Фота Tut.by

Мікалай Лось са Светлагорска служыў механікам-кіроўцам у 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгадзе вайсковай часці 12147 пад Асіповічамі. 25 сакавіка 2020 года камандзір аддзялення старшы сяржант Германовіч вырашыў адрамантаваць рухавік транспартна-зараджальнай машыны на базе аўтамабіля ЗІЛ-135 ЛМП. Машына загарэлася. Абодва вайскоўцы атрымалі апёкі рознай ступені цяжкасці. Мікалая ў стане апёкавага шоку даставілі ў бальніцу.

Два гады Мікалай правёў у вайсковым медыцынскім цэнтры ў Мінску, але аднавіцца яму так і не ўдалося. Са слоў бабулі Кацярыны Дзянісаўны, часам Коля рэагуе на размову і музыку, спрабуе сказаць нейкія гукі, атрымліваецца нешта накшталт мычання. Есць ён праз зонд, нармальную вагу так і не набраў.

Выданне патэлефанавала бабулі, каб яна расказала, якія навіны ў Колі.

— Добрага мала, адным словам. Ляжыць, няшчасны. Не размаўляе, харчаванне зондавае, дыхае — таксама трубачка ШВЛ дапамагае. Ножкі не гояцца, можа, тут ужо дапамогуць хірургі.

— Чаму раны на нагах?

— А бог яго ведае. Можа, нешта не так першапачаткова зрабілі.

З Мінска ў Светлагорск Колю прывезлі машынай хуткай дапамогі, шпіталізавалі ў хірургічнае аддзяленне ЦРБ.

— На дзесяць дзён мы ў хірургіі. Другі дзень, як пераехалі. Потым забяру яго, будзем дома.

— А што дактары кажуць?

— Нічога добрага, прагнозаў добрых няма. Сказалі, нават сядзець не будзе, не тое што хадзіць. А я думаю, раптам мы адны з тысячы і ўсё атрымаецца?

За лёсам Мікалая сочаць неабыякавыя людзі, прывозяць спецыяльнае харчаванне і тэлефануюць Кацярыне Дзянісаўне са словамі падтрымкі. Яны ж знайшлі рэабілітацыйны цэнтр у Маскоўскай вобласці, які гатовы быў прыняць Колю.

— Ён жа важыць 32 кілаграмы. Трошкі набраў вагу, пайшло запаленне. Куды яго везці? — кажа Кацярына Дзянісаўна. — Іншы доктар сказаў, што ўжо позна ехаць на рэабілітацыю, шмат часу прайшло. У яго скаванасць — пакрывіліся ручкі, ножкі, я ўвесь час раблю масаж.

У медцэнтры, дзе ўвесь гэты час знаходзіўся Коля, ніякіх надзей на аднаўленне бабулі не давалі. Ездзіць некалькі разоў у тыдзень у сталіцу было цяжка. У выніку жанчына вырашыла прывезці ўнука дадому.

— Мне ўжо хутка 70. Тры гадзіны туды, тры назад і ў Колькі шэсць гадзін сяджу.

Пасля выпіскі Кацярына Дзянісаўна разам з унукам адправяцца дадому.

— Я яму вызваліла залу. Нам кажуць, з такой хваробай, як у яго, доўга не працягнеце. Я адказваю — працягнем. Выжывем на злосць усім. Нам Бог дапамагае. Што ён [Коля] дарма цярпіць трэці год? Гэта выпрабаванне, мы цярпім. Песню яму ўключаю «Ціха ў царкву я ўвайду». Ён так яе любіць!

Кацярына Дзянісаўна кажа, што ім павінны былі даць жыллё, але тыя варыянты, што былі, не падышлі.

— Сына з Колькай паставілі на чаргу 1420-мі. Нас ужо не будзе, пакуль чарга дойдзе.

Кватэру жанчына хацела на першым паверсе, каб лягчэй было даваць рады з Колем. Магчыма, рашыцца на куплю, калі знойдзецца прыдатны варыянт.

З вайсковай часткі суд пастанавіў спагнаць 80 тысяч рублёў на карысць Мікалая. Міністэрства абароны выплаціла сям'і кампенсацыю.

— Але што мне з яе? Вярніце дзіця, якім ён быў. Гэта немагчыма, адказваюць, вы ж ведаеце.

Цяпер у Кацярыны Дзянісаўны распарадак дня такі: прыходзіць да Колі ў бальніцу, праводзіць з унукам некалькі гадзін, потым ідзе дадому «гатаваць булёнчык» — і зноў да яго.

Бабуля пісала звароты ў Мінабароны і Міністэрства аховы здароўя, ствараліся медыцынскія кансіліумы, яны давалі заключэнні аб стане Мікалая.

— Зменаў не бачаць,— уздыхае Кацярына Дзянісаўна.

— Вам цяпер нейкая дапамога патрэбная?

— Спецыяльны ложак нам паабяцалі, харчавання [для Колі] я набрала, пенсію [па інваліднасці] прызначылі, ужо цяпер лягчэй. У нас хутка дзень нараджэння, будзе 22. Як-небудзь справімся. Людзей добрых шмат, дапамагаюць.

Клас
Панылы сорам
1
Ха-ха
Ого
Сумна
62
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру