У 20-х чыслах лютага на будпляцоўцы на скрыжаванні вуліц Аранскай і Маякоўскага было нямала тэхнікі, працавалі будаўнікі. Паспелі вымалявацца два ўзроўні будучага ТРЦ. Цяпер жа будоўля зусім не выглядае ажыўленай: пад'ёмныя краны ў адным і тым жа становішчы ўжо пару тыдняў, вароты зачыненыя, рабочых не відаць.
Лютаўскі здымак будпляцоўкі. Фота Максіма Тарналіцкага
Планаваўся гандлёвы цэнтр на 30 тысяч «квадратаў» з гіпермаркетам, крамамі, дзіцячым цэнтрам са спартзалай. Забудоўшчык тэрыторыі — ТАА «Сільвер капітал» (некалькі гадоў таму кампанія перайшла ва ўласнасць групы кампаній «РАПА»), генпадрадчык — кампанія Trasko-Inwest.
Ва ўпраўленні архітэктуры і будаўніцтва адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска коратка расказалі, у чым справа: «На гэтым аб'екце нерытмічнае фінансаванне». Прасцей кажучы, калі ёсць грошы — тады і ідуць работы.
Як растлумачылі раённыя ўлады, будаўніцтва можа спыняцца ў рамках заканадаўства: гэта можа быць прыпыненне будаўніцтва (да трох месяцаў) або кансервацыя (ад трох месяцаў да трох гадоў).
«Па гэтаму будаўніцтву пакуль пытанне кансервацыі не праглядаецца. Акта аб прыпыненні работ таксама ў адміністрацыю не паступала», — дадалі там.
Па нумарах генпадрадчыка і забудоўшчыка каментара пакуль атрымаць не ўдалося.
Па пашпарце аб'екта работы павінны скончыць да чэрвеня 2023 года.





