Фота: kupalauski.by

— Патлумач, з чым ты як кастынг-дырэктар сутыкаешся кожны дзень у прафесіі.

— З антыдэпрэсантамі (смяецца)! Па сутнасці ж, займаюся падборам акцёраў пад розныя праекты для любога відэакантэнту — рэклама, кліпы, кіно, серыялы, ютуб-шоў. Задача не проста знайсці людзей, здольных выканаць ролю, але і разлічыць, каб яны адпавядалі поглядам рэжысёра ды арганічна далучыліся да астатняй суполкі выканаўцаў. Працую ў асноўным з землякамі, а таксама геаграфічынымі суседзямі: расіянамі, украінцамі, прыбалтамі.

— Ты працуеш выключна з прафесіяналамі альбо звяртаеш увагу і на людзей з вуліцы?

— Залежыць ад праекта. Вядома, калі патрабуецца віртуозная ігра, то і вышэйшай адукацыі, бывае, не хапае. Хаця больш люблю працаваць з акцёрамі-прафесіяналамі. Найлепшыя з іх — філосафы, што імкнуцца ўсвядоміць нутро персанажа, зразумець матывацыю нават самых дробных яго ўчынкаў, адшукаць сувязі між прычынай ды наступствам трансфармацый у характары. Калі бачыш такія метамарфозы на свае вочы, быццам робішся сведкай магіі.

Зразумела, што для рэкламных праектаў альбо кліпаў маштабныя пераўвасабленні не патрэбныя. Таму лёгка запрашаю людзей з вуліцы, калі бачу, што яны адпавядаюць тыпажам ды ўзроставым абмежаванням пад тую ці іншую аўдыторыю.

— Колькі б паставіла айчынным акцёрам па шкале ад аднаго да дзесяці?

— Сярэдняга бала тут не вывесці. Хаця б таму, што ёсць прафесіяналы, для якіх і 15 ачкоў — мала, каб справядліва ацаніць узровень таленту.

На вялікі жаль, шмат каму з беларусаў сёння не хапае магчымасцяў для самарэалізацыі, праектаў, каб раскрыцца. Ведаю хлопцаў і дзяўчат, што маглі б ярка заззяць ужо сёння-заўтра, аднак за іх плячыма адна-дзве працы максімум. Далей жа іх кар'ера не рушыла, бо дэфіцыт вопыту і нейкія дробныя адукацыйныя недахопы перашкаджалі атрыманню ролей.

Як вынік, акцёры быццам бы ў замкнёны круг траплялі — і выцягнуць іх адтуль нават у самых уплывовых кастынг-дырэктараў пакуль не атрымліваецца. Бо рэжысёры ці прадзюсары аддаюць перавагу правераным, больш надзейным варыянтам.

Такія не да канца рэалізаваныя таленты, на маю думку, — Ігар Шугалееў, Анжаліка Барчан, Максім Дубоўскі, Сяргей Толкач, Андрэй Новік, Марына Паддубная.

Беларуская акторка Вераніка Пляшкевіч у фільме «Прыгажуня ды пачвара»

Ёсць яшчэ праблема з тым, што адзінкі здольныя разам «цягнуць» і тэатр, і кіно. Атрымліваецца, ты пагружаны ў адно асяроддзе 355 дзён на год, а пасля на тыдзень цалкам мяняеш сферу ды гуляеш зусім па іншых правілах — гэта адбіваецца на якасці. Як мінімум таму, што тэхніка, прыёмы, каноны істотна адрозніваюцца.

— Беларускі пашпарт сёння — гэта чорная адмеціна для акцёра?

— Як пашчасціць. Ведаю выпадкі, што нават дзеці-мадэлі з гэтым сутыкаліся падчас працы ў Кітаі — пасля 24 лютага іх здымалі з праектаў і разрывалі кантракты. Аднак масавасці гэтая з'ява не набыла, бо ўсё ж такі ў працэс з усіх бакоў уцягнутыя пераважна разумныя ды ўдумлівыя людзі. Таму яны здольныя размяжоўваць дзяржаўную палітыку ды персанальныя пазіцыі людзей, а не грэбці ўсіх адным грэбенем.

Увогуле сёння сітуацыя куды больш пазітыўная ў параўнанні з 2020-м. Тады велізарная колькасць прафесіяналаў згубіла працу, скарацілася колькасць праектаў, катастрафічна знізіліся заробкі. Да таго ж не знайшлося дзейнага органа, каб абараніць правы акцёраў — нават хаця б на рынкавы дэмпінг паўплываць. Таму не дзіўнымі былі сітуацыі, калі мегаталенты кідалі ўсё ды ішлі працаваць у дастаўку.

Адносна палітычнага расколу… Любы кастынг-дырэктар альбо прадзюсар нясе адказнасць за людзей, якіх ён запрасіў. І тут няма розніцы, «ябацька» далучаецца да праекта альбо не — адэкватна паводзіць сябе павінны ўсе. Калі асоба агрэсіўная, не гатовая чуць іншы бок ці працаваць у калектыве, не зважаючы перш за ўсё на агульную мэту, то ад яе будуць адмяжоўвацца незалежна ад палітычных поглядаў. Таму ў кожнага адказнага за персанал існуюць прыярытэты пры выбары выканаўцаў — і, адпаведна, сфармаваны пул людзей, якіх клічуць на здымкі ў апошнюю чаргу (іх імёны з этычных меркаванняў суразмоўца не стала раскрываць. — «НН»).

