважаныя былыя дэпутаты Вярхоўнага Савета, навукоўцы, грамадскія дзеячы.

Уздоўж плошчы Свабоды ў Мінску ўтварылася чарга з людзей, якія хацелі развітацца са Станіславам Шушкевічам. Відэа публікуе Радыё Свабода.

На развітанне людзі ў саборы зладзілі Станіславу Шушкевічу працяглыя апладысменты. Яны доўжыліся каля сямі хвілін.

Аляксандр Лукашэнка праявіў сваю помслівасць і нецярпімасць і тут. Не толькі афіцыйных прадстаўнікоў уладаў, нават вяночка ад іх не было, хоць Станіслаў Шушкевіч быў першым кіраўніком незалежнай Беларусі і яго пахаванне мусіла б быць урачыстасцю дзяржаўнага статусу.

Пахавалі Станіслава Шушкевіча на Паўночных могілках, хоць і тут улады ўстаўлялі палкі ў колы. Гэта было ягонае жаданне — ляжаць побач са сваёй маці. Труну з целам Станіслава Шушкевіча накрылі беларускім нацыянальным сцягам. 

Станіслаў Шушкевіч памёр 4 мая пасля перанесенага ім кавіду. Яму было 87 гадоў. Вядомы фізік-ядзершчык, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі, прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, ён зрабіў шмат для здабыцця Беларуссю незалежнасці. Ëн паслядоўна падтрымліваў курс на суверэнітэт і ў снежні 1991-га быў тым чалавекам, які патэлефанаваў прэзідэнту СССР Міхаілу Гарбачову, каб паведаміць таму пра рашэнне новых незалежных дзяржаў распусціць Саюз.

Станіслаў Шушкевіч у 1991—1994 гадах быў старшынёй Вярхоўнага Савета, намінальным кіраўніком дзяржавы, хоць рэальная ўлада ў той час была ў руках прэм’ер-міністра.

Шушкевічу даводзілася лавіраваць між посткамуністычнай большасцю, якая дамінавала, і Народным фронтам, які заставаўся ў меншасці, хоць і меў значную маральную вагу, ва ўмовах, калі ў Маскве цэнтр улады паступова пераходзіў ад ідэалістаў-дэмакратаў часоў перабудовы да неаімперыялістаў.

Здабыццё і ўмацаванне незалежнасці Беларусі было для Шушкевіча галоўнай мэтай. У прынцыповых пытаннях ён кіраваўся толькі гэтай задачай і меў шчасце пабачыць сваю краіну незалежнай.

Шушкевіч, які меў прапановы працы з усіх куткоў свету, заставаўся жыць у Мінску і амаль да апошніх гадоў працаваў. Пра яго як чалавека і прафесіянала засталіся цёплыя ўспаміны ў яго былых студэнтаў, калег і проста землякоў.

Да апошніх дзён свайго жыцця ён заставаўся бескампрамісным праціўнікам дыктатуры Лукашэнкі.

Чытайце таксама: 

Унучка Шушкевіча: Дзед вучыў квасіць капусту і казаў не лезці ў палітыку. З апошнім не атрымалася

«Петрышэнка пень. Севярынец ідзе на горку. А пра масонства нічога не скажу». Вялікая гутарка з Шушкевічам перад яго 85-годдзем

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
38
Абуральна
2