Прэзідэнт Расіі паабяцаў сёння падпісаць указ аб дапамозе сем’ям вайскоўцаў, якія загінулі на вайне ва Украіне, і большую частку свайго кароткага выступу прысвяціў апраўданню нападу.

«Расія дала папярэдні адпор агрэсіі, гэта было адзінае правільнае рашэнне, — сказаў Пуцін. — Гібель кожнага салдата — гэта гора для нас усіх, зробім усё, каб дапамагчы сем’ям і дзецям вайскоўцаў, якія загінулі ва Украіне».

Расійскім войскам не ўдалося да 9 мая захапіць Данецкую і Луганскую вобласці Украіны. 

Учора абаронцы Марыупаля далі прэс-канферэнцыю ў жывым эфіры, пасля чаго стала немагчымым абвяшчэнне і пра ўзяцце Марыупаля. 

У канцы сакавіка расійскія войскі былі вымушаныя адступіць з поўначы Украіны. За два з паловай месяцы вайны расіянам удалося заняць толькі адзін абласны цэнтр Украіны — Херсон. Сёння расійскія войскі сабралі ў гэтым горадзе некалькі дзясяткаў чалавек на шэсце «Несмяротнага палка».

Звярнула ўвагу адмена паветранага параду ў розных гарадах Расіі. У мінулым годзе самалёты праляцелі, нягледзячы на дождж. Сёлета пралёт авіяцыі адменены «ў сувязі з кепскім надвор’ем». 

Прычым не толькі ў сталіцы, але і ў Пецярбургу, Мурманску, Екацярынбургу, Растове-на-Доне, Калінінградзе і Самары.

Раней меркавалася, што над Масквой праляціць самалёт, абсталяваны пад пункт кіравання Расіяй на выпадак ядзернай вайны. 

Магчыма, адмена паветранага параду тлумачыцца тым, што Расія не здолела дабіцца поўнага панавання ў паветры над Украінай і страціла дзясяткі самалётаў і верталётаў. У апошнія дні ўкраінцы нанеслі шэраг адчувальных паветраных удараў па пазіцыях расійскіх войскаў.

У сваю чаргу, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі запісаў свой зварот да Дня Перамогі на Хрышчаціку, перагароджаным процітанкавымі вожыкамі.

Ëн назваў сённяшняга ворага Украіны «сумессю арды і нацызму». 

«Мы змагаемся за свабоду для сваіх дзяцей, а значыць, пераможам. Мы ніколі не забудзем тое, што зрабілі нашы продкі ў Другой сусветнай вайне, у якой загінула больш за восем мільёнаў украінцаў. І зусім хутка ва Украіне будуць два Дні Перамогі. А ў кагосьці не застанецца ні аднаго, — сказаў Зяленскі.

— Перамаглі тады. Пераможам і цяпер. І Хрышчацік убачыць парад Перамогі — Перамогі Украіны! З Днём Перамогі над нацызмам! Слава Украіне!»

Учора Зяленскі ўдзельнічаў у відэасаміце «Вялікай сямёркі», а сёння, як чакаецца, прэзідэнт ЗША падпіша закон аб ленд-лізе для Украіны — гэты інструмент дапамогі ў свой час дапамог перамагчы гітлераўскую Германію.

Клас
42
Панылы сорам
3
Ха-ха
11
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру