Расія вельмі шмат кажа пра «дэнацыфікацыю» Украіны. Пры гэтым расійскія афіцыйныя асобы арганізуюць дзейнасць тых, каго ў Еўропе называюць «фашыстамі». Гэта высветліла даследаванне Еўрапейскага парламенцкага форуму.

Згодна з матэрыяламі даследавання, фінансаванне актыўна пачалося ў 2012 годзе. І з 2012 па 2018 гады расіяне выдаткавалі больш за 200 мільёнаў еўра на падтрымку сумнеўных ініцыятыў у розных краінах ЕС. І гэта толькі даказаная сума.

След расійскіх кансерватыўных алігархаў

У 2013-м расійскія праўладныя алігархі пачалі афіцыйна фінансаваць шматлікія гэтак званыя «антыгендарныя» ініцыятывы і крайне правыя палітычныя і грамадскія рухі. У гэтым жа годзе яны выбіліся ў топ, склаўшы канкурэнцыю фундатарам ультраправых, якія паходзяць з ЕС.

Аб'ёмы фінансавання алігархамі ўльтраправых фондаў у ЕС. Крыніца: epfweb.org

Афіцыйнае фінансаванне звязанае найперш з імёнамі двух расійскіх алігархаў: Малафеева і Якуніна.

Уладзімір Якунін — былы кіраўнік расійскай чыгункі, яго маёмасць ацэньваецца ў мільярд даляраў. Пасадовец вельмі блізкі да Пуціна, яго нават называлі патэнцыйным пераемнікам, а таксама «адным з галоўных, хто спрыяў кансерватыўнаму павароту Пуціна». Заснавальнік шматлікіх фондаў, якія фінансуюць ініцыятывы, што прасоўваюць «рускі свет» за мяжой.

Канстанцін Малафееў — вядомы алігарх, які зарабіў свой капітал у «ліхія 90-я» і, па некаторых звестках, не самым сумленным шляхам. Таксама ён валодае каналам «Царград», які займаецца клерыкальнай імперскай прапагандай для рускамоўнай аўдыторыі. Ён заснаваў некалькі фондаў, якія таксама займаюцца фінансаваннем сумнеўных ініцыятываў.

У звязцы з Малафеевым працуе Аляксей Комаў. Інфармацыі пра яго няшмат, але вядома, што ён удзельнічае ў розных кансерватыўных ініцыятывах у Расіі, сярод якіх фонды Малафеева, а таксама актыўна займаецца перамовамі з ультраправымі партыямі ў Еўропе.

Усіх трох аб'ядноўвае тое, што яны з'яўляюцца ўдзельнікамі Патрыярхальнай камісіі па справах сям'і, абароне дзяцінства і мацярынства.

Што праўда, анексія Крыма і пачатак першага этапу расійска-ўкраінскай вайны ў 2014 годзе, відаць, парушылі планы Расіі ў гэтай сферы. Прынамсі, магчымасці адкрытага фінансавання праз санкцыі і рэпутацыйны ўдар значна зменшыліся, што і бачна на графіку.

Схема фінансавання алігархамі кансерватыўных і ультраправых ініцыятыў у ЕС. Крыніца: epfweb.org

Даследчыкі называюць яшчэ дзве крыніцы фінансавання ўльтраправых, звязаных з Расіяй: шэрыя грошы ад фондаў, якія фінансуюцца ўрадам РФ і гэтак званыя «пральні».

«Пральні»

Гэта фірмы, створаныя лабістаміі Расіі для адмыву грошаў. Да прыкладу, адна з такіх «пральняў» называецца NOVAE TERRAE. Гэта італьянскі палітычны фонд, які фінансуе розныя ўльтракансерватыўныя ініцыятывы. Гэты фонд разам з арганізацыяй L.G.V. S.R.L. атрымалі ад фіктыўных расійска-азербайджанскіх падрадчыкаў 2,4 мільёна еўра ў перыяд з 2012 па 2015 год. У тым ліку за лабіраванне інтарэсаў Расіі, а таксама абяленне ўладаў Азербайджана. Пасля кіраўнік фондаў Лука Валонтэ быў асуджаны на чатыры гады турмы за атрыманне гэтых хабараў.

Таксама паведамляецца, што Малафееў дапамог атрымаць 11 мільёнаў еўра на кампанію крайне правага «Нацыянальнага фронту» для ўдзелу ў выбарах у Еўрапарламент. Пасля гэтага «Нацыянальны фронт» узмацніў сваю падтрымку Расіі і прасоўванне прарасійскай палітычнай павесткі ў Францыі і ўсім ЕС.

А Якунін у сваю чаргу яшчэ ў 2011 годзе таемна прафінансаваў Цэнтрысцкую партыю Эстоніі і лабіраваў прарасійскія ініцыятывы па ўсёй Еўропе і нават у ЗША.

Пасля, ужо ў 2018-2019 гадах, Расія прафінансавала італьянскую правапапулісцкую партыю Lega на тры мільёны еўра. Прычым наўпрост праз Газпрам, які даў зніжку на газ кампаніі, звязанай з кіраўніцтвам партыі. Лішак грошаў выкарысталі як хабар для фінансавання палітычнай кампаніі партыі.

Агульнае фінансаванне праз «пральні», якое здолелі даказаць журналісты-расследвалькі, перавышае 16 мільёнаў еўра. Але яны лічаць, што гэта толькі вяршыня айсберга.

Мапа фінансавання, якое ідзе з Расіі. Крыніца: epfweb.org

Фонды, якія фінансуюцца ўрадам РФ

Таксама, па звестках даследчыкаў, шэрым фінансаваннем еўрапейскіх палітыкаў займаюцца фонды, заснаваныя чыноўнікамі з Крамля. Называюцца тры такія фонды:

  • «Рассупрацоўніцтва»,
  • фонд «Рускі мір»,
  • Фонд Гарчакова.

Па інфармацыі ад Фонда Маршала, яны далі не менш за 1,5 мільёна еўра больш як 40 прарасійскім недзяржаўным арганізацыям у краінах Балтыі. Таксама яны займаюцца лабіраваннем розных ультракансерватараў у самім ЕС.

Якія вынікі даследавання?

Афіцыйна даказана, што людзі, звязаныя з урадам РФ, уклалі ў еўрапейскіх ультраправых больш за 200 мільёнаў еўра толькі за пяць год. Фонд Маршала выявіў 115 выпадкаў нелегальнага фінансавання палітычных рухаў у Еўропе, да большасці з якіх датычныя расіяне.

Таксама ўльтраправыя рухі, якія скептычна ставяцца да Еўрапейскага саюза, мусяць, па задумах расіян, парушаць адзінства ўнутры ЕС і аслабляць яго.

Даследчыкі адзначаюць, што такое фінансаванне вельмі выгаднае Расіі, бо дазваляе атрымаць пул падкантрольных палітычных рухаў унутры ЕС, які займае прарасійскую пазіцыю па шматлікіх пытаннях.

Клас
3
Панылы сорам
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
Абуральна
16

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру