Стыў Самарын (ЗША)

Стыў Самарын рэгулярна з’яўляецца госцем на БТ. Гэтага чалавека прапаганда выдае за «амерыканскага палітолага».

Стыў Самарын

Самарын у сваіх каментарах любіць казаць, які правільны палітычна-эканамічны курс выбрала лукашэнкаўская Беларусь, як яна добра развіваецца, хваліць новую рэдакцыю беларускай канстытуцыі і пляжыць амерыканскае кіраўніцтва. На фоне расійска-ўкраінскай вайны крытыкуе Украіну. 

«Для Украіны гэта ўрок. Яны павінны былі атрымаць яго яшчэ раней, незразумела, на што яны разлічвалі. Ніколі і нікому Захад не дапамог», — сказаў Стыў Самарын.

А вось Беларусь ніколі не будзе нічыім сатэлітам.

«Беларусь першая прыняла на сябе гэты страшны ўдар. І за свабоду не толькі сваю, але і за свабоду той самай Польшчы, Літвы, Эстоніі, Латвіі, іншых краін заплаціла такой колькасцю беларускай крыві», — сказаў Стыў Самарын.

Раней Самарына звалі Спектараў Уладзіслаў Рудольфавіч, нарадзіўся ён у горадзе Самара (таму і Самарын).

Па адукацыі не палітолаг, а сувязіст. З канца 1980-х гадоў заняўся рэлігійнай дзейнасцю, а ў 1997 годзе пераехаў у ЗША, дзе адвучыўся на багаслова. У Самарына шырокая сфера інтарэсаў.

Паведамляецца, што ў ЗША ён займаецца «рэлігійнай, фінансавай, навуковай і палітычнай дзейнасцю».

Ён быў стваральнікам «Інстытута міжнароднага супрацоўніцтва і партнёрства», але пра гэтую арганізацыю нічога невядома. Таксама ад імя ўласнай Global Christian Ministry ён узнагародзіў сам сябе ганаровым званнем доктара багаслоўя. 

Леў Перлаў (Латвія)

Гэты эксперт з’явіўся на беларускім тэлебачанні адносна нядаўна. Там яго пазіцыянуюць як «латвійскага гісторыка».

Леў Перлаў

«Мы таксама ў Латвіі глядзім праз інтэрнэт, як збіраецца велізарная маса людзей розных узростаў: пенсіянеры, падлеткі, дзеці і людзі сярэдніх гадоў. І ў гэтым яны адзіныя. Таму што гэта дзень, калі яны непадзельныя. У гэты дзень, 9 мая, Беларусь гэтак жа адзіная, як і ў Дзень незалежнасці. Гэта адно з галоўных святаў дзяржавы», — сказаў Леў Перлаў.

Перлаў і праўда з Латвіі, і па адукацыі магістр філасофіі. Станам на 2020 год Перлаў працаваў адміністратарам у гатэлі, а ў 2021 паведамлялася, што ён не працаваў праз кавід. Перлаў раней быў звязаны з маргінальнай палітычнай сілай Rīcības partija, Партыя дзеяння. Раней яна называлася Партыяй еўраскептыкаў. На апошніх выбарах, у якіх яна ўдзельнічала, а было гэта ў 2013 годзе, партыя набрала 0,24% галасоў. Тым не менш, яе члены ўвесь час даюць каментары крамлёўскім і лукашэнкаўскім СМІ як паважаныя «эксперты» і «палітолагі».

Казімерас Юрайціс (Літва)

Яшчэ адзін персанаж, якога цытуе беларуская прапаганда — Казімерас Юрайціс, намеснік кіраўніка «Форуму добрасуседства». Яго пазіцыянуюць як «журналіста, публіцыста, дакументаліста». 

Юрайціс лічыць, што «Беларусь стане пунктам апоры, ад якой пачнецца ажыўленне помнікаў». Гаворка ідзе пра савецкія помнікі. 

У 2016 годзе Юрайціс спрабаваў трапіць у парламент з Літоўскай народнай партыяй. Гэтая партыя ў 2011 годзе падпісала пагадненне пра супрацоўніцтва з «Адзінай Расіяй», а таксама была адзінай літоўскай партыяй, якая выступіла за выхад Літвы з ЕС. 

Юрайціс пра свае погляды кажа так: «Па характары я народнік кансерватыўных поглядаў з духам лібералізму, а часам і анархізму».

Юрайціс думаў ісці ў прэзідэнты і нават запісаў відэазварот, праўда, на фоне перакуленага літоўскага сцяга. 

Казімерас Юрайціс

У 2016 годзе, калі Юрайціс удзельнічаў у парламенцкіх выбарах, яго афіцыйныя даходы складалі 2,26 еўра ў месяц. З 10 снежня 2018 года ён вучыўся на курсах памочніка медсясцёр, куды яго паслала біржа працы па ягонай жа просьбе. 

Потым спрабаваў удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, але неабходную колькасць подпісаў не сабраў. 

У 1997 годзе Юрайціса асудзілі за падробку і выкарыстанне афіцыйнага дакумента, а ў 2019 — за гвалт супраць медыка.

П’яны грамадскі дзеяч выклікаў хуткую, стаў абражаць і пабіў фельчара. Яму далі «дамашнюю хімію» і штраф 2400 еўра. 

Юрайціса можна назваць паплечнікам Альгірдаса Палецкіса — літоўскага палітыка, які ў ліпені 2021 года быў прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі за шпіянаж на карысць Расіі. Ён працягвае заставацца на волі пад узмоцненым наглядам. 

Эдзікас Ягелавічус (Літва)

Яшчэ адзін каментатар на лукашэнкаўскіх каналах, звязаны з Палецкісам. У 2014 годзе ён змяніў Палецкіса на пасадзе кіраўніка маргінальнага «Сацыялістычнага народнага фронту». Цяпер ён у новай партыі Палецкіса — «Зары справядлівасці».

Ягелавічус выкарыстоўваецца для антынатаўскіх заяў.

«Шпігуюць нас зброяй, салдатамі ўжо, як і Украіну. Мы думаем, што яны рыхтуюць палігон», — сказаў Ягелавічус у эфіры СТВ.

Эдзікас Ягелавічус

Ягелавічуса запрашаюць на выбары і рэферэндумы ў Расію і Беларусь як «міжнароднага назіральніка». 

Ягелавічус нават кажа, што ў Літве можа пачацца голад. Гэта прытым што Літва, хоць утрая меншая за Беларусь, збірае столькі сама збожжа, колькі наша краіна.

«Бачу, што сярод прадпрымальнікаў поўная стагнацыя. Будаўнічыя фірмы згортваюць усе праекты, думаюць, як скончыць старыя, не пачынаюць новых», — так ён малюе сітуацыю ў Літве, краіне, дзе сярэдняя зарплата ўжо амаль у 4 разы большая за беларускую. 

Эрыка Швянчэнене (Літва)

Яшчэ адзін чалавек з гэтага літоўскага пула — Эрыка Швянчэнене, таксама член партыі Палецкіса. І яна таксама кажа пра тое, як кепска зараз у Літве, і што без супрацоўніцтва з Беларуссю літоўская эканоміка не выжыве. 

Швянчэнене кажа аб тым, што ні парламент Літвы, ні ўрад не прадстаўляюць інтарэсаў літоўскага народа, а служаць ЕС, НАТА і «янкі». Швянчэнене не з'яўляецца рэальным экспертам ні ў якай галіне, да нядаўняга часу яна працавала памочніцай выхавацеля.

Эрыка Швянчэнене

Швянчэнене выкарыстоўвалі для таго, каб у эфіры БТ дыскрэдытоўваць украінскіх бежанцаў. 

«І мы ж бачым, калі стаіць дарагая машына ўкраінская, то каля яе яны нешта елі, усё выкінулі. Такое стаўленне да нашай краіны, як быццам гэта не краіна, а сметніца. І цяпер ужо ў насельніцтва рэакцыя іншая. Мы разумеем, што ўсё самае добрае — для іх, — кажа Швянчэнене. — Але калі бачым, як яны ў нашай краіне сябе адчуваюць, што яны робяць, у нас ужо злосць расце».

Аляксандр Роджэрс (Расія)

Гэтага чалавека падаюць на БТ як «палітолага» і «эканаміста». Вось што ён гаворыць у эфіры БТ:

«Ніхто на іх (Амерыку) не звяртае ўвагі. І нават не бяруць слухаўку, калі тэлефануе Байдэн. Некаторыя маўкліва сабатуюць», — выкладае сваё экспертнае меркаванне ўраджэнец украінскай Вінніцы.

Аляксандр Роджэрс

Сябе ён называе прыхільнікам кіберкамунізму. З 2007 да 2014 года жыў у Кіеве. У маі 2014 года, пасля Майдана, пераехаў на Данбас, здымаў там відэарэпартажы аб ваенных дзеяннях. Удзельнічаў у Луганску ў арганізацыі так званага «рэферэндуму» аб незалежнасці, быў дарадцам па эканамічных пытаннях «урада ЛНР». З'ехаў у Маскву, дзе ўдзельнічаў у стварэнні «банкаўскай сістэмы ЛДНР». 

З 2007 года Роджэрс вядзе свой акаўнт у «Жывым журнале». У раздзеле «Пра сябе» характарызаваў сваю дзейнасць як:

«Знішчальнік майдаўнаў 80-га лэвэла. Член украінскага супраціву падпіндоска-нацысцкім захопнікам».

Матэвуш Піскорскі (Польшча)

Падзеі ў Польшчы для беларускіх прапагандыстаў рэгулярна каментуе «палітолаг» Матэвуш Піскорскі. Цяпер ён прарочыць ЕС масавыя беспарадкі на фоне росту цэнаў. 

Матэвуш Піскорскі

«Калі пачнецца ацяпляльны сезон, хутчэй за ўсё, на вуліцах розных краін ЕС пачнуцца масавыя пратэсты, масавыя беспарадкі. Альбо ўрады вырашаць неяк змяніць сваю санкцыйную палітыку, адмяніць увядзенне санкцый, альбо гэты ўрад будзе звергнуты», — сказаў Матэвуш Піскорскі.

Хто такі Піскорскі? Сваю палітычную кар'еру ён пачынаў ва ультраправых і неапаганскіх рухах. Часопіс Odala, які Піскорскі выдаваў на працягу 90-х і на пачатку 2000-х гадоў, неаднаразова публікаваў артыкулы, у якіх адмаўлялася існаванне Халакосту.

Матэвуш Піскорскі

Акрамя таго, Піскорскі апраўдваў дзеянні Трэцяга рэйху і заклікаў стварыць «Славянскую імперыю», называючы яе «адзінай надзеяй для белай расы», адзначае The Times.

З пачатку 2000-ых гадоў рэгулярна наведваў Расію, дзе сустракаўся з мясцовымі неанацыстамі. Піскорскі мае антыглабалісцкія, антыамерыканскія, антыкапіталістычныя і еўразійскія погляды. Піскорскі некалькі разоў быў назіральнікам на беларускіх выбарах.

У 2014 годзе ён быў назіральнікам на «рэферэндуме» ў Крыме. Таксама Піскорскі рэгулярна камунікаваў з сепаратыстамі на ўсходзе Украіны, якіх падтрымлівае Расія.

У маі 2016 года яго затрымалі польскія спецслужбы па абвінавачванні ў супрацоўніцтве з расійскай і кітайскай разведкамі.

Амаль 3 гады ён прасядзеў у ізалятары. 16 мая 2019 года яго выпусцілі з варшаўскага следчага ізалятара пад заклад да вердыкту суда.

Акрамя супрацоўніцтва з беларускімі дзяржаўнымі СМІ, Піскорскі рэгулярна каментуе падзеі ў Польшчы для расійскіх прапагандысцкіх медыя.

Сяргей Фільберт (Германія)

У Германіі няма мукі і сланечнікавага алею, заявіў у эфіры БТ «блогер, аўтар праекта «Голас Германіі» Сяргей Фільберт. 

БТ бярэ ў блогера і палітычныя каментары, напрыклад, пра дзейнасць нямецкага ўрада і антыкавідныя пратэсты ў Германіі.

Як на сваім канале, так і на БТ, Фільберт распаўсюджвае канспіралагічныя погляды. 

«Вайна ва Украіне ідзе не з Украінай, а з той трансатлантычнай элітай, якая сядзіць у ЗША, Брытаніі і іх стаўленікамі ў Еўропе, якія падстаўляюць свае народы», — сказаў Сяргей Фільберт.

На сваім ютубе Фільберт расказвае пра так званыя «біялабараторыі» ва Украіне і распаўсюджвае дэзынфармацыю пра шкоду прышчэпак ад кавіду.

Фільберт жыве ў Германіі з 2002 года, па прафесіі ён тэхнік. Ён выступае ў якасці арганізатара і ініцыятара шэрагу прарасійскіх акцый у Германіі, кшталту аўтапрабегу «Берлін-Масква».

Анатоль Ліўры (Францыя)

Пісьменнік, філосаф і літаратуразнаўца расійскага паходжання каментуе для беларускіх дзяржаўных СМІ ў тым ліку і палітычныя падзеі. Ліўры дзесяцігоддзямі жыве ў Еўропе, аднак крытыкуе заходнія эліты і распаўсюджвае канспіралагічныя погляды, блізкія да расійскіх еўразійцаў кшталту Аляксандра Дугіна. 

Напрыклад, Ліўры піша пра тое, што глабалісты хочуць знішчыць белыя народы. 

У прадмове да адной з ягоных кніг гаворыцца:

«За сваю смеласць у раскрыцці планаў Халакосту белых народаў яўрэй Анатоль Ліўры падвергнуўся турэмнаму зняволенню, на яго былі заведзеныя дзясяткі крымінальных спраў, ягоныя кнігі былі забароненыя на Захадзе, а пятая калона ў Расіі ўклала гіганцкія сумы, каб ягоныя працы не дайшлі да рускага чытача. 

І цяпер на Захадзе ўжо чвэрць стагоддзя гарбаціцца без выходных цэлая неахазарская зграя прафесараў, каб ніводнае слова Анатоля Ліўры не дайшло да расійскага чытача: кожная новая праца (літаратурная, акадэмічная, філасофская) Анатоля Ліўры падвяргаецца групавому плагіяту і паклёпу. За гэта прафесары — антыбелыя расісты атрымліваюць званні, прэміі і Ордэны Ганаровага легіёна. Робіцца ўсё, каб белыя народы не змаглі выратаваць сваіх дзяцей ад сістэмнага антыбелага расізму, часткай якога з'яўляецца русафобія».

Анатоль Ліўры

Нейкія падобныя погляды выказвае Ліўры і беларускім дзяржаўным СМІ. 

«Еўропа знаходзіцца ў канцы пэўнага гістарычнага перыяду. Такія дзяржавы, як Францыя, нават з матэрыяльнага пункту гледжання дажываюць апошнія гады. Далей будуць цёмныя стагоддзі, якія досыць ясна бачныя.

Вас штурхаюць ў той самы бок, як і вашых суседзяў. Калі яны далучацца, то падзеляць катастрофу заходніх дзяржаў», — упэўнены містык-літаратар, якога дзяржаўная прапаганда ўпарта называе «палітолагам».

«Я запэўніваю вас, што ніякай свабоды слова тут, у Еўропе, няма. Тыя, хто павучае Беларусь і Расію таму, як трэба ўладкоўваць дзяржавы, самі ж не карыстаюцца сваімі парадамі», — кажа ён,

«Калі вы ходзіце па вуліцах Парыжа або Марсэля, то бачыце ўсё сваімі вачыма. Цэны ўзнялі, а еўра каштуе ўсё танней. Для таго каб купіць зусім простыя рэчы, трэба ўсё больш грошай. А ў людзей іх усё менш і менш», — наракае ён на жыццё ў Францыі. 

Ліўры сцвярджае, што расійскія вайскоўцы, якія штурмуюць «Азоўсталь» — абаронцы хрысціянскай рэлігіі і традыцыйнай сям’і. Дзіўная заява, асабліва калі ўлічваць бэкграўнд «Азова», які абараняе «Азоўсталь».

На яго думку, на Захадзе выхавалі абсалютна непісьменных людзей. «Людзі, якія прымаюць рашэнні, маюць зусім іншую структуру. Яны вучаць свой прадмет у рамках старонкі на «Вікіпедыі» і паўтараюць яго на працягу дзесяцігоддзяў», — сцвярджае ён. 

Андрэй Фурсаў (Расія)

Цемрашальства на беларускім тэлебачанні часта падмацоўваецца не толькі гарадскімі вар’ятамі і маргінальнымі палітыкамі, але і старанна выбранымі прадстаўнікамі расійскай акадэмічнай супольнасці. Заявы гэтых навукоўцаў шмат кажуць пра стан расійскай навукі. 

Напрыклад, расійскі гісторык Андрэй Фурсаў, які больш за 20 гадоў быў дацэнтам МГУ, у інтэрв’ю беларускім СМІ расказвае пра глабалістаў, «анлантычныя вярхушкі», тое, як Ракфелеры і Біл Гейтс распланавалі пандэмію. 

Андрэй Фурсаў

Таксама Фурсаў расказвае, што русафобію стварылі ў 1820-я гады англічане.

Акрамя Ротшыльдаў, на думку Фурсава, светам кіруюць таксама дзяржава-гегемон і наднацыянальныя структуры кшталту масонаў. 

Заходніх палітыкаў Фурсаў называе «татальна неадукаванымі людзьмі». 

«Я маю сказаць, што сярэдні чалавек на Захадзе, няхай гэта будзе амерыканец або француз, абсалютна абыякавы да таго, што адбываецца за межамі яго бізнэсу або дома. Ён не будзе затлумляцца, не будзе ставіць пад сумнеў, што яму ў лоб кажуць з тэлевізійнай скрыні ўлады», — кажа расійскі навуковец пра Захад, хаця па апісанні гэта больш нагадвае сучасную Расію.

«Гэтая неадукаванасць бачная нават на прыкладзе тых людзей, якія займаюць вышэйшыя пасады. Паглядзіце на кіраўнікоў Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі. Гэта татальна неадукаваныя людзі», — перакананы расійскі гісторык. 

Ён наракае, што Еўропа выраджаецца, а таксама вельмі шкадуе, што па выніках Другой сусветнай вайны саюзнікі знішчылі нямецкі мілітарызм. 

«Тое, што адбываецца з Еўропай, — гэта выраджэнне. Мяне, дарэчы, нядаўна спыталі, хто ў Еўропе можа ваяваць, акрамя беларусаў і рускіх. Збольшага там могуць ваяваць палякі, сербы і харваты. Сербы — гэта нашы сябры, а харваты — ворагі. Палякі нам не сябры», — мяркуе Андрэй Фурсаў.

«Немцы, якія ў першай палове мінулага стагоддзя маглі пахваліцца сваёй арміяй, больш не ваюючы народ зусім. Тут англасаксы дамагліся таго, чаго яны хацелі», — кажа Фурсаў. 

Часам Фурсаў апускаецца ў канспіралогію ў стылі Рэн-ТВ. 

«У XVIII стагоддзі ў Вялікабрытаніі пілі ў асноўным рускі іван-чай. А ў гэты ж час з Індыі пайшоў мясцовы чай, але людзі па звычцы куплялі рускі. Што зрабілі брытанскія купцы? Яны сталі закупляць вялікія порцыі іван-чаю, засыпаць туды тальк, запакоўваць і па новай выстаўляць на продаж. Зразумела, брытанцы ад яго адмовіліся, таму што нікому не спадабаецца піць чай з талькам. І іван-чай быў выцеснены з Брытаніі, дзе ўсе сталі піць індыйскі», — на поўным сур’ёзе кажа навуковец. 

Алена Панамарова (Расія)

Але Фурсаў не адзіны з расійскіх навукоўцаў распаўсюджвае пячорную цемрашальскую канспіалогію. Ёсць яшчэ прафесар МГІМО Алена Панамарова. 

Напрыклад, пандэмію каранавіруса яна называе «медыцынскім фашызмам». 

«Менавіта каранавірус стаў той тэхналогіяй, якая павінна была закласці падмурак перафарматаванню ўсяго свету. Для змены сусветнай эканамічнай мадэлі трэба было прыдумаць біялагічную зброю, здольную «ўтылізаваць» вялікую колькасць насельніцтва. Усе, хто перахварэў на каранавірус, зараз стануць працаваць у значнай ступені на медыцынскія карпарацыі. Гэта свайго роду медыцынскі фашызм. Я перакананая, што гэта вайсковая тэхналогія, якая заклала асновы для стрэсу сусветнай эканамічнай мадэлі», — сказала яна.

Алена Панамарова

«Мы сапраўды жывём у час глабальнага перадзелу свету, які ўжо не будзе ранейшым. У гэтых жудасных і подлых падзеях нараджаецца зусім новы свет», — шматзначна кажа прафесар МГІМО, аднаго з найлепшых расійскіх універсітэтаў. 

Панамарова не баіцца заходніх санкцый: 

«Я не ведаю бытавых тавараў, якія не вырабляліся ў Беларусі. У нас многія спалохаліся закрыцця магазінаў з шырспажывам. Калі я прыязджаю ў Беларусь, то перш за ўсё іду на Нямігу. Бываю і ў ЦУМе, дзе можна купіць трыкатаж і вырабы панчошнай прамысловасці», — кажа яна. 

Клас
1
Панылы сорам
86
Ха-ха
56
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?