Пры гэтым, напрыклад, у «Беларусьфільма» ўвогуле ёсць «чорны спіс», дзе прапісаныя прозвішчы акцёраў, супрацоўніцтва з якімі немагчымае. І тут ужо, канечне, палітыка на першым плане. Як і ў тэатрах, дзе адбылася шалёная «чыстка» — і працягвае ісці нават сёння. Дарэчы, з гэтым звязана шмат кур'ёзных гісторый: то там, то тут чую пра адмены спектакляў з-за кадравага недахопу. Бо, разумееце, здараюцца форс-мажоры: нехта хварэе, у іншага дзіця ў бяду патрапіла — не да працы. А замяніць чалавека няма кім: у другім складзе і паўдзясятка акцёраў не набярэцца.

Калегі распавядалі, што нядаўна адмянілі імпрэзу непасрэдна перад яе пачаткам. Поўная зала гледачоў, аншлаг, прэм'ера — і тут аб'ява: выбачайце, нічога не будзе, захварэў ключавы акцёр, а замены мы не маем.

— Тры галоўныя памылкі, якія дапускаюць беларускія акцёры пры супрацоўніцтве з кастынг-дырэктарам?

— Я б, канечне, назвала перш за ўсё адсутнасць годнага партфоліа. Аднак папракаць гэтым не магу, бо далёка не ўва ўсіх ёсць грошы, каб яго якасна зрабіць. Да таго ж самі кастынг-дырэктары паніжаюць планку ды згаджаюцца працаваць з тым, што ёсць — выбар прафесіяналаў не такі ўжо і велізарны, калі шчыра. Адпаведна: навошта рабіць нейкія высілкі і замарочвацца над рэзюмэ, калі і так паклічуць?

Таму калі прыходзіць запыт ад замежных рэжысёраў, даводзіцца перарываць увесь Фэйсбук чалавека ды рабіць скрыншоты са стоп-кадраў, якія там выкладваліся — хочацца ж паказаць акцёра з розных і найбольш выгадных для яго бакоў.

Яшчэ шалею ад «вясковага панібрацтва». На пробы людзі могуць прыехаць напрамкі з лецішчаў у адзенні, прыгодным для адпачынку ці сельскагаспадарчых прац, але не для сур'ёзных здымкаў. Маўляў, ну чаго ты, адно аднаго і так ведаем. І яго не бянтэжыць, што кастынг на ролю бізнэсмена ці ўплывовага палітыка.

Фота: facebook.com/rtbdBY

Непрыемна здзіўляе і знявага прафесіянальнай этыкі, калі сумесная праца па змаўчанні ўспрымаецца як сяброўства. Гэта не нахабнасць, не. Хутчэй, паводзіны не да месца, ад якіх няёмка становіцца і самому кастынг-дырэктару, і яго калегам.

— Ці надараліся ў цябе казусныя сітуацыі пры супрацоўніцтве з акцёрамі?

— На першы год працы прывяла на праект даволі вядомага чалавека — сёння, на жаль, ужо нябожчыка — і вельмі хвалявалася, каб не «напартачыць». Таму ўзяла за звычку кожны ранак дасылаць акцёру СМС ды ўдакладняць, ці нармальна ўсё. Звычайна тэкст быў стандартны: «Вітанні! Спадзяваюся, вы выспаліся і ў добрым гуморы будзеце сёння на здымачнай пляцоўцы». Каб пазбегнуць недарэчнасцяў, адключыла Т9 ды набірала кожнае паведамленне рукамі.

Дык вось еду адным днём ужо на працу і атрымліваю ад суразмоўцы адказ: «Вітаю. Рад вас чытаць. Не хвалюйцеся, аніякіх канфузаў на пляцоўцы не будзе». Я не вельмі разумею, у чым сутнасць адказу і да чаго тут канфуз. Перачытваю сваё паведамленне ды бачу памылку: у слове «выспаліся» з'явілася літара «р» замест «п»… Дзякаваць богу, у чалавека было выдатнае пачуццё гумару — і гэтую памылку пасля разам згадвалі з усмешкай.

Увогуле, прафесія кастынг-дырэктара такая, што альбо ты едзеш з глузду ад стрэсу, альбо ўсё ўспрымаеш з гумарам ды іроніяй. І тады ўвогуле стаўленне да жыцця мяняецца ў лепшы бок.

— Што чакае беларускую кінаіндустрыю ў найбліжэйшы час, калі ацэньваць яе кадравы патэнцыял?

— Усё тармазіцца, гэта відавочна. Але нават нягледзячы на тое, што вялікая колькасць спецыялістаў з'язджае, шмат хто застаецца прынцыпова. Апошнім, безумоўна, складана сябе рэалізаваць. Аднак яны б'юцца — і нават часам дамагаюцца поспеху.

Увогуле ж цяжкія часы нараджаюць годных людзей. Таму не сумняваюся, што насуперак складанасцям у сапраўды таленавітых акцёраў мы рэгулярна будзем бачыць і творчыя парывы, і прарывы — хай сабе пры самых строгіх забаронах ды абмежаваннях.

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»

Чытайце таксама:

«Калі мы казалі «было б ідэальна працаваць у Еўрасаюзе», то мелі на ўвазе зусім не гэта». Вялікая гутарка з лідарам J:Морс Уладзімірам Пугачам

«Нехта скажа: залез пад плінтус. А я стараюся не загразнуць у багне». Шчырая гутарка са Змітром Вайцюшкевічам

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру