«12 траўня — дзень народзінаў Магдалены. Дзяўчынкі, бацька якой у турме. Ужо не ўпершыню. А маці, якая таксама пабывала за кратамі, палохаюць турмой. Хоць яна чакае чацвёртае дзіця.

Ужо колькі гадоў творыць здзек над імі ўлада! Але насуперак усяму яны стварылі СЯМ'Ю! Адну з самых прыгожых, калі не найпрыгажэйшую ў Беларусі…» ‒ напісаў паэт у Facebook.

Магдалена

Магдалене Дашкевіч

У кожны міг сканчаецца дарога —
І тут жа пачынаецца наноў,
І доўжыцца дарога з ласкі Бога,
І атуляе нас Яго любоў,
І наша да Яго любоў святая,
Як ластаўка, крыляе і ўзлятае
Да ясных і засмучаных нёбёс,
Туды, дзе кросна Божыя, дзе лёс
Жывою ніткай ткуць для нас анёлы,
Каму самотны, а каму вясёлы,
Ды ўсім такі напяты — аж звініць!..
І калі раптам абарвецца ніць,
Спагада
Упадзе
Слязою
Божай
На скрыжаванні ўсё і раздарожжы —
І ружай прарасце асот сухі,
І ўсё, што аджыло, паўстане з тлену,
І збаўца пацалуе Магдалену,
І грэшнікам даруе ўсе грахі.

 

 

Клас
16
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?