Аб прававой дзяржаве

Мы былі ў ілюзіі, што мы жывем у прававой дзяржаве. Але ў адзін дзень усё адмянілі, зачысцілі паляну дашчэнту, нават нязломныя і непахісныя «Эхо Москвы» і «Новую газету» (якая здавалася абсалютна недатыкальнай) можна было за адзін дзень закрыць. Высеклі ў момант, таму што не было закона ‒ заўсёды была ілюзія.

І дэмакратыі не было вельмі даўно. Са стрэламі па Белым доме скончылася ўсякая дэмакратыя. Гэта значыць, яна была ў нас малюсенькія паўтары гады, калі ўсё дыхала навізной і надзеяй на тое, што ўсё зменіцца.

А далей зашморгнулі заслону, закрылі штору і паказвалі нам гэтую гульню ценяў, што ёсць права, ёсць закон, ёсць судовыя інстанцыі і ўсё такое. Але мы ведаем, што ўсё гэта шырма, усё гэта — вялікі падман.

Гэта бяспраўе явіла сябе. Так, мы такія, — абвясціла нам улада наўпрост. Вы, вы, вы і вы не патрэбныя, і ўсіх іншаагентамі запісалі, здраднікамі айчыны.

Пра няведанне свайго гледача

Я раптам убачыў цяпер таго самага гледача, які кажа: «Уладзімір Уладзіміравіч усё правільна робіць». Вось гэтыя самыя людзі — гэта не мае суразмоўцы, я не магу з імі размаўляць.

Я жыў ілюзіяй. Рабіў фільм «Алена» — думаў, што звяртаюся да сабрата. Рабіў фільм «Левіяфан», быў абсалютна перакананы, што гэты маленькі чалавек зразумее мяне, скажа: дакладна, гэта я, гэта пра мяне, вось яно бяспраўе, вось як абыходзяцца з простым чалавекам. А гэты маленькі чалавек, як у тым анекдоце, сказаў: «Я тут жыву».

Велізарная колькасць нашых суайчыннікаў проста не даюць сабе рады паглядзець у іншы бок. Ну не можа так быць, каб два месяцы знішчалі ўшчэнт гарады, і ўсё — не мы, не мы.

Гэтыя супляменнікі, суайчыннікі твае, яны зусім іншы сігнал успрымаюць. Яны глядзяць толькі тэлевізар.

Я зараз спазнаю свайго гледача праз каментары вакол вайны, нежаданне бачыць відавочнае.

Пра калег

Я бачыў інтэрв'ю, у Расіі ўзятае ў аднаго артыста, і ўсе 40 хвілін дыялогу ён усяляк сыходзіў ад простага адказу на пытанне, спасылаўся на тое, што «мы не ведаем, я ў геапалітыцы нічога не разумею».

Навошта трэба разумець нешта ў геапалітыцы, калі Марыупаль проста разбомблены дашчэнту? Ты малады чалавек, які можа зазірнуць праз VPN або без яго на старонкі «Медузы», зайсці ў ютуб і разгледзець усю карціну.

Зруйнаваны Ірпень, від зверху. Фота: AP

Зруйнаваны Ірпень, від зверху. Фота: AP

І ты — актор, якому дадзены дар спазнаваць, дзе праўда, дзе не, гэта значыць распазнаваць вось гэтае «веру» Станіслаўскага. Ты проста паверыш кожнаму кадру ‒ у гэтых кватэрах шматпавярховікаў не жывуць «нацыкі», украфашысты.

Зараз прыйшоў такі час, калі ты не можаш спаслацца на тое, што ты — проста дырыжор аркестра. Не атрымаецца. Цяпер ужо ўсё. У той дзень, калі гэта ўсё адмянілі… кожны голас, што супраціўляецца гэтай хлусні: «Эхо Москвы», «Дождь», «Новую газету»… Калі ўсё гэта было адменена, вось з гэтага моманту ты не можаш не ведаць.

Пра грамадзянскую вайну

Самае важнае — гэта вайна, якая пераходзіць у нашы асабістыя адносіны з блізкімі. Калі ўнутры па сутнасці ідзе грамадзянская вайна. І я прыйшоў да такой думкі, што слушна ўпусціць у сябе ўсю гэтую вайну, увесь гэты жах, усю Бучу, увесь Гастомель, і, упусціўшы, не выпускаць на іншага. Хай ён кажа. Аднойчы ён зразумее, што не тое казаў. Таму што інакш мы як праваднікі працягваем гэтую вайну, мы яе доўжым. Доўжым ужо дома ў сябе, з сябрамі, калегамі. Мне здаецца, трэба спыніць яе на сабе.

Брат з сястрой у лякарні Львова. Яна Сцепаненка пацярпела ў час ракетнага ўдару па вакзале ў Краматорску. Фота: AP

Брат з сястрой у лякарні Львова. Яна Сцепаненка пацярпела ў час ракетнага ўдару па вакзале ў Краматорску. Фота: AP

Пра слабасць Пуціна

Не магу зразумець, чаму нашаму прэзідэнту не прыходзіць у галаву такая простая думка, што можна спыніцца, сказаць «стоп» і адыграць назад або зрабіць нейкі жэст добрай волі.

Я памятаю, калі ўкраінскі рэжысёр Алег Сянцоў абвясціў галадоўку, і было відаць, што ён пойдзе да канца, і зусім было незразумела, чаму не спыніць гэта? Чаму не пайсці на гэтыя ўмовы?

Мне здавалася, што такі жэст наогул не зʼяўляецца праявай слабасці, а наадварот — сілы. Сіла — гэта быць міласэрным, а не сіла — ісці да пераможнага канца.

Так і тут, я не ведаю, чаму б не спыніцца, чаму б цяпер, сёння не спыніцца.

Я не разумею, навошта ўсё гэта. Выпалілі ўсё жывое. Што далей рабіць з гэтай выпаленай зямлёй?

Цяпер, вядома, усё. Гэта на дзесяцігоддзі як мінімум. Раны загояцца, зменіцца светаразуменне ва ўсіх бакоў. Таму што немагчыма жыць у такой варожасці, такой лютай нянавісці. Нянавісць — гэта не паліва для стварэння і для жыцця.

Пра іншую Радзіму

Маёй Радзіме здрадзілі тыя, хто здзейсніў цяпер гэта практычна незваротнае і жудаснае дзеянне, гэта значыць абвясцілі вайну нашаму добраму суседу. Для мяне яны здраднікі Радзімы. Таму што я такой Радзімы не ведаю.

У мяне іншая Радзіма. Тая самая, дзе кажуць: «Не вайне!», «Міру мір», «Ці хочуць рускія вайны?»

Куды гэта ўсё падзець? Як з гэтым быць? Як быць з пачуццём, што ты жывеш у краіне-агрэсары?

Пра праўду

Ёсць руская прыказка, я яе вельмі люблю: «Все минется, одна правда останется». Так ці інакш, рана ці позна гэта здарыцца. Як гэта здарылася на прыкладзе Бучы, на прыкладзе Катыні.

Немцы першымі выявілі пахаванне дваццаці адной тысячы польскіх афіцэраў і салдат, расстраляных НКВД. Гэта значыць, калі немцы занялі Смаленск, яны выявілі гэтыя пахаванні. Мы, натуральна, сказалі, што гэта не мы. Бо мы прывыклі да гэтага труку.

Аднак у 1991—1992-м, у той блаславёны час, калі мы былі вольныя, тады змаглі прыняць і абвясціць, што так, пацярпелыя — польскія салдаты і афіцэры, былі расстраляныя НКВД.

Вось гэтак жа дакладна прыйдзе дзень, калі хтосьці, не мы, скажа: «Так, Буча — гэта мы. І ўсё, што мы там нарабілі, — гэта таксама мы».

Што рабіць людзям культуры ў час вайны

Нам трэба прыйсці ў сябе, сабраць сябе ў цэлае, агледзецца па баках, зразумець, што адбылося, убачыць руіны, калі пыл асядзе, і працягнуць сваю працу. Гэта — наша праца.

Зараз ратавальнікі разбіраюць руіны, лекары ратуюць параненых, а мы нічога іншага не можам рабіць, акрамя як працягваць гэтую размову з аўдыторыяй. Проста яна будзе скарэктаваная.

Руская частка, якая робіць свае спектаклі, фільмы, яна будзе абпаленая гэтай вайной. І тыя, хто мае сапраўдны голас, тыя, хто могуць супрацьстаяць напору гэтай хлусні, яны здолеюць эзопавай мовай ці неяк па-іншаму казаць пра тое, што здарылася. Гэта будзе абавязкова.

Іншае пытанне, што гэта неверагодна цяжка праз гэтую глейкую атмасферу прадрацца. Ужо 36 з 456 тэатраў у Расіі «зігавалі», прысягнулі літары Z.

Я не губляю надзеі, што ў Расіі ёсць галасы. Нельга яе спісваць і сказаць, што ў Расіі няма расійскай культуры. З гэтым я ніколі не пагаджуся.

Клас
41
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
8
Абуральна
0