Дар’я Лосік, жонка палітвязьня Ігара Лосіка

Дар'я Лосік

— Як чалавек, які гаворыць адкрыта, я не разумею, што можа быць горшага (акрамя смерці і цяжкай хваробы), калі твой чалавек у турме? Сесці і маўчаць? Гэта не выйсце. Чым больш мы пра іх гаворым, тым у большай яны бяспецы. Ёсць практыка здзекаў з палітвязняў, іх прэсуюць, саджаюць у ШІЗА, ПКТ, карцары. Кожны такі выпадак павінен быць асветлены публічна. Тады стане ясна, што за гэтым палітвязнем стаяць людзі, што за ім сочаць, што з яго нельга здзекавацца і рабіць што заўгодна.

Мая пазіцыя — гаварыць пра любую праблему, ці то блакаванне лістоў, карцар ні за што… Пасадзілі адзін раз, усе прамаўчалі — значыць, так і трэба, пасадзім другі, трэці, пяты і дзясяты раз. Гэта ненармальна, так быць не павінна.

Сяргей Зікрацкі, адвакат з 20-гадовым стажам, абаронца журналістак «Белсата» Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай, прадстаўляў інтарэсы TUT.BY і Прэс-клюба, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях

Сяргей Зікрацкі

Сапраўды, ёсьць такая думка, што калі не паведамляць пра затрыманне, не афішаваць інфармацыю пра справу, то сваяку можа быць лепей. Насамрэч ніхто не можа ані пацвердзіць, ані абвергнуць гэтага меркавання. Проста праз тое, што яго нельга праверыць эмпірычным шляхам.

Раней я таксама чуў выказванні, што не трэба браць адваката па адміністрацыйных справах — быццам бы таксама суддзі будуць выносіць больш цяжкія пастановы. На практыцы мы бачылі, што прысуды ў дачыненні да затрыманых з адвакатам і без былі часцей за ўсё аднолькавыя, і ў некаторых выпадках (на жаль, вельмі рэдка) адвакаты дамагаліся адмены справы ці накіравання яе ў міліцыю для выпраўлення памылак.

Адзінае, што я магу дакладна сказаць, што ў распаўсюдзе інфармацыі пра непажаданасць афішаваць затрыманне і абставіны крымінальнай справы, таксама як і пра непажаданасць звяртацца да адвакатаў па адміністрацыйных справах, вельмі зацікаўленыя міліцыя, следчыя органы і суды.

Таму што ўдзел адвакатаў і распаўсюд інфармацыі пра справу кожны раз стварае негатыў як да канкрэтных асобаў з міліцыі, следчых органаў, пракуратуры і суда, гэтак і да ўсёй сістэмы. Таму я асабіста заўсёды раю звяртацца да адвакатаў і па магчымасці не хаваць інфармацыю аб затрыманні і дэталі крымінальнай справы.

Аляксандар Азараў, прадстаўнік ініцыятывы BYPOL, былы следчы ГУБАЗіК, былы выкладчык акадэміі МУС

Аляксандар Азараў

— Матывы следчага ці аператыўнага супрацоўніка зразумелыя — ён не хоча, каб пра яго дзейнасць даведваліся СМІ і грамадства. Ён вядзе справу аператыўнага ўліку, затрымлівае людзей, праводзіць ператрусы. І ён не хоча, каб пра гэта грамадскасць ведала. Тады кожная яго памылка і злачынства будуць вядомыя. Яны баяцца і таму пагражаюць — нікому нічога не расказвайце пра затрыманне і крымінальную справу.

Часам ва ўдзельнікаў працэсу яны бяруць падпіску аб неразгалошванні, калі чалавек удзельнічаў у нейкіх следчых дзеяннях. Калі чалавек даў такую падпіску і ён папярэджаны аб крымінальнай адказнасці, тады яму не варта парушаць закон.

Усе іншыя асобы — сваякі, знаёмыя, сябры, якія нешта даведаліся пра справу, могуць распавядаць пра яе без ніякіх праблемаў. І гэта трэба распавядаць, бо ўсе злачынствы рэжыму павінныя даводзіцца да грамадства і сусветнай супольнасці.

Не трэба баяцца. Уся ўлада Лукашэнкі і так званых праваахоўных органаў збудаваная на запалохванні. Не трэба звяртаць увагу на гэтыя запалохванні.

Трэба сыходзіць з таго, што яны заўсёды хлусяць. Цяпер сістэма сілавых органаў збудаваная на хлусні, усё, што яны гавораць, трэба ад пачатку крытычна ацэньваць. Нельга верыць ніводнаму прадстаўніку следства.

Калі ідзе размова пра пагрозы следчага, то трэба разумець, што ў нас следчы — асоба несамастойная. Ён сам не можа прымаць рашэнняў. Напрыклад, меру стрымання вызначае не следчы, а начальнік следчага аддзела і пракурор. Следчы можа пагражаць, але рашэнні прымаюцца калектыўна.

Кіраўніцтву следчых органаў наагул «да лямпачкі» — будзе ці не абнародаваная інфармацыя пра следства па той ці і іншай канкрэтнай справе. Гэта турбуе канкрэтных выканаўцаў, следчых, якія вядуць справы. Менавіта яны, а не кіраўніцтва, робяць высілкі, каб інфармацыя пра іх справы не пратачылася ў медыя.

Клас
42
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
1
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру