Немаладога мінчука Аляксея Іванісава 6 чэрвеня павязуць на суд. Там у клетцы будуць цясніцца ажно шасцёра дарослых мужчын: усе рознага ўзросту, розных прафесій і біяграфій. Аб’ядноўвае іх адно — крымінальная справа.

Аляксей Іванісаў

Назвы артыкулаў Крымінальнага кодэксу, па якіх абвінавачваюць мужчын, гучаць вельмі сур’ёзна: «Акт тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча»; «Распальванне варожасці»; «Стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй» і гэтак далей. Сур’ёзныя і тэрміны: пакаранне па гэтых артыкулах КК складае 10, 12, 15 гадоў.

Але хто такі гэты Іванісаў? Што ж такога жудаснага зрабіў ён і астатнія мужчыны? Чаму і як іх цяпер лічаць тэрарыстамі?

Расказваем. 

Былы вайсковец, служыў ва Украіне

53-гадовы Аляксей Іванісаў жыў у Мінску, у звычайным спальным раёне Сухарава. Жанаты, мае траіх сыноў: двое ўжо дарослыя, адзін непаўналетні. Цікавіўся фалерыстыкай, то-бок, гісторыяй ордэнаў, медалёў і іншых вайсковых узнагародаў. 

Іванісаў у 2006 годзе

Аляксей былы вайсковец. Скончыў Санкт-Пецярбургскі ваенны універсітэт сувязі, служыў ва Украіне, ў Закарпацці. Калі СССР разваліўся, Іванісаў вырашыў вяртацца ў Беларусь.

Цікава, што ў сацсетках Іванісаў упрыгожыў аватарку георгіеўскай стужкай. 

Адзначым, што апошні раз хтосьці заходзіў у акаунт Іванісава 21 сакавіка — на той момант мужчына ўжо некалькі месяцаў быў пад вартай

«Ён ніколі не ставіўся кепска да Расіі: бо сам вучыўся ў Піцеры, мама руская па нацыянальнасці. Але за Лукашэнку ён ніколі не быў, гэта дакладна. І зараз, ведаю, у вайне Аляксей падтрымлівае украінцаў, вельмі перажывае. Кажа, што ў перамозе Украіны вязні бачаць і выратаванне Беларусі», — расказвае яго сябар.

Але палітычна актыўным Іванісаў раней ніколі не быў, у партыі не ўваходзіў, у акцыях не ўдзельнічаў. Ён у канцы 1990-х сышоў з войскаў, каб пракарміць сям’ю заняўся бізнэсам: гаражнымі варотамі.

Здавалася б, звычайны беларускі мужык.

Па яго прыйшоў ГУБАЗіК, па яго маму — КДБ

У адзін дзень сілавікі затрымалі і Аляксея, і яго 75-гадовую маму. 

У панядзелак 27 верасня пенсіянерка Наталля Іванісава збіралася ехаць на лецішча. Спусцілася да машыны, але там яе спынілі людзі ў цывільным. Прадставіліся: КДБ. 

Жанчыну вярнулі ў кватэру, правялі ператрус. Панятых сілавікі прывялі з сабою. Разам з Наталляй Леанідаўнай жыла яе дачка з мужам і дзецьмі — ва ўсіх забралі тэлефоны, усю камп’ютарную тэхніку. 

«Нібыта была нейкая вялікая справа, па якой прыходзіла шмат народу. І Наталлю Леанідаўну ўзялі як падазраваную па некалькіх крымінальных артыкулах — усе «народныя», — расказвае «Нашай Ніве» блізкі знаёмы сям’і Іванісавых.

Пасля ператрусу ў кватэры, пенсіянерку павезлі на лецішча, там да 2 ночы праводзілі вобшук. Затым жанчыну даставілі ў Цэнтральны РАУС, на наступны дзень суддзя Карсюк выпісаў Іванісавай 25 сутак арышту — абвінавацілі, што яна фігуравала на нейкім відэа ў падтрымку Знака і Калеснікавай. 

Магчыма, прысуд быў такім жорсткім, бо Наталлю Іванісаву ўжо затрымлівалі. У лютым 2021 года яе схапілі за неверагоднае злачынства: чытала ў электрычцы кнігу беларускага пісьменніка. Тады за такое чытанне затрымалі 14 чалавек, абвінавацілі ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Іванісаву пакаралі штрафам у 25 базавых. 

«На Акрэсціна яна сядзела ў той самай 15 камеры, дзе пасля жанчыны абвяшчалі галадоўку праз невыносныя ўмовы, — кажа знаёмы сям’і. — 75-гадовая Наталля Леанідаўна таксама прайшла праз усе гэтыя здзекі. Два разы ўначы пад’ём, ніякага мыцця. Двухмясцовая камера, у ёй бывала да 12 чалавек з іх тры бадзягі. Іванісава вярнулася з вошамі, амаль з пролежнямі (бо ўсе 25 дзён вымушаная была спаць на падлозе). Перадачы не перадавалі, хіба толькі лекі, і тое не ўсе. У Наталлі Леанідаўны дыябет 2-га тыпу, дык у зняволенні падаў цукар жудасна. У выніку, пасля сутак яна схуднела кілаграмаў на 10, казала, турэмную ежу немагчыма было есці».

Пасля сутак Наталля Іванісава вярнулася дадому. У якім яна статусе сёння і што з той дзіўнай справай, па якой да яе прыходзілі, сям’я не ведае, кажа суразмоўца «Нашай Нівы».

Забралі і бацьку, і сына

У той жа вечар 27 верасня, калі КДБ прыйшоў да Наталлі Леанідаўны, да яе сына Аляксея прыйшоў ГУБАЗіК. 

«Забралі Аляксея і яго сярэдняга сына, ноч іх пратрымалі на допытах у ГУБАЗ. Там пагражалі абодвум, але сына раніцай адпусцілі. 

Пасля Аляксея адправілі на Акрэцсіна — па горкай іроніі лёсу, ў той жа час яго мама там адбывала суткі. 

10 дзён да выстаўлення абвінавачвання Аляксей правёў у карцары: камера тры метры на паўтара, у якой дзесяць чалавек. І ўявіце: сустрэў там былога свайго саслужыўца, якога затрымалі за каментар пра Зельцэра, — кажа знаёмы Аляксея. — Затым Іванісаву выставілі абвінавачванне па двух артыкулах КК: 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 339 (хуліганства). Вінавацілі, што ён пашкодзіў нейкія відэакамеры».

Быў хуліганам — стаў тэрарыстам

Аляксея Іванісава адправілі на Валадарку. Але праз два месяцы, 30 лістапада, Вярхоўны суд па заяве генпракурора Андрэя Шведа прызнаў тэрарыстычнай арганізацыяй нефармальнае аб’яднанне «Супраціў», а таксама «тэрарыстычнымі» прызналі і ініцыятывы, якія ў яго ўваходзяць: «Кібер-партызаны», «Буслы ляцяць» і «Дружыны Народнай Самаабароны — ДНС». Усе гэтыя ініцыятывы — каналы ў тэлеграме, якія заклікалі беларусаў да «партызаншчыны» супраць уладаў. Гэтыя каналы мелі ботаў, праз якія можна было звязвацца для атрымання інструкцый, у каналах публікаваліся відэа «акцый». 

«І як толькі той «Супраціў» прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй, з Аляксея знялі тыя два артыкула (пра хуліганства і ўдзел у парушэнні парадку), замест іх навесілі цэлы букет, у тым ліку і тэрарызм», — кажа яго знаёмы.

Цяпер Іванісава вінавацяць аж па пяці (!) артыкулах Крымінальнага кодэксу, паведамляюць праваабаронцы з «Вясны». Гэта арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); арт. 218 КК (наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры); арт. 130 КК (распальванне варожасці); арт. 290-4 КК (стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй); арт. 359 КК (акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага ці грамадскага дзеяча).

Выглядае, што тое ж самае адбылося і з іншымі фігурантамі справы, якіх цяпер унеслі ў спіс датычных да тэрарыстычнай дзейнасці асоб. Бо адзін з фігурантаў, хрысціянін-евангеліст, будаўнік і шматдзетны бацька Андрэй Будай, у праваабаронцаў праходзіў як абвінавачаны толькі ў хуліганстве па арт. 339 КК. Цяпер жа, ён у «спісе тэрарыстаў». Выглядае, што яго, як і Іванісава, таксама будуць судзіць ужо за тэрарызм («Наша Ніва» звярнулася да жонкі Будая па каментар, але яна пакуль не захацела гаварыць). 

Агулам па справе будуць судзіць шасцярых чалавек: вышэйзгаданых Іванісава і Будая, таксама мінчукоў Аляксей Гамезу і Аляксандра Мураўёва, а таксама Мікалая Бібліса і Аляксандра Сідарэнку. Чацвёра з іх — Іванісаў, Будай, Гамеза і Мураўёў — унесеныя ў спіс датычных да тэрарызму.

Аляксей Гамеза (злева) і Андрэй Будай

«Мужчыны працавалі ў розных сферах эканомікі, займаючы ў тым ліку кіруючыя пасады, не судзімыя, амаль у кожнага маюцца малалетнія дзеці. Абвінавачаныя пазнаёміліся паміж сабой на так званых «дваровых чаяваннях», пасля чаго размаўлялі ў асобным закрытым Telegram-чаце», — паведамляў Следчы камітэт.

А ў чым тэрарызм? 

Што з такога зрабіў Іванісаў і іншыя фігуранты справы? 

Спіс іх злачынстваў публікаваў Следчы камітэт. 

4 сакавіка 2021 года «ўдзельнікі групы» пашкодзілі аўтамабіль, які належыць аднаму з суддзяў Менскай вобласці: аблілі фарбай кузаў транспартнага сродку, прабілі чатыры колы. 

З 14 па 15 сакавіка 2021 года адзін з абвінавачаных пашкодзіў чатыры шыны аўтамабіля, які належыць «грамадскаму актывісту-карэспандэнту рэспубліканскага СМІ».

8 красавіка 2021 года фігуранты кінулі камень у акно кватэры, дзе пражывае супрацоўнік пракуратуры горада Мінска з малалетнім дзіцем; 22 траўня 2021 года аналагічныя злачынныя дзеянні здзейсненыя ў дачыненні да «грамадскай актывісткі, якая падтрымлівае дзеючую ўладу».

У перыяд з 2 па 15 чэрвеня 2021 года абвінавачаныя пашкодзілі і знішчылі сістэму відэаназірання, усталяваную ў Фрунзенскім раёне сталіцы.

Надпіс «Буслы», выкладзены з відэакамер

Відэа са сваімі дзеяннямі мужчыны адпраўлялі ў тэлеграм-канал «Буслы ляцяць», паведамлялі следчыя.

Паказвалі на БТ, расказваў Лукашэнка

Узімку 2022 года на БТ выйшаў чарговы «шэдэўр» пад назвай «Плесень». Там згадалі таксама і гэтыя злачынствы. 

«Казалі што адну акцыю здзейсніла жодзінская група, іншую — «сухараўская група». На самай справе гэта адны і тыя ж 5-6 чалавек, якія ўжо затрыманыя», — каментаваў прадстаўнік ГУБАЗіК.

Пра затрыманне Іванісава і кампаніі выказваўся нават Лукашэнка.

«Сёння ноччу-учора днём затрымалі 6 або 7 чалавек, якія спрабавалі ўчыніць тэракты. Мы проста назіралі і чакалі, калі яны пад камеру гэта зробяць. Усё знялі. Супраць дзяржаўных служачых, асабліва супраць работнікаў пракуратуры, і нават на суддзяў ужо пакацілі. Сем чалавек затрымалі. Аднаго шукаем. Знойдзем, накшталт, у Расею пабег. Але там прывязуць нам яго, — казаў Лукашэнка 22 снежня 2021 года на сустрэчы з «актывам» Гомельшчыны. — Вось гэтыя злачынствы, нібыта, яны цішком: дзесьці нешта напісаў, дзесьці БЧБ-шны сцяг наклеіў, яшчэ нешта, значок … тэрарыстычныя гэтыя памкненні. 

Вось прыводзілі прыклад, што затрымалі мярзотнікаў, якія прарэзалі колы і іншае. Вы б паглядзелі (трэба паказваць людзям), як яны пасля гэтага сябе паводзяць. Яны такія смелыя, калі мы да іх не дакрануліся, 

Таму яны паскудныя. Ну пракалоў ты гэтую шыну … варта таго, што ты цяпер 15 гадоў адседзіш у турме? Таму вось пачынаюць так паскудзіць. Для чаго? Зноў грошы»

Знаёмы Іванісава кажа так:

«З іх лепяць арганізаваную групу. Ведаю, што на Аляксея не было нічога, акрамя тых відэакамер, але ён узяў на сябе яшчэ некаторыя рэчы, якіх не рабіў. Яго проста вымусілі сказаць некаторыя рэчы».

«Кажа, што вытрывае»

Цяпер Іванісаў, як і астатнія фігуранты справы, рыхтуецца да суда. Сям’я дамаглася, каб праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. 

Аляксей знаходзіцца на Валадарцы, дзе паспеў перасекчыся з многімі вядомымі вязнямі: затрыманымі па справе артапедаў, са следчым Вячаславам Кандыбам, мастаком Алесем Пушкіным. Пушкін нават намаляваў партрэт Іванісава:

Суд па справе пачнецца 6 чэрвеня. Лёс Аляксея Іванісава і іншых фігурантаў справы будзе вырашаць суддзя Анастасія Папко. Яна ўжо ўдзельнічала ў гучных палітычных справах: прысудзіла палітвязню Аляксею Кудасаву 11 гадоў калоніі, шматдзеднай маці Вользе Залатар — 4 гады калоніі. 5 гадоў суддзя Папко прысудзіла Міколе Дзядку.

«Калі Аляксей даведаўся пра усе артыкулы, якія яму навесілі, перадаў: там гадоў на сто, не менш. Калі Лукашэнка згадаў пра яго справу, стала зразумела, што пакаранне будзе суворым. Але Аляксей трымаецца бадзёра, перадае, што ўсё вытрывае», — кажа сябар сям’і.

Па словах блізкіх, сваю віну Аляксей Іванісаў так і не прызнаў. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